Басейн фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы” ўжо ў другі раз стаў пляцоўкай правядзення штогадовага чэмпіянату па плаванні сярод работнікаў аддзелаў і падраздзяленняў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віцебшчыны. За званне мацнейшых на мінулым тыдні тут змагаліся каля 200 выратавальнікаў з 26 каманд.
“Ваша “Юнацтва-Ушачы” нам так спадабалася, што мы вярнуліся!” – з усмешкай адзначалі ўдзельнікі. Цікава, што прадстаўнікі суседніх раёнаў пасля мінулагодняга чэмпіянату наведваліся на ўшацкія водныя дарожкі і ў свой вольны час.
Першымі на старт выйшлі кіраўнікі падраздзяленняў і іх намеснікі. Вынік стамятроўкі вольным стылем абодвух уплываў на асабісты і агульны залік. Дастойна выглядалі тут ушачане: начальнік аддзела Сяргей Аваднёў пераадолеў дыстанцыю за 1.30 і стаў трэцім. Да слова, абсалютны пераможца гэтага заплыву апярэдзіў нашага прадстаўніка толькі на 5 секунд. А вось для намесніка начальніка аддзела па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Андрэя Уліновіча ўдзел у спаборніцтвах стаў дэбютным. “Раней даводзілася толькі падтрымліваць сваю каманду. Выкладваўся, як мог, каб не падвесці калектыў!” – прызнаўся А.Уліновіч, які фінішаваў 12-м. У агульным заліку кіраўніцтва аддзела заваявала трэцяе месца. “Шчыра кажучы, за начальніка Ушацкага райаддзела “хварэў” не менш, чым за свайго, бо мае карані – на Ушаччыне, часта бываю на Мосаршчыне. І вельмі рады, што ў гарпасёлку створаны такія ўмовы для заняткаў спортам”, – падзяліўся з намі прадстаўнік Наваполацкага аддзела Яўген Гладыш.
Андрэй Раманоўскі, Андрэй Бараніч, Віталь Карэйша, Дзмітрый Кучаронак і Алег Севярын, якія таксама адстойвалі гонар аддзела, – не навічкі на падобных спаборніцтвах. Трапіць на п’едэстал гэты раз ім не ўдалося, бо ў іх былі вельмі моцныя сапернікі. Многія выратавальнікі займаюцца плаваннем на прафесійным узроўні. Напрыклад, фаварытамі ў групе да 30 гадоў традыцыйна з’яўляюцца навапалачане і віцябчане. Сёлета 100 метраў яны праплылі ўсяго за 57-59 секунд!
“Гарачай” атрымалася і эстафета чатыры па 50 метраў вольным стылем, дзе перамаглі прадстаўнікі пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада ААТ “Нафтан”, якія ўзялі “золата” і ў камандным заліку. Сярод раённых аддзелаў перамога дасталася Віцебскаму РАНС. Гаспадары ў выніку аказаліся ў сярэдзіне пратакола.
Лепшыя плыўцы атрымалі ўзнагароды ад абласнога ўпраўлення МНС і права адстойваць гонар вобласці на рэспубліканскіх спаборніцтвах.
Вольга КАМАРКОВА.