Старейшина Подъязно Александр Булынка

Общество

Здаецца нядаўна мінчанін Аляксандр Леанідавіч Булынка яшчэ “тыкаў пальцам у карту”, абіраючы для сябе райскі куток, аб’язджаў населеныя пункты Лепельскага, Ушацкага, Полацкага раёнаў. А сёння – старэйшына Пад’язна, з якога ўжо 12 год не з’язджае нават завейнымі зімамі. Яго пастаянны адрас – Ленінская, 15. Праўда, на бервяне дома назва вуліцы перайначана ў Леннанскую. Такім чынам нават не трапіўшы ў дом, адчуваеш неабыякавасць уладальніка да легендарных Бітлоў.

“Не, навязаць нам амерыканскі ўклад не атрымаецца”, – жартам абураюцца суседзі-дачнікі, якіх тут большасць. Адзін пра аднаго, хоць многія і немясцовыя, ведаюць усё, як і водзіцца ў вёсцы. І пра амерыканскія “карані” старэйшыны – таксама. Невыпадкова нават капялюш шэрыфа падарылі ў памяць аб выбранні. А Аляксандр Леанідавіч сапраўды не адзін год працаваў у ЗША, жыў у Нью-Ёрку, а ў трагічны дзень 11 верасня 2011 года нават збіраўся ў музей, што размяшчаўся ў адным са знішчаных тэрарыстамі небаскробаў-блізнят. Квіток захоўвае і сёння, як і абпаленыя лісты дзелавых папер, якія яшчэ працяглы час апускаліся з неба далёка ад папялішча.

Набытая некалі вясковая хата не змяніла планіроўкі, аднак ператварылася ў музей. Усе сцены і нават столь абстаўлены рукапіснымі архівамі пра музычныя гурты. Выхадам новых шлягераў Аляксандр Леанідавіч цікавіўся яшчэ ў маладосці, калі не было ні часопісаў, ні альбомаў. Сёння ж у яго сабраны дыскі мноства музычных груп, рэдкія плакаты, фотаздымкі. Сапраўдная калекцыя меламана. Таксама як і ў суседнім пакоі – этнаграфічны музей: гліняныя куфэркі, знойдзеныя ў зямлі рэдкія па форме шкляныя бутэлечкі… Процьма цікавых рэчаў, што расказваюць пра быт як былых жыхароў Пад’язна, так і сённяшняга гаспадара. Напрыклад, шабля. Аляксандр Леанідавіч – майстар спорту па фехтаванні. І хоць сур’ёзныя перамогі – у былым, ён і зараз пастаянна займаецца фізкультурай, для чаго ў пакоі ўсталяваў спецыяльныя трэнажоры, а на вуліцы – турнікі. Ён не проста рабацяга, а з густам, фантазіяй, гумарам. І вялікі эксперыментатар. Для ацяплення дома паставіў кацёл з аб’ёмнай вадзяной батарэяй – пакой вельмі хутка награваецца. Каб запускаць у хату праз фортку ката, спрацоўвае званочак, дастаткова таму лапай дакрануцца да шкла. Дарэчы, для свайго і ўсіх прыблудных набывае лішніх 4 літры кефіру. Такі вось цікавы чалавек пасяліўся ў Пад’язне.

За мяжой Аляксандр Леанідавіч капейку зарабляў на будоўлі і падкрэсліў, што праца была катаржнай. Мабыць таму цяпер яму не страшна ніякая, а склаўшы рукі, дарэчы, не сядзіць ні хвіліны. Яго сядзіба – бясконцая будоўля. Вялізная саджалка з фантанам, а таксама прыладай для падымання сачка. Свая жывая рыбка. Старыя пабудовы перарабляе ў склеп-сховішча. Абкошвае тэрыторыю не толькі ля сябе, але і па наваколлі. “Не паспяваю, – скардзіцца старэйшына вёскі, звярнуўшы маю ўвагу на выкашаныя чатыры літары на “газоне” ля возера. – Зблізку дрэнна бачна, а вось на карце, зробленай з космасу, выразна чытаецца “ЯЗНА” – назва нашага возера”.

І сваім, і грамадскім займаецца з настроем. Разабраў цэглу былой школы, трывалая, яна зараз служыць выдатным падмуркам для кантэйнера. Ёй таксама выкладзена дарога да пірсу. Ён насупраць яго дома, але не побач і лічыцца вясковым. Тут і вяселле спраўляць можна, і карпаратывы – настолькі прасторны. А від!!! Нездарма Пад’язна з’яўляецца адной з нямногіх вёсак Кубліцкага сельсавета, дзе ўчасткі прадаюцца праз аўкцыён, ды і вольных тут ужо няма. Да таго ж пірс мае некалькі ўзроўняў, каб зручней спусціцца да вады, у цёмны час асвятляецца спецыяльна ўстаноўленым ліхтаром. Райскае месца. А каб яго зрабіць, спатрэбілася сіла і фізічная, і волі. “Кувалдай уганяў у дно жалезныя апоры да той пары, пакуль пасля ўдараў вышыня не мянялася ні на міліметр, – расказвае майстар. – Тут бяспечна, і карыстацца можа, хто хоча: парыбачыць, пакупацца, спецыяльна лесвіцу прыварыў для павольнага спуску ў ваду”.

Многім Аляксандр Леанідавіч дапамог пабудаваць падобныя непасрэдна на іх участках. Ён падстаўляе плячо ўсім, хто мае ў гэтым патрэбу. На грамадскіх пачатках і ўсе даручэнні старэйшыны. На гэтай пасадзе ён змяніў Клаўдзію Фядосаўну Лабёнак, і як не адзін год яна, з’яўляецца апорай старшыні сельвыканкама ў сувязі з дачнікамі, зборы сродкаў самаабкладання, падтрыманні (пераважна сваімі рукамі) парадку. Нават жартоўны білборд прыдумаў, у якім у іх вёсцы забараняецца браканьерыць, смеціць і нават слухаць “папсу”… А дазваляецца гасціць, атрымліваць асалоду ад чыстага паветра, зорнага неба, якіх ні за якія грошы не купіш на Брайтане.

Вольга КАРАЛЕНКА.



1 комментарий по теме “Старейшина Подъязно Александр Булынка

  1. Уважаемый Александр Леонидович,
    У Вас в Подъязно проживает семья Лабёнков. Если у них в семье есть сын Сергей Васильевич Лабёнок, 1966 года рождения, то прошу Вас передать нму мой эл.адрес: spulatov@mail.ru. Я служил с Сергеем Васильевичем Лабёнком в ГДР и очень долго ищу своего однополчанина.

    С увадением к Вам,
    Шухрат Пулатов

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *