Сёння ўсё большую папулярнасць набывае адпачынак на прыродзе, прычым, на прыродзе нашай, беларускай. Тут ёсць свае плюсы: танна і карысна для здароўя. Нягледзячы на шырокі пералік месцаў адпачынку – бліжняе замежжа, Турцыя, Грэцыя і іншае, якія прапаноўваюць розныя турыстычныя агенцтвы, амаль усе мы аддаём перавагу адпачынку на айчынных турыстычных базах ці нават проста на берагах маляўнічых азёр. А гэтага ў нас на Ушаччыне хапае.
Узяць, да прыкладу, Вяркудскае возера. Калі туды прыехаць летам у выхадны дзень, то ёсць усе шансы застаць там поўны “аншлаг”, магчыма, некуды будзе нават аўтамабіль прыпаркаваць. А ўсё проста. Плаціць не трэба, хіба толькі на паліва, а месца, дзе раскінулася гэта возера, цудоўнае, даўно прыцягвае турыстаў і проста аматараў адпачынку на прыродзе сваёй прыгажосцю і чысцінёй. Напрыклад, маладая сям’я з Мінска, з якой на днях пазнаёмілася, – Алена і Сяргей — прыязджаюць сюды ўжо трэці год запар. Як прызнаўся сам Сяргей, ніякія курорты не заменяць той асалоды, якую прыносіць адпачынак тут. Да таго ж, маладая сям’я чакае ў хуткім часе папаўнення, таму лепшага варыянту адпачынку і быць не магло.
– Потым будзем і з дзіцём прыязджаць, – запэўніў галава сямейства.
А калі прайсці далей, у глыб лесу, то можна ўбачыць сапраўдных турыстаў, якія прыязджаюць не на дзень-два, а нават на некалькі тыдняў. Тут, як кажуць, “усё ў наяўнасці”: і палатка, і вогнішча, і посуд для прыгатавання стравы, увогуле, тое, без чаго не абыходзіцца ніводзін турыст.
Адпачываць прыязджаюць не толькі здалёк. Тут можна пабачыць і віцяблян, і палачан, і ўшачан.
Вялікай папулярнасцю карыстаецца Вяркудскае возера, безумоўна, і сярод мясцовых жыхароў. Яны, праўда, прызнаюцца, што, часам, замінае вялікая колькасць прыезджых. Але, разам з тым, і прыемна, што возера папулярнае сярод адпачываючых.
Кожны сам робіць выбар, дзе праводзіць летнія дні. Але, думаецца, хто абраў для гэтага родную прыроду, не шкадуе.
К.ГАЙКО,студэнтка Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.М.Машэрава.