Новоселье, которого так ждали! В Ушачах открыли новую пожарную часть

Cлужба-101

Яшчэ нядаўна ўшацкія выратавальнікі толькі марылі пра новую пажарную часць, а гледзячы на макет будучага будынка, не маглі паверыць, што ён стане рэальным. І вось апошні дзень лета 2018-га стаў сапраўды знакавым і ўвайшоў у гісторыю выратавальнай службы раёна: здадзена ў эксплуатацыю і ўрачыста адкрыта пасля маштабнай рэканструкцыі пажарная аварыйна-выратавальная часць №1. Яна стала падарункам выратавальнікам да двух юбілеяў: 165-годдзя пажарнай службы Беларусі і 20-годдзя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, а таксама несумненна ўпрыгожыла наш гарпасёлак.

Раздзяліць разам з калектывам раённага аддзела радасную падзею прыйшло шмат прадстаўнікоў працоўных і грамадскіх арганізацый – як і мае быць да наваселля не з пустымі рукамі. У мерапрыемстве прыняло ўдзел і нямала ганаровых гасцей, сярод якіх памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Субоцін, міністр па надзвычайных сітуацыях Беларусі Уладзімір Вашчанка, старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў і абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Васіль Чэкан, начальнік аблупраўлення МНС Аляксандр Клобук, кіраўніцтва Ушацкага раёна.

– Будынак вырас літаральна на вачах, а на ўзгорку каля школы ён выглядае проста выдатна! – абмяркоўвалі новы аб’ект жыхары гарпасёлка, якія прыйшлі на ўрачыстае мерапрыемства.

Што і казаць, неабходнасць у новым пажарным дэпо наспела даўно: стары будынак не адпавядаў патрабаванням, якія цяпер прад’яўляюцца да пажарна-выратавальных падраздзяленняў, а гаражы не маглі ўмясціць сучасную тэхніку, у тым ліку пажарныя 10-тонныя цыстэрны. Сціплымі былі ўмовы дзяжурнага каравула, а кіраўніцтва аддзела, інспекцыя нагляду і прафілактыкі “туліліся” ў трох невялікіх кабінетах.

Будоўлі папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа па ўзгадненні, афармленні дакументаў і арганізацыі іншых момантаў. Было вырашана пабудаваць новую часць на месцы старой. Дэмантаж зрабілі ў канцы мінулага года, а ў хуткім часе ўжо з’явілася тэхніка. Тэндар выйграла віцебская арганізацыя “КомГруппВлад”, якая мела ў гэтым накірунку багаты вопыт – праводзіла работы па рэканструкцыі і будаўніцтве пажарных часцей у Гарадку, Оршы, Талачыне і Верхнядзвінску. Фінансавалася будоўля з інвестыцыйнага фонду Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, абласнога бюджэту і аблупраўлення МНС і была праведзена ў даволі сціслыя тэрміны – крыху больш за паўгода!

Цікава, што дакладнай копіі ўшацкай часці ў Беларусі няма. У цэлым праект нашы выратавальнікі рабілі пад сябе і прадумвалі кожны квадратны метр. Зрэшты, двухпавярховае памяшканне па плошчы ў тры разы больш старога, але, як кажуць, нічога лішняга. На першым паверсе размясціліся дыспетчарская, вучэбны клас, пакоі для адпачынку і прыёму ежы, душавыя і санвузлы, майстэрня, падсобныя памяшканні, у тым ліку і для сушкі пажарных рукавоў. На другім атрымалі прапіску кабінеты адміністрацыі і залы пасяджэнняў, ёсць тут і памяшканне, у якім плануецца абсталяваць спецыяльны клас, дзе будуць пастаянна праводзіцца заняткі з дзецьмі па абучэнні іх правілам бяспечных паводзін. Прымыкае да будынка вялікі гараж, разлічаны на 4 пажарныя аўтамабілі. Прыкметна пераўтварылася і тэрыторыя, апрануўшыся ў новы асфальт, з’явілася агароджа і адмысловая зона адпачынку з альтанкай і лавачкамі.

– Падзея ўрачыстая не толькі для Ушач, а і для ўсяго Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Не адзін год ішла размова пра абнаўленне часці, аднак планы не ўдавалася пераўтварыць у жыццё. Зараз тут створаны ўсе неабходныя ўмовы для нясення службы і выканання нашай галоўнай задачы – выратавання людзей. Звяртаючыся ж да калег, хацелася б сказаць, каб вы цанілі клопат і падтрымку дзяржавы, бераглі тое, што атрымалі. Я вельмі ўдзячны Віцебскаму аблвыканкаму і абласному Савету дэпутатаў за садзейнічанне ў будаўніцтве, – адзначыў у сваім выступленні У.Вашчанка, падмацаваўшы словы ўдзячнасці ўзнагародамі: нагрудны знак Міністэрства па надзвычайных сітуацыях “За ўзаемадзеянне” атрымалі Мікалай Мікалаевіч Шарснёў і Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў.

Сваю задаволенасць выказаў і кіраўнік вобласці: “Сапраўды, цудоўны падарунак гарпасёлку і выратавальнікам! Так склалася, што ў папярэднія гады Ушаччыне ўдзялялася не так многа ўвагі, але гэтую несправядлівасць трэба выправіць. Гарпасёлак павінен стаць прывабным як моцнай эканомікай, так і камфортным жыццём. Абяцаю, што гэта не апошні новы аб’ект, будзем будаваць далей, каб населены пункт станавіўся яшчэ прыгажэйшым!”

Хвалюючым і запамінальным гэты дзень стаў для ўсяго асабовага саставу райаадзела па надзвычайных сітуацыях. Напярэдадні адкрыцця яны шмат папрацавалі на добраўпарадкаванні тэрыторыі і навядзенні парадку. “Сказаць, што мы вельмі рады – нічога не сказаць, бо трэць жыцця мы праводзім на службе. У старым будынку былі, лічы, спартанскія ўмовы. Мы заўсёды па-добраму зайздросцілі калегам з іншых раёнаў, у якіх мадэрнізаваны пажарныя часці. У нас жа не было нават цэнтральнага ацяплення, а вярнуўшыся зімой з пажару, складана было высушыць пажарныя рукавы”, – падзяліліся эмоцыямі начальнікі каравулаў Мікалай Шустроў і Максім Дукмасаў. Зрэшты, для абодвух гэты дзень стаў удвая запамінальным – з рук кіраўніка ведамства яны атрымалі Граматы Міністэрства за ўзорнае выкананне сваіх службовых абавязкаў. Нагрудным знакам “Выдатнік” былі ўзнагароджаны Аляксандр Бугай, Аляксандр Васілеўскі і Мікалай Басуеў.

Да наваселля Уладзімір Вашчанка зрабіў ушацкім выратавальнікам шыкоўны падарунак, уручыўшы ключы ад новай пажарнай аўтацыстэрны АЦ 10-40 на базе шасі МАЗ, якая ўмяшчае 10 тон вады, а таксама спецаўтамабіля “Джылі Атлас”.

Старшыня райвыканкама У.Аўдошка падзякаваў за ўзведзены ў нашым раёне аб’ект, адзначыўшы, што нельга пераацаніць значнасць пажарнай службы. Таксама ён уручыў Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў за высокія паказчыкі ў працоўнай дзейнасці і актыўны ўдзел у мадэрнізацыі пажарнай часці начальніку раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргею Аваднёву, а таксама Лісты падзякі прадстаўнікам будаўнічай арганізацыі. Пажадаўшы як мага радзей праяўляць свой прафесіяналізм і рызыкаваць жыццём дзеля выратавання чужога, камерцыйны дырэктар кампаніі “КомГруппВлад” Антон Сянькоўскі перадаў сімвалічны ключ ад новай часці С.Аваднёву. Права ж перарэзаць чырвоную стужку было дадзена ганаровым гасцям – А.Субоціну, У.Вашчанку, М.Шарснёву і У.Цярэнцьеву. Пасля чаго ўсе прысутныя адправіліся на экскурсію па часці. Якой яна была дагэтуль, можна было ўбачыць на спецыяльнай фотавыставе, падрыхтаванай выратавальнікамі.

– Два дзясяткі гадоў маёй службы прайшлі ў старым будынку, і калі яго зносілі, было неяк шкада, але зараз гляджу на новы і разумею, што маладому пакаленню ў такіх умовах працаваць – адно задавальненне! – адзначае старшыня ветэранскай “пярвічкі” аддзела Ігар Елісееў.

Павіншаваў з радаснай падзеяй пажарных і благачынны Ушацкага раёна протаіерэй Вячаслаў, блаславіў і акрапіў святой вадой будынак і тэхніку, а таксама ўручыў выратавальнікам ікону з выявай Ісуса Хрыста.

Сваё бачанне прафесіі і віншаванні агучылі малодшыя школьнікі Ушацкай школы, упрыгожыў свята і калектыў барабаншчыц. Для самых маленькіх удзельнікаў мерапрыемства побач з новым аб’ектам працавала інтэрактыўная пляцоўка “Чароўная кніга МНС”. Конкурсы, гульні, віктарыны і падарункі – нялішне ў чарговы раз нагадаць дзецям пра бяспечныя паводзіны.

Нават той, хто не трапіў на ўрачыстае адкрыццё, заўважыў, што на даху новага будынка ўстаноўлены флюгер з сімвалічнай выявай пажарнага, які глядзіць удалечыню, назіраючы, ці не гарыць што-небудзь у наваколлі. Прынамсі, у гэты дзень галоўным пажаданнем было, каб радзей паступалі трывожныя сігналы, а рукавы даўжэй заставаліся сухімі!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *