“Выкажыце, калі ласка, ад жыхароў нашага дома па Ленінскай, 19 падзяку камунгасаўцам! Нават не спадзяваліся, што гарачая вада зноў з’явіцца ў кватэрах настолькі хутчэй, чым было запланавана. Уяўляю, як для гэтага ім прыйшлося папрацаваць!” – казала, завітаўшы ў панядзелак у рэдакцыю, Вольга Хамянок. Зрэшты, падобныя просьбы давялося пачуць ад многіх ушачан і, вядома ж, мы накіраваліся да цэнтральнай кацельні, каб асабіста перадаць работнікам словы падзякі і даведацца, якім чынам ім удалася правесці замену ўчастка цеплатрасы за рэкордна кароткі тэрмін.
“Сапраўды, аб’ём работ быў вялікі, а таму меркавалі, што на іх выкананне спатрэбіцца ніяк не менш месяца. Насамрэч жа ўшацкім карыстальнікам давялося абыходзіцца без гарачай вады ўсяго 18 дзён”, – расказвае майстар па рамонце і эксплуатацыі цепласетак УП ЖКГ Аляксандр Апёнак.
Апошні месяц стаў для брыгады цеплатэхнікаў гарачым часам ва ўсіх сэнсах. За гэты перыяд на ўчастку цеплатрасы ад цэнтральнай кацельні да дома №32 па вуліцы Фрунзе работнікі ўстанавілі новую ПІ-трубу дыяметрам 325 мм. Акрамя таго на ізапрафлекс – гнуткую папярэдне ізаляваную трубу – заменены старыя сеткі на ўчастках ад кацельні да вуліцы Капітана Хрыпача і да мікрараёна ПМК-66. Як мы ўжо расказвалі раней, будаўніцтва новых і рэканструкцыя старых цепласетак праводзіцца выключна з прымяненнем сучасных даўгавечных і эканамічных труб, вытворчасць якіх наладжана на айчынных прадпрыемствах: так, напрыклад, укладзеная на ўчастку ПІ-труба выраблена ў Віцебску, а ізапрафлекс – у Мінску.
“Вельмі дапамагло хутка справіцца тое, што ўсімі матэрыяламі для запланаваных работ мы былі забяспечаны загадзя, а калі ўзнікалі бягучыя пытанні – яны адразу вырашаліся намаганнямі галоўнага інжынера прадпрыемства Мікалая Уладзіміравіча Свірко і дырэктара Станіслава Браніслававіча Завадскага, – расказвае А.Апёнак. – Так, напрыклад, для ўкладкі ПІ-трубы быў патрэбны кран – гэтую тэхніку па першым запыце накіроўвала на наш аб’ект прыватнае прадпрыемства “НікСілБуд”. У выніку за час работ у нас не было ні гадзіны прастою”.
Але, канечне, галоўным фактарам паспяховага выканання задач сталі сумленныя адносіны да справы непасрэдных яе выканаўцаў, якія завіхаліся на аб’екце з васьмі раніцы да васьмі вечара, выходзілі на працу і па суботах. Так, напрыклад, зваршчык Вадзім Леаненка ў пары са сваім калегам Іванам Петуховым, які прыйшоў на прадпрыемства толькі паўгода таму, але паспеў сябе тут выдатна зарэкамендаваць, здзейснілі без перабольшвання працоўны подзвіг. Уявіце сабе, што на шво толькі аднаго стыку ПІ-трубы патрэбна паўтары гадзіны напружанай працы, а іх на ўчастку было больш за паўтары сотні. “Нашы зваршчыкі – сапраўдныя волаты! Нават нам у спякотныя дні было складана, а яны ж шчыравалі ў спецыяльнай экіпіроўцы і ніколі не скардзіліся на цяжкія ўмовы!”, – адзначаюць работнікі. У сваю чаргу Вадзім і Іван падкрэсліваюць, што працаваць з такой умелай брыгадай – адно задавальненне: “Нікому нічога не трэба тлумачыць і паказваць – яны па адным нашым позірку ўжо разумеюць, што трэба рабіць!” Дасягаецца прафесіяналізм вопытам і сумленнымі адносінамі да справы. Так, напрыклад, не адзін дзясятак год аддалі камунальнаму прадпрыемству Міхаіл Іванавіч Кісялёў і Ігар Сямёнавіч Бурак, стараецца адпавядаць падобным работнікам і моладзь.
“Прызнацца, падключыўшы ваду, мы і самі ўздыхнулі з палёгкай: не толькі з-за завяршэння напружанага этапу, а і таму, што на вуліцы ці ў магазіне суседзі ды знаёмыя нарэшце перастануць задаваць пытанні кшталту: “Ну, калі ўжо будзе вада? Ці паспееце да першага верасня? Трэба ж дзетак пасля лета як след адмыць!” – з гумарам адзначаюць цеплатэхнікі.
Новая траса апрабавана і пачала функцыянаваць. Зараз на ёй праводзяцца апошнія “касметычныя” работы: на месцы зваркі труб устанаўліваюцца адмысловыя муфты, у адтуліны якіх будзе заліта пена, што зробіць стыкі абсалютна герметычнымі. Сучасныя камунікацыі ўсталёўваюцца з такім разлікам, каб маглі яны бесперабойна працаваць нават не дзясяткі, а сотню год.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
Молодцы ребята справились оперативно, вот так должен работать каждый на своем месте. Спасибо
Отлично поработали, спасибо!
Рановато похвалила — горячей воды нет…