Праздник деревни в Двор Плино получился насыщенным и запоминающимся

Общество

Любіць і паважаць можна толькі тое, што добра ведаеш. Да малой радзімы гэта мабыць адносіцца больш, чым да іншых паняццяў. Бо яна – не толькі дзедава прызба-лаўка пад старой яблыняй і бабуліны дранікі з дымком вялікай печы. Сюды ўваходзіць і веданне гісторыі менавіта гэтага кавалка зямлі, паходжання яго назваў, легенд і паданняў, веданне смешных і трагічных выпадкаў з удзелам тваіх землякоў, лёсаў гэтых людзей. Толькі тады нараджаецца гонар – яшчэ адзін надзвычай важны складнік любові да роднай зямлі. А інфармацыі пра яе, калі гэта не горад з багатым мінулым, не знойдзеш у падручніку ці “Вікіпедыі”.

А вось гісторыя Двор Пліна і навакольных вёсак захаваецца, бо карпатліва збіралася не адным пакаленнем педагогаў мясцовай школы, а з закрыццём установы адукацыі багацейшы краязнаўчы матэрыял перадалі ва ўшацкі музей народнай славы, пакінуўшы некалькі работ для мясцовай бібліятэкі. Яны і сталі гістарычнай асновай свята вёскі, якое праводзілася на пачатку жніўня.

Праходзіла яно ў двары дзіцячага ясляў-сада – школы ў Двор Пліне няма, а вось установа для дзяцей самага малодшага ўзросту захавалася. Як паведаміў на пачатку мерапрыемства старшыня Ушацкага сельвыканкама Міхаіл Пятровіч Хоміч, які шчыра вітаў вяскоўцаў, іх населены пункт з’яўляецца даволі маладым, бо пераважную частку амаль з трохсот зарэгістраваных жыхароў складаюць людзі працаздольнага ўзросту, а 39 – яшчэ непаўналетнія. У другой па велічыні вёсцы Ушацкага сельсавета аж 11 вуліц. Большасць з іх з’явілася ўжо ў пасляваенны час, а вось свята вёскі праводзілася ў гістарычным цэнтры, дзе калісьці быў панскі маёнтак – гісторыю з часоў першага ўспаміну аб Двор Пліне ў летапісных крыніцах нагадала былы педагог, а зараз загадчыца бібліятэкі Ірына Генадзьеўна Марковіч.

Падзеі больш блізкіх дзесяцігоддзяў у асобах і справах шматлікіх землякоў апісвала ў сваёй эмацыянальнай прамове апошні дырэктар Плінскай школы Кацярына Фёдараўна Касцюковіч. Падалося, што гаварыць аб вёсцы і яе жыхарах яна можа бясконца. Выключна добрыя словы не толькі ад выступаючых, а і ад усіх удзельнікаў давялося пачуць пра старшыню саўгаса “Ушацкі” Васіля Фаміча Караленку, у час кіраўніцтва якога населены пункт інтэнсіўна развіваўся: будаваўся жывёлагадоўчы комплекс, жыллё. Потым гэту справу прадоўжыў Уладзімір Мікалаевіч Круглік. У Двор Пліна прыязджалі маладыя спецыялісты з іншых раёнаў, заставаліся тут нават гараджане. Сваёй, прынамсі, ужо лічыць зараз вёску заслужаны пенсіянер, а ў мінулым брыгадзір “Ушацкага” Мікалай Мікалаевіч Папоў:

– Я не мясцовы, прыехалі на радзіму жонкі, атрымалі тут жыллё. Працаваць у тыя часы было няпроста, але цікава – усё будавалася на вачах і мы непасрэдна прыкладалі да гэтага рукі. Адсюль у свет пайшло чацвёра маіх дзяцей. Канечне, Двор Пліна стала для мяне другой радзімай.

Было што прыгадаць і мясцовым, карэнным жыхарам. Уладзімір Ільіч Мялешка, напрыклад, адказваў за газіфікацыю сельскіх населеных пунктаў – раней дастаўкай балонаў вяскоўцам займаліся гаспадаркі: “760 газабалонных установак абслугоўваў у Двор Пліне, Пралетарыі, Ліпаўцы, меншых населеных пунктах – як толькі паспявалі тады…”

“Маладых” пенсіянераў, дарэчы, на свяце было шмат, а самым сталым узростам вызначалася Галіна Серафімаўна Мірановіч, былая настаўніца школы, якая выкладала біялогію яшчэ ў К.Ф.Касцюковіч – ёй арганізатары мерапрыемства ўручылі каравай. Хапала і дзяцей, у тым ліку і гараджан.

– Я вельмі люблю прыяз­джаць сюды, – казала маленькая навапалачанка Даша Дубко, гартаючы альбом “Гэта зямля – твая і мая”. – У бабулі Люды і дзядулі Алега заўсёды добра. Тут нарадзіўся мой тата, тут вельмі прыгожа. Вось і майму сябру таксама падабаецца ў Двор Пліне.

Маленькі жыхар Полацка Савелій Анціпін, маці якога не прадала бацькоўскі дом па-суседстве з Людмілай і Алегам Дубко, а пераўтварыла яго ў дачу, згодна ківае галавой колеру сонейка, пацвярджае, што ў вёсцы ён адчувае сябе камфортна, і ўсміхаецца. Адпаведны настрой быў ва ўсіх – работнікі культуры радавалі плінцаў яркімі вакальнымі нумарамі, ну а, напэўна, больш іншых старалася загадчык аўтаклуба Святлана Муша, бо выступала перад аднавяскоўцамі. І пасля заканчэння мерапрыемства яны шчыра дзякавалі як сваёй зямлячцы, так і рэжысёру Ірыне Клачок, усім артыстам. Між тым, без актыўнага ўдзелу саміх працавітых і таленавітых жыхароў Двор Пліна свята наўрад ці атрымалася б такім насычаным і пазнавальным.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *