Мини-ярмарка по продаже зерна прошла в Ушачах

Общество

Хто рана ўстае, таму Бог дае! Відаць, гэтай народнай мудрасцю кіраваліся работнікі ААТ “Дземенец”, машына якога ў суботу першай прывезла збожжа новага ўраджаю ў райцэнтр на адмысловы “зерневы” міні-кірмаш. Не прывыклі доўга спаць і пакупнікі гэтага тавару – што і нядзіўна, бо імі ў асноўным з’яўляюцца рупліўцы, якія трымаюць падсобную гаспадарку. У выніку дземянецкі ячмень па цане 15 рублёў за мяшок разышоўся ў імгненне вока.

Хутка падаспелі на кірмаш і ільюшынцы, якія прапанавалі не толькі фуражнае зерне, а і насенне. Так, напрыклад, яравую пшаніцу “Любава” другой рэпрадукцыі можна было набыць па кошце 2 рублі 40 капеек за вядро. Пашырыла асартымент кірмашу КУСГП “Арэхаўна”, якое прывезла трыцікале – праўда, попыт на яго аказаўся ва ўшачан не надта вялікі. А вось ля машыны “Маяка-Ушацкага”, якая прадавала чысценькі якасны ячмень па 12 рублёў за мяшок, адразу сабраўся натоўп – зерне “змялі” за некалькі хвілін. Прынамсі, столькі ж за гэту культуру прасілі і ільюшынцы – кірмаш тым і адметны, што цэны тут фарміруюцца стыхійна, у залежнасці ад попыту і жадання прадаўца рэалізаваць прадукцыю. Дарэчы, самым моцным яно было, па ўсім відаць, у “Агра-Селішча”: гаспадарка прапанавала свой ячмень усяго па 8 рублёў за мяшок. “Зерне крыху бруднаватае, але ж амаль дарма!” – канстатавалі пакупнікі, ахвотна разбіраючы яго. Калі ж збожжа скончылася, селішчанцы згадзіліся зрабіць дадатковы рэйс за хадавым таварам. Малады спецыяліст аддзела кадраў гаспадаркі Наталля Подраз ледзь паспявала запісваць прозвішчы, нумары тэлефонаў і збіраць пустыя мяшкі ад пакупнікоў: “Не хвалюйцеся, нікога не забудзем, гадзіны праз дзве падыходзьце!”

А тым часам ужо задаволіўшыя свой попыт ушачане вырашалі пытанне дастаўкі. Нехта грузіў зерне ў аўто, хтосьці – у тачку ці на веласіпед, а вось сям’я Марковічаў, якая набыла на кірмашы ільюшынскую яравую пшаніцу і селішчанскі ячмень, спрытна памясціла тавар у прычэп мотаблока. “Трымаем свіней і курэй, і вельмі задаволены, што так хутка і зручна забяспечылі гаспадарку кормам”, – адзначыла Зінаіда Кірылаўна Марковіч. “І мы знялі сваю праблему: цяпер зерня куркам хопіць на ўсю зіму!” – канстатаваў ушачанін Сяргей Мошкін.

“Як ужо паведамлялася, з просьбай наладзіць продаж збожжа, не чакаючы традыцыйных восеньскіх кірмашоў, у райвыканкам звярнуліся жыхары раёна, – патлумачыла галоўны спецыяліст райсельгасхарча Людміла Міхайлаўна Міхаль. – Лічу, што правядзенне такога вось міні-кірмашу цалкам сябе апраўдала: задаволенымі засталіся і прадаўцы, і пакупнікі. Таму, спадзяюся, будзем і надалей практыкаваць ва Ушачах такія мерапрыемствы”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *