Незалежна ад таго – лета на вуліцы, восень ці зіма, гэтыя жанчыны прывыклі прачынацца раней за многіх сваіх аднавяскоўцаў, што жывуць у Глыбачцы. Пад’ём у 5 ці нават 4 гадзіны даўно ўжо стаў звыклым для дземянецкіх даярак Алены Казачонак, Жанны Міцкевіч і Тамары Рыкцер. Раніцай і ўвечары яны спяшаюцца на поле, дзе іх чакаюць паўтары сотні буронак.
У канцы мінулага тыдня адзіны статак ААТ “Дземенец” знаходзіўся ў Астравенцы. Напярэдадні вячэрняй дойкі каровы спакойна адпачывалі, не звяртаючы ніякай увагі на маякі тэлевышкі і гул машын на дарозе. Калі ж да пашы пад’ехаў трактар і з’явіліся даяркі, буронкі пачалі падымацца і падцягвацца да даільнай устаноўкі. Сваіх гаспадынь яны, канечне ж, добра ведаюць, як і распарадак дня.
– У кароў, як і ў людзей, свой характар. У адных – лідарскія якасці, яны спяшаюцца падаіцца першымі, другія – няспешныя, іх трэба падштурхоўваць “да дзеяння”. А яшчэ каровы адчуваюць ласку і рэагуюць на настрой, – расказвае пра сваіх падапечных аператар машыннага даення з 21-гадовым стажам Тамара Аляксандраўна Рыкцер. – Шчыра кажучы, не ўяўляю сябе ў іншай прафесіі. Даяркай працавала мая маці, тады ў нашай гаспадарцы было некалькі статкаў, і я часта бегала ёй дапамагаць на поле ці на ферму, а зараз са мной вось мая ўнучка Крысціна – пераемнасць пакаленняў! Магчыма, не пойдзе яна па маіх слядах, але ўжо ведае і разумее, што дабіцца чаго-небудзь можна толькі стараннай працай!
– Тамара Аляксандраўна – сапраўдны прафесіянал, а мы на яе раўняемся, – далучаецца да размовы Алена Казачонак, рыхтуючы даільныя апараты і прысмакі для кароў. – Да сваёй нялёгкай работы мы прывыклі. Хоць не кожны вытрымлівае такі рытм жыцця. Таму і складана знайсці добрых даярак. Проста стараемся выконваць свае абавязкі як след і нічога звышнатуральнага.
У цяперашні час статак знаходзіцца на кругласутачным пашавым утрыманні і двухразовым даенні. Працуюць даяркі ўдваіх, затрачваючы на кожную дойку па тры гадзіны. Зрэшты, не толькі гэтыя абавязкі бяруць на сябе. Якраз напярэдадні нашай сустрэчы ўдзельнічалі ў перагоне статку з Лазоўкі на новую пашу каля Астравенца. Як прызналіся Т.Рыкцер і А.Казачонак, нягледзячы на аддаленасць ад дома і капрызы надвор’я ў выглядзе дажджу ці спёкі, працаваць яны любяць больш у “палявых умовах”. Кожнай буронцы даюць мянушку, і цікава, што яны не паўтараюцца. “Усіх іх добра ведаем і не блытаем, столькі часу праводзім з жывёлай!” – зазначаюць даяркі.
Ад сумленных адносін да справы залежыць надой, а адпаведна і заработная плата. Зараз ад кожнай каровы тут штодня атрымліваюць 8-9 літраў малака. Паказчык гэты на парадак ніжэй мінулагодняга, знізілася і валавая вытворчасць. І калі на гэта могуць уплываць тыя ці іншыя фактары, то пытанне якасці прадукцыі тут не выпускаюць з-пад увагі. У гэтым плане “Дземенец” у апошні час трымае ўпэўненае лідарства ў раёне. Практычна ўсё малако здаецца “экстрай”. У сельгаспрадпрыемстве разумеюць, што нізкія гатункі малака – гэта прамыя фінансавыя страты. Тым больш што дабіцца выдатнай якасці нескладана ў параўнанні з тысячным пагалоўем іншых гаспадарак. Зрэшты, прыклад работы ў плане захавання якасці прадукцыі падаюць тыя ж жывёлаводы: старанна мыюць ёмістасць для малака, працэджваюць яго, рупліва праціраюць вымя кожнай каровы.
Пры ўсім гэтым ёсць упэўненасць, што гаспадарка мае патэнцыял у жывёлагадоўлі, не знізіць планку па якасці і “падцягне” валавую вытворчасць.
Вольга КАМАРКОВА.
на здымку: Крысціна і Тамара Рыкцер, Алена Казачонак.