Наш земляк Василий Иванович Шалак презентовал в Ушачах свою новую книгу «Роздумья»

Общество

Аб тым, што Ушаччына ў літаратурным плане з’яўляецца краем унікальным, ведаюць многія. На жаль, перасталі біцца сэрцы такіх волатаў слова, як П.Броўка, Р.Барадулін, В.Быкаў, Е.Лось. Але ёсць яшчэ на гэтым свеце творцы, якіх узгадавала наша шчодрая на таленты зямля і якія пішуць пра сваю малую радзіму – з любоўю і пяшчотай, з удзячнасцю за мінулае і перажываннямі за яе будучае, знаходзячыся нават за сотні кіламетраў ад родных мясцін.

Не так даўно ў цэнтральнай раённай бібліятэцы выпусцілі новы зборнік нашай паэтэсы Тамары Барадзёнак, а літаральна праз нядзелю ў яе сценах прайшла прэзентацыя новага выдання земляка ўшацкай паэтэсы Васіля Іванавіча Шалака. “Роздумья” – ужо трэцяя кніга, якую ўраджэнец Матырына, а зараз жыхар Санкт-Пецярбурга, напісаў за апошнія два гады.

– У 2016-ым я прэзентаваў кнігу “О тех, кто дороги мне”, – расказваў падчас мерапрыемства аўтар. – Было гэта на малой радзіме, у Матырынскім СДК. Тады землякі мяне запыталі: “Чаму пішаш толькі на рускай мове?” Я чалавек ваенны (Васіль Іванавіч мае вялікі стаж ваеннай службы і з’яўляецца палкоўнікам запасу) і дысцыплінаваны. На беларускай, значыць на беларускай – у хуткім часе з’явіліся “Роздумы на вясковай лаўцы”. А сабраных матэрыялаў хапіла на выданне і яшчэ адной паўнацэннай кнігі.

Давялося прысутнічаць на прэзентацыі ўсіх трох выданняў В.І.Шалака. І хочацца адзначыць, што апошняя, нягледзячы на значнае прадстаўніцтва пасадных асоб, прайшла не афіцыйна, а ў цёплай сяброўскай атмасферы. Выказаць словы ўдзячнасці і павагі пісьменніку завіталі намеснікі старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч і В.Л.Хамёнак. Апошняя з’яўляецца жыхаркай Матырына і, як следства, адной з гераінь новай кнігі, бо ў ёй адлюстравана жыццё некалькіх пакаленняў землякоў на працягу стагоддзя. Намеснікі старшыні ўручылі аўтару падарункі ад імя раённых улад і раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

– Васіль Іванавіч – гэта чалавек, які вельмі глыбока пусціў карані на нашай зямлі, – казала Алена Васільеўна. – Чытаючы “Роздумы на вясковай лаўцы”, разумееш, што нічога з падзей дзяцінства не прайшло міма аўтара, і зараз, з вышыні пражытых гадоў, калі чалавек можа рабіць філасофскія вывады, яны знаходзяць адлюстраванне ў прозе, простай і зразумелай, як землякі, героі яго твораў. І разам з тым глыбокай, аб вечных каштоўнасцях, якую хочацца перачытаць другі раз.

Алена Васільеўна выказала спадзяванне, што гэта прэзентацыя не апошняй кнігі В.І.Шалака, і творчае зерне, якое заклала ў яго ўшацкая зямля, прарасце з новай сілай. А творы яго запатрабаваныя – Галіна Кашненка, якая да нядаўняга часу працавала ў Плінскай бібліятэцы, расказала, што з моманту паступлення “Роздумаў на вясковай лаўцы” кнігу нават не паспелі паставіць на паліцу для навінак. Яе забралі адразу са стала і потым доўгі час яна пераходзіла з рук у рукі. Яно і нядзіўна, бо гэты твор – хроніка сялянскага жыцця і ў вобразах матырынцаў пазнаць сябе, суседзяў, знаёмых могуць і жыхары іншых вёсак.

– Што мяне падштурхнула да напісання трэцяй кнігі? – задаваў пытанне прысутным і самому сабе В.І.Шалак і тут жа даваў адказ на яго. – Помнік землякам, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. На ім выбіты прозвішчы і ініцыялы сямі дзясяткаў людзей. Хто яны? Людзі майго, ужо немаладога пакалення, і то ўспомняць добра калі палову – сваіх родных, бацькоў, суседзяў… А моладзь, на жаль, ведае двух-трох са спісу гэтых герояў, бо па маім ўласным перакананні, кожны, хто аддаў жыццё за Радзіму – здзейсніў подзвіг. Гэтым словам можна назваць і працу пасляваенных гадоў, калі тыя, хто застаўся жывымі, падымалі народную гаспадарку. Да гэтага подзвігу далучыліся жанчыны і дзеці ваеннага пакалення, якія замест таго, каб пайсці вучыцца, дапамагалі дарослым. А колькі талентаў магло б раскрыцца, калі б у іх была матэрыяльная магчымасць крочыць далей…

Вось і пастараўся Васіль Іванавіч у сваёй творчай працы прыгадаць як мага больш вяскоўцаў. І атрымалася своеасаблівая “Кніга памяці” Матырына. Аб гэтым казалі госці прэзентацыі – старшыня сельвыканкама Міхаіл Пятровіч Хоміч, прадстаўнік педагагічнай грамадскасці, настаўнік гісторыі Уладзімір Леанідавіч Хамёнак, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Марыя Аляксееўна Шаўчэнка, члены народнага калектыву “Матырынская спадчына”, з якімі Васіль Іванавіч з задавальненнем праспяваў “на бэк-вакале”. А значнасць працы аўтара для гісторыі трапна характарызаваў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Віктар Пятровіч Котаў:

– Гэта кніга – гатовая схема краязнаўчых даследаванняў для іншых. У ёй прыведзены не нейкія абстракцыі, а быт канкрэтных людзей. Васіль Іванавіч пакінуў вечны след аб сваёй малой радзіме: пройдуць гады, разбурацца будынкі, адыдуць пакаленні, а кнігі, як і песні “Матырынскай спадчыны”, застануцца на вякі, як помнік землякам, як духоўная каштоўнасць не толькі Матырына, а ўсёй Ушаччыны.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.

На здымку: заснавальніца калектыву “Матырынская спадчына” Галіна Рудзёнак вітае караваем Васіля Шалака.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *