Пра неабходнасць усталявання тратуарнай дарожкі на адной з цэнтральных вуліц гарпасёлка – ад магазіна “На Віцебскай” да павароту на фізкультурна-аздараўленчы комплекс, дзе пастаянна інтэнсіўны рух транспарту – гаварылася ўжо не раз і ў розных інстанцыях. Праблема відавочная, паколькі ў сезон дажджоў на абочыне нярэдка ўтвараліся лужы – і пешаходы былі вымушаны абыходзіць іх па праезнай частцы.
І вось нядаўна праблемнае пытанне зрушылася з месца, у тым ліку дзякуючы ініцыятыве дэпутацкага корпусу. Неабходныя матэрыялы выдзеліла жыллёва-камунальная гаспадарка, працаўнікі якой займаюцца зараз адпаведнымі работамі. Аплаціла ж апошнія раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”.
– Працягласць тратуарнай дарожкі складзе 82 метры, – расказаў нам кіраўнік будаўнічага працэсу, тэхнік УП ЖКГ Пётр Канстанцінавіч Гардашук, для якога адзначаная задача стала своеасаблівым “дэмбельскім акордам” перад выхадам на заслужаны адпачынак. – Ужо правялі падрыхтоўчыя работы, устанаўліваем бардзюры, пасля чаго трэба будзе правесці падсыпку, утрамбаваць грунт і ўкласці асноўнае пакрыццё. Аб’емы не надта вялікія – мяркую, да сярэдзіны верасня ўсё будзе завершана.
– Безумоўна, прыемна, што вуліца набывае цывілізаваны выгляд, – выказаў свае думкі ўшачанін Сяргей Віктаравіч Каваленка. – Мне як вадзіцелю можна будзе ехаць і не хвалявацца, што нехта нечакана выскачыць на дарогу. Ды і за сваіх дзяцей, якія тут часта ходзяць у “Юнацтва-Ушачы”, буду спакойны.
Так, не прамінаюць нашы землякі сказаць прадстаўнікам усіх задзейнічаных у працэсе службаў добрае слова ці прывычнае: “Нарэшце дачакаліся!” Тады, як зазначаюць камунальнікі, і працуецца з большай ахвотай, паколькі разумееш, наколькі важная твая работа для ўшачан і гасцей райцэнтра.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.