Семья Бумага — настоящие хозяева, которые трудятся, не покладая рук

Всё начинается с семьи Личное подсобное хозяйство

Жыхароў невялікіх Двор Жараў можна пералічыць па пальцах. Сярод іх вылучаецца сям’я Бумага – сапраўдных гаспадароў, працавітых ды ўвішных, якія штодзень шчыруюць на роднай зямлі дзеля ўласнага дабрабыту. Іх нястомныя рукі, здаецца, ніколі не ведаюць спакою. На такіх працаўніках і трымаецца беларуская вёска.

Разам у працы і па жыцці

Зрабіўшы з раніцы “расстаноўку сіл” на давераных землях, начальнік жарскага ўчастка ААТ “Ільюшынскі” Яўген Фёдаравіч Бумага, ненадоўга зазірнуў дамоў і зноў адправіўся на работу. У аграрыяў зараз напружаная пара – завяршаецца жніво, закладваецца аснова пад будучы ўраджай. Нязменны брыгадзір з саракагадовым стажам усё жыццё прысвяціў працы ў мясцовай гаспадарцы. Менавіта тут ён і знайшоў сваю другую палавінку. У калгас “Чырвоны прамень” па размеркаванні ў 1978-м прыехала працаваць заатэхнікам маладая ўраджэнка Віцебскага раёна. “Здаецца нядаўна гэта было, а за плячыма ўжо 40 гадоў сумеснага жыцця, юбілей адзначылі ў чэрвені!” – прызнаецца сямейная пара. У іх заўсёды існавала залатое правіла: працаваць так, каб была аддача і не прыходзілася чырванець за зробленае. У гаспадарцы не хацелі адпускаць вопытнага заатэхніка на пенсію, ды і Любоў Канстанцінаўна магчыма яшчэ б папрацавала, калі б не падвяло здароўе – перанесла складаную аперацыю на суставах і доўга не магла вярнуцца “ў строй”. А вось Яўген Фёдаравіч яшчэ аддае свае сілы сельгаспрадпрыемству, да таго ж паспяхова спраўляецца і з абавязкамі старэйшыны вёскі.

Дастойнымі людзьмі яны выхавалі чацвярых дзяцей, якія пры першай магчымасці імкнуцца ў родную вёску дапамагчы і праведаць бацькоў. Прадаўжэннем роду з’яўляюцца і шасцёра ўнукаў, якія лета праводзяць у бабулі і дзядулі.

Стаўка на авечкагадоўлю

У гэтай сям’і сапраўды не было такога дня, калі б тут сядзелі без справы ці дазволілі сабе доўга спаць раніцай. Самы позні пад’ём – у 6 гадзін. Той, хто трымае падсобную гаспадарку, ведае: у жывёлы няма выхадных і водпускаў. У Бумагаў хоць і ёсць ўласны трактарок, але дагэтуль не адмовіліся яны і ад каня, якім і зараз апрацоўваюць соткі са шматлікай агароднінай, бульбай, зерневымі. Мноства на падворку птушкі, кураняты немалымі партыямі выводзяцца ў інкубатары. “Трымалі і больш экзатычныя віды – дэкаратыўных качак, а таксама белых індыкоў, але апошнія ўзялі моду пастаянна садзіцца на машыны”, – з усмешкай расказвае Яўген Фёдаравіч. У папярэднія гады ў гаспадарцы была карова, а часам і дзве, але калі гаспадыня надоўга трапіла ў бальніцу, ад іх адмовіліся. Заўсёды былі і ёсць на падворку свінні, але галоўнай адметнасцю іх падсобнай гаспадаркі з’яўляюцца авечкі. “Працаваць з дзяцінства прывучалі бацькі, тады толькі і жылі з таго, што вырасцяць у хляўку і на агародзе. Колькі сябе памятаю, яны трымалі авечак, гэтую традыцыю прадоўжыў і я”, – гаворыць Я.Ф.Бумага.

Непадалёк ад сядзібы ў электрапастуху пасвіцца цэлая атара – каля 60! Гаспадара жывёла добра ведае, а вось заўважыўшы чужых людзей, насцярожана адыходзіць. “Многія думаюць, што справіцца з авечкамі складана, аднак гэта не зусім так, – прадаўжае размову Яўген Фёдаравіч. – Яны не надта пераборлівыя ў ежы і на полі кругласутачна, не трэба штодня заганяць у хлеў. І зімой пастаянна выпускаю іх на прагулку, нават маленькія ягняткі холаду амаль не баяцца. Раней вельмі цанілася воўна, а зараз цікавасць выклікае ў асноўным мяса, яно смачнае і карыснае. А які шашлык атрымліваецца з бараніны!”

Спецыяльна для гэтых мэт гаспадар змайстраваў адмысловы мангал з вяндлярняй, а яшчэ ў ліку “каронных” сямейных блюд значацца плоў і шурпа. Галоўнакамандаючым па ўсёй гаспадарцы з’яўляецца Яўген Фёдаравіч. “Люблю займацца з жывёлай і працаваць на зямлі, калі-небудзь для разрадкі схадзіць у лес, да якога рукой падаць, а вось рыбак з мяне слабы: калі 20 хвілін не клюе – вуду аб зямлю і дамоў!” – смяецца мужчына.

Ад гаспадаркі – да рукадзелля

“Усю сям’ю з ног да галавы адзявала ў вязаныя рэчы – ад шкарпэтак да рукавіц. Вязала касцюмы, світэры і многае іншае. Памятаю, як часам да паўночы прала, а за зіму не менш васьмі кофтаў з-пад пруткоў выходзіла! Рэчы гэтыя вельмі цёплыя і носкія. Сыравінай жа для ўсяго служыла воўна нашых авечак. Часаць яе раней ездзілі ў Старае Сяло, зараз жа рабіць гэта няма дзе і прыходзіцца вязаць з купленых нітак ці пускаць у ход старыя запасы”, – дэманструючы вырабы ўласнай работы, расказвае пра другі бок авечкагадоўлі Любоў Канстанцінаўна, якая ў апошнія гады занялася яшчэ і вышываннем. Прычым, прыйшло захапленне зноў жа ад таго, што не магла сядзець без справы: падчас знаходжання ў бальніцы такім чынам займала сябе. Усім унучкам вышыла абярэгі ў выглядзе анёлаў, а сыну ў падарунак карціну “Паляванне на аленя”. Як толькі паспявае ўсё гэта жанчына, стойкасць і вынослівасць якой заслугоўвае пашаны: нават калі не магла паўнацэнна хадзіць, умудралася рабіць на зіму нарыхтоўкі, палоць агарод і спраўляцца з іншай работай.

Магчыма, нехта скажа: навошта так ахвяраваць сабой і часам, калі сёння ўсё можна купіць у магазіне? Аднак сям’я Бумага з гэтым меркаваннем паспрачаецца: не параўнаць уласнае з магазінным, і выдатна, калі ёсць чым дапамагчы дзецям. Такі ўжо ўклад у гэтых людзей старой загартоўкі, і іх прынцып: працаваць – значыць, жыць.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *