Сёлета самае салодкае на Ушаччыне свята адзначыла юбілей. У адзін са жнівеньскіх дзён на працягу вось ужо пяці гадоў на тэрыторыі сквера ля РДК збіраюцца пчаляры нашага і суседніх раёнаў, аматары мёду, каб разам адсвяткаваць Макавей і паспытаць бурштынавы нектар. Сапраўдным упрыгожаннем мерапрыемства на гэты раз сталі выступленне юных прыгажунь нашага краю “Кветкавая фантазія” і, канечне ж, правядзенне конкурсу “Міс лета-2018” (На здымку: яго ўдзельніцы А.Стукалава, А.Войсэт, Т.Пузатка, Л.Жарнасек, З.Клачок).
На свяце ў мінулую пятніцу яблыку не было дзе ўпасці – ды і рана яшчэ: Яблычны спас адзначаўся толькі ў нядзелю. Затое па арэне хадзілі пчолкі: маленькія артысты ў жоўта-паласатых уборах сустракалі гасцей, запрашалі прагуляцца па чароўным пчальніку. Святочная пляцоўка, сапраўды, нагадвала міні-гарадок, дзе гаспадары-пчаляры частавалі ўсіх мёдам уласнай вытворчасці. Благачынны Ушацкага раёна протаіерэй Вячаслаў Лобец павіншаваў вернікаў з Мядовым спасам і асвяціў новы збор салодкага ўраджаю. Жадаючых набыць рознакаляровыя слоікі са смачным змесцівам было шмат. А цана на прадукт не біла моцна па кішэні (каля 12 рублёў за літр).
“Мёд у маім рацыёне ёсць пастаянна, – падзялілася з намі ўшачанка Мая Ягораўна Смаляк. – Уласны пчальнік быў у бацькоў, што ў пасляваенны час дапамагло ім паставіць на ногі пецярых дзяцей. Усе мы выраслі дужымі, здаровымі. І цяпер штодня ўжываю па некалькі лыжак рознатрававага – і ніякія лекі не патрэбны!”
Карыстаўся попытам ліпавы мёд з Глыбачанскага лясніцтва. “Прапануем яго наведвальнікам на многіх раённых мерапрыемствах – і заўсёды разыходзіцца на “ўра”. Зрэшты, і ў маёй сям’і гэта прадукт нумар адзін, – канстатавала загадчык гаспадаркі лясгаса, мнагадзетная мама Таццяна Міхайлаўна Ладзік. – Малодшым маім дачушкам – двайняткам Машы і Дашы – ніякія цукеркі не патрэбны, калі на стале ёсць мёд”.
Разнастайная па сартах прадукцыя была прадстаўлена на прылаўках прыватнікаў. “З вясны было надзвычай многа мёду, зараз – з-за засушлівага лета – менш, аднак якасць заўсёды на вышыні!” – запэўніла Валянціна Пятроўна Глінская з вёскі Пяскі. Мёд у жанчыны быў некалькіх відаў, але асноўная колькасць з разнатраўя, што мае асаблівы карамельны смак. “Пчалярствам разам з мужам займаемся вось ужо 15 гадоў, – зазначыла Валянціна Макараўна Бурак з Канцавых. – Прадукцыю ў большасці рэалізуем у Полацку, аднак магчымасці прыехаць ва Ушачы на такое цудоўнае свята не абмінаем. І тое, што людзі кажуць нам “дзякуй”, дарагога каштуе!” Ужо не назавеш аматарам, як падчас правядзення першых мерапрыемстваў, Міхаіла Мікалаевіча Мацюшэнку. Пастаяннымі ўдзельнікамі свята мёду з’яўляюцца ўшачане Алеся Анатольеўна і Іван Уладзіміравіч Хамёнкі. Сёлета іх падворак стаў аб’ектам павышанай увагі не толькі землякоў, але і гасцей райцэнтра, юных членаў ваенна-патрыятычнага клуба “Русічы”. “У маіх дзядулі з бабуляй таксама ёсць пчолы. І мёд у іх такі ж насычаны па смаку, духмяны”, – казала падчас дэгустацыі адна з дзяўчат. Удзельнікі клуба атрымалі некалькі слоікаў мёду ў падарунак ад пчаляроў. Салодкі тавар з уласнай пасекі прапанаваў ушачанам Аляксандр Мікалаевіч Гвоздзеў. Бойка ішоў гандаль у Васіля Гаўрыілавіча Аляксеева з Наваполацка. У чарговы раз шырокі асартымент прадукцыі з Арцюшак прадставіла Галіна Мікалаеўна Марковіч. Пакупнікі мелі магчымасць не толькі купіць мёду, пяргі, забрусу, праполісу, воску, але і атрымаць цікавую інфармацыю пра іх уласцівасці, парады па правільным ужыванні.
Такую ж пазнавальную інфармацыю госці атрымлівалі на тэматычнай пляцоўцы, арганізаванай раённай бібліятэкай. Апошняя падрыхтавала падарунак і траўнікам: выставу лекавых раслін і збораў. Не засталіся па-за ўвагай і маленькія ўшачане – віктарыны для іх падрыхтавалі работнікі дзіцячай бібліятэкі, а насычаную забаўляльную праграму – спецыялісты раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
На свяце станоўчыя эмоцыі таксама, як мёд, чэрпалі лыжкай. Пакупка і дэгустацыя карыснай прадукцыі суправаджалася музычнымі нумарамі. Наведвальнікі ўдзельнічалі ў гульнявых конкурсах, маглі паспяваць і патанцаваць. А адпаведны настрой, асаблівы каларыт мерапрыемству надавалі не толькі работнікі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, але і дзеці. У касцюмах розных красачак нашага краю, падчас дэфіле яны прадэманстравалі сапраўдную “Кветкавую фантазію”. Ініцыятарам правядзення і спонсарам конкурсу “Міс Лета-2018” выступіла раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Алены Васільеўны Пашковіч, а райкам БРСМ падрыхтаваў для ўсіх 5 прадстаўніц цудоўнага полу, актывістак грамадскага аб’яднання стужкі з тытуламі.
Уразіла прысутных і членаў журы самая юная з удзельніц конкурсу, 15-гадовая Злата Клачок. Вучаніца Ушацкай школы піша вершы, займаецца харэаграфіяй, мае першы разрад па кулявой стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Падчас дэфіле дзяўчына зачароўвала не толькі знешнім выглядам, але і непасрэднасцю, адкрытасцю. За гэта і была прызнана “Міс Зачараванне”.
Цалкам заслужана атрымала тытул “Міс Грацыя” сёлетняя выпускніца Ушацкай школы Лізавета Жарнасек. Падчас дэфіле ў вячэрніх сукенках гледачы трапна параўналі яе з княжной – гэта быў адзін з самых запамінальных вобразаў мерапрыемства. Канкурсантка захапляецца танцамі і спевамі, праявіла сябе і ў грамадскім жыцці – паспяхова выконвала абавязкі старшыні Маладзёжнай палаты раёна першага склікання.
Толькі падчас творчага конкурсу дазволіла сабе быць гарэзлівай Алена Войсэт, якая разам з дачкой Крысцінай выступіла з вакальна-харэаграфічным нумарам. У астатніх жа маладая маці і бухгалтар аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама была даволі сур’ёзнай. Алена, якая паралельна з працай і сямейнымі клопатамі завочна набывае вышэйшую адукацыю, каб больш упэўнена адчуваць сябе ў свеце лічбаў, атрымала званне “Міс крэатыў”.
Вырабляць сваімі рукамі сувеніры любіць спецыяліст аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН Ушацкага раёна Таццяна Пузатка. А яшчэ яна добрая гаспадыня, доказам чаму сталі прыгатаваныя дзяўчынай клёцкі. Падчас усіх чатырох выхадаў Таццяна паспявала мяняць не толькі модныя сукенкі, але і прычоскі – у выніку стала“Міс стыль”.
Марыць пра моцную сям’ю і сабаку юрыст аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандра Стукалава. На Ушаччыну віцябчанка прыехала па размеркаванні два гады таму – і настолькі закахалася ў наш край, што развітвацца з ім пасля вызначанай адпрацоўкі не захацела. Дзяўчына ўпэўнена ў праўдзівасці выслоўя “Не судзі пра кнігу па вокладцы”. І ўсё ж пра ўласную “вокладку” не забываецца: захапляецца спортам, рэгулярна наведвае трэнажорную залу фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Арыгінальна падышла Саша і да працэсу дэманстрацыі летняга ўбору: калі іншыя канкурсанткі ўпрыгожвалі сябе кветкамі, то яна сама стала своеасаблівай красачкай, зрабіўшы сукенку з яркага ўпаковачнага матэрыялу. Па суме ўсіх этапаў конкурсу менавіта А.Стукалава стала “Міс Лета-2018”, і гэта быў той выпадак, калі меркаванне журы супала з глядацкім.
Усе канкурсанткі атрымалі каштоўныя падарункі. Дыпломамі за ўдзел былі ўзнагароджаны і пчаляры, якія адзначылі, што з кожным годам Свята мёду на Ушаччыне становіцца больш масавым і змястоўным, набывае новыя фарбы і “смак”.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
А где фотография «Мисс-лето»? Одни какие-то старики.