В Ушачском районе прошёл субботник

Благоустройство

Раённы суботнік, які праходзіў у мінулыя выхадныя, быў падобны на папярэднія, але разам з тым меў і шэраг асаблівасцей – работнікі буйных арганізацый, якія маюць спецыяльны інвентар і тэхніку, сканцэнтраваліся пераважна ў адным месцы. Такім “эпіцэнтрам” працоўнага дэсанта стала аўтадарога праз Вяркуды на Глыбачку, добраўпарадкаванню якой у апошні час удзяляецца павышаная ўвага ў адпаведнасці з даручэннямі старшыні аблвыканкама М.М.Шарснёва. Работы тут распачаліся задоўга да аб’яўлення суботніка, які стаў працягам комплексу мерапрыемстваў, накіраваных на навядзенне парадку ўздоўж прыгаданай трасы.

Амаль адразу пасля з’езду з аўтадарогі Р-113 у напрамку Вяркуд сустрэлі за работай гаспадароў аб’екта – дарожнікаў з ДРБУ-105. Трактар з касілкай старанна выкошваў маладыя парасткі баршчэўніку нават за межамі прыдарожнай паласы. Над выдаленнем кустоўя шчыравалі рабочыя з мотакосамі, а экскаватар займаўся раскарчоўкай кюветаў, выдаленыя рэшткі расліннасці вывозіліся двума МАЗамі. Такім чынам, дарога нават візуальна стала значна шырэй. А схілы кюветаў пасля такой апрацоўкі можна будзе абкошваць нахільнай касілкай, праход якой раней быў немагчымым з-за кустоўя, якое месцамі ўжо пакрывала абочыны.

Трэба адзначыць, што тэхнікі на суботніку працавала шмат і не толькі з нашага раёна. На дапамогу прыйшлі сусе­дзі – за Вяркудамі купіны расліннасці з палёў выдалялі бульдозер і экскаватар Бешанковіцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм, свой фронт работ быў адведзены і іх калегам з Лепеля.

– Прывезлі да вас два экскаватары, – расказвае дырэктар мясцовага ПМС Уладзімір Сцяпанавіч Домась, які асабіста размяркоўваў тэхніку і ставіў задачы работнікам. – Канечне, спраў у нас хапае і на аб’ектах свайго раёна, працуем на падрадах, паслугах і ў іншых рэгіёнах Віцебшчыны, зарабляем. Але да даручэння з боку кіраўніцтва КУП “Віцебскмеліявадгас” аб удзеле ў суботніку на Ушаччыне аднесліся з разуменнем. Ды і як не дапамагчы суседзям?! Таму спадзяёмся, што калі падтрымка будзе патрэбна нам, ушацкія калегі таксама прыйдуць на выручку. З даведзенымі нам аб’ёмамі сёння наўрад ці справімся – скончым у нядзелю.

Экскаватары лепельскіх меліяратараў расчышчалі кустоўе, якое тут жа і хавалі. Акультурваннем прылеглых да дарогі палёў займаліся і работнікі Ушацкага ПМС. Ад іх даведаўся, што ў наваколлі трасы яны працуюць не першы дзень. І калі экскаватар Сяргея Гарбаценкі чысціў стары зарослы канал паблізу Глыбачкі, то Аляксандр Чэвідаеў  магутным бульдозерам карчаваў расліннасць і вялізныя каменні ля самай дарогі за вёскай Цётча. Знайшлося месца і ручной працы.

– Знялі нас з аб’екта на “Нафтане”, – кажа прараб Юрый Сазанкоў, паказваючы на купіну кустоўя паводдаль, адкуль даносіўся гул бензапілы. – Пасля заканчэння работ тут застанецца чыстае поле, і хацелася б, каб аграрыі ацанілі нашу працу і не запусцілі яго зноў – гэтая расліннасць утварылася не год і не два таму, асобныя дрэвы дасягаюць звыш дзясятка сантыметраў у дыяметры. Усё з-за таго, што гаспадарка першапачаткова не запрацоўвала вымачкі, нізіны, а потым гэта стала немагчыма – яны зараслі.

Бензапілы і мотакосы звінелі ўздоўж усёй трасы. Не пазнаць было скрыжаванне дарог за Вяркудамі – за тры дні работнікі Глыбачанскага лясніцтва выразалі тут густое кустоўе, а ў суботу якраз планавалі канчаткова справіцца з пастаўленымі задачамі. “Уласныя планы па лесанарыхтоўцы нам ніхто не адмяняў, – расказалі мужчыны. – Але як нам не прыняць удзел у суботніку, калі тут нават людзі з іншых раёнаў працуюць! А мы ж мясцовыя… І тэхніка наша задзейнічана – МТЗ і цялежка з маніпулятарам вывозяць смецце”.

Ачыстка абочын дарогі з 5 па 7 кіламетр – такія аб’ёмы неабходна было выканаць лесанарыхтоўчай брыгадзе УП ЖКГ. “Трэці дзень працуем, а яшчэ і да 6 не дайшлі”, – расказвае майстар Яўген Казачонак. – Густая расліннасць, ды і рэзаць тонкую лазу марудна”. Трэба адзначыць, што выдалялася з прыдарожнай паласы не ўсё падрад – падрослыя бярозкі, напрыклад, застануцца радаваць вока на ачышчаных плошчах. І такім чынам запушчаная дарога становіцца гасцінцам – так здаўна называлі ажыўленыя трасы, абсаджаныя абапал дрэвамі.

Працавалі камунальнікі і ў саміх Вяркудах. Побач з імі рамонтам альтанкі, агароджы праваслаўнага крыжа перад аграгарадком займаліся супрацоўнікі сельвыканкама на чале са старшынёй Верай Міхайлаўнай Маслак і прадстаўнікі ўстаноў культуры. А ў Глыбачцы бюджэтнікі дапамагалі аграрыям – на абкосе вялікай тэрыторыі жывёлагадоўчага комплексу былі задзейнічаны работнікі аддзелаў райвыканкама па адукацыі і ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. У іншых сельсаветах таксама працавалі на добраўпарадкаванні аграгарадкоў і вёсак па сваіх планах.

Многія арганізацыі раёна былі заняты на рабочых месцах. Напрыклад, супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, якія з’яўляюцца нязменнымі ўдзельнікамі ўсіх суботнікаў, на гэты раз наводзілі парадак на будоўлі сваёй новай часці – зусім хутка яе плануюць здаць у эксплуатацыю.

Работы на аўтадарозе паміж Вяркудамі і Глыбачкай яшчэ не скончаны, толькі распачалося добраўпарадкаванне ў напрамку Двор Павулля. І, як паведаміў намеснік старшыні райвыканкама А.В.Галяковіч, на гэтым тыдні да навядзення парадку далучыліся газавікі, сувязісты, энергетыкі. А заробленыя на суботніку сродкі, якія пералічаць працоўныя калектывы, з’яўляюцца мэтавымі і пойдуць на працяг дарожнай тэмы – устаноў­ку двух уязных рэкламных знакаў-стэл на граніцах раёна.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *