Познім вечарам 26 ліпеня ў пасёлку Лясны Мінскага раёна загарэлася адна з кватэр шматпавярхоўкі. Пажарныя вынеслі з задымленага памяшкання 4-гадовага хлопчыка і 7-гадовую дзяўчынку, якія знаходзіліся без прытомнасці. Медыкі змагаліся за іх жыццё, але цуда не адбылося… Дзеці пражывалі разам з бацькам, які на момант здарэння быў на рыбалцы.
Гэта не адзінкавы выпадак – часта дарослыя пакідаюць малых без нагляду і такая бяспечнасць нярэдка прыводзіць да трагедыі. Усяго ў краіне сёлета агонь ужо забраў жыцці сямі дзетак, назіраецца рост падобных трагічных выпадкаў: за аналагічны перыяд 2017-га на пажарах загінула чацвёра непаўналетніх.
Каб у чарговы раз прыцягнуць увагу насельніцтва да праблемы траўматызму і гібелі дзяцей на пажарах, 20 жніўня на Віцебшчыне стартавала прафілактычная акцыя “У цэнтры ўвагі – дзеці!”, прымеркаваная да Дня ведаў. Акцыя пройдзе ў некалькі этапаў – на аб’ектах гандлю, якія спецыялізуюцца на рэалізацыі тавараў для дзяцей, у агульнаадукацыйных установах, таксама выратавальнікі наведаюць і дашкольныя ўстановы, дзе правядуць “Урокі бяспекі” для самых маленькіх.
В.КАРЭЙША, інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС.