Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў рабочую паездку ў Аршанскі раён Віцебскай вобласці. Асноўная ўвага кіраўніка дзяржавы была ўдзелена развіццю вытворчай сферы, у тым ліку рабоце праблемных прадпрыемстваў. Падагульняючая размова аб развіцці сацыяльнай і вытворчай сферы рэгіёна адбылася 14 жніўня на выязной нарадзе.
“Двойка з мінусам”
Такую адзнаку кіраўнік дзяржавы паставіў выкананню пастаўленых задач, наведваючы Аршанскі інструментальны завод. Ён звярнуў увагу, што парадак на тэрыторыі наводзіўся спешна і няякасна: “Не любіце вы людзей, не любіце вы завод. Калі ўжо робіце тут нейкую паказуху, зрабіце бардзюр, навошта ў траву класці асфальт. Гэта што, культура? Вось за гэта чыноўнікаў і ненавідзіць часам народ – за вашыя бязладнасць і непарадак”.
Прэзідэнт застаўся вельмі незадаволены ўбачаным і растлумачыў, чаму так важна наладзіць эфектыўную работу прадпрыемства. “Інструментальны завод” трэба аднавіць на самым высокім узроўні, каб “Гомсельмаш”, МТЗ, МАЗ і ўсе іншыя прадпрыемствы, нават перапрацоўкі і сельскай гаспадаркі, атрымалі добры інструмент”, – сказаў А.Лукашэнка.
Няма гаспадарчага падыходу і ў выкарыстанні маёмасці, вытворчых памяшканняў завода. Большая частка з іх утрымліваецца ў абсалютна непрыглядным выглядзе, месцамі працякае дах. “Хіба гэта рабочыя месцы?! Турма нейкая! Катаржныя людзі працуюць за 200 долараў у месяц!” – абурыўся кіраўнік дзяржавы ўмовамі працы рабочых. Ён адзначыў, што тут жа, у Аршанскім раёне, ёсць станказавод “Чырвоны барацьбіт” і даручыў арганізаваць прамыя закупкі неабходнага абсталявання як у названага прадпрыемства, так і іншых айчынных вытворцаў, а імпартаваць толькі тое, што яны не змогуць паставіць.
Не затрачваючы шмат сіл
Прэзідэнт выказаў крытыку ў адрас шэрага кіраўнікоў высокага ўзроўню за недастатковыя намаганні па рэалізацыі даручэнняў, накіраваных на развіццё прамысловай сферы ў Аршанскім раёне. Ён наведаў многія прадпрыемствы, адным з якіх стала ААТ “Тэхніка сувязі” ў горадзе Барань, прадпрыемства, што знаходзіцца ў веданні Дзяржкамваенпрама. А.Лукашэнка ўказаў кіраўніцтву галіны, што яго даручэнні выконваюцца далёка не ў поўным аб’ёме, а заява аб тым, што вытворчых плошчаў дастаткова, – апраўданне недастаткова эфектыўнай работы: “Калі нічога не рабіць, то дастаткова. А калі паставіць перад сабой мэту… бо першапачаткова задача ставілася, каб гэта ўсё было вамі асвоена і там вырабляўся прадукт, патрэбны для рынку, – сказаў Прэзідэнт. – А вы легкадумна падышлі: гэта і гэта – пад бульдозер, а гэта – прададзім. Ну, што за завод будзе?! Я і без вас гэта зрабіў бы. Я бачу, вы наогул не думалі над вырашэннем задачы, якая была пастаўлена”.
А.Лукашэнка змяніў першапачаткова прапанаваны маршрут наведвання і асабіста агледзеў вытворчую тэрыторыю прадпрыемства. На паверку высветлілася, што ў многіх месцах не тое што не арганізавана вытворчасць, а нават не наведзены элементарны парадак.
“Галоўнае – заняць людзей!”
Прэзідэнт пацікавіўся ў старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалая Шарснёва, як плануецца развіваць вытворчую сферу. “Тое, што мы вуліцы падрамантуем і па прынцыпе Копысі ажыццявім добраўпарадкаванне, – гэта паўсправы. Галоўнае – заняць людзей, каб яны працавалі і заставаліся ў гэтых цудоўных мясцінах”, – падкрэсліў беларускі лідар.
М.Шарснёў далажыў, што ў вобласці прадугледжваецца развіццё сферы турызму, стварэнне новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, развіццё перапрацоўкі мясцовых відаў сыравіны, а таксама сфер лесанарыхтоўкі і дрэваапрацоўкі, будаўніцтва транспартна-лагістычных цэнтраў. Будуць стварацца прывабныя ўмовы, каб моладзь не імкнулася выехаць з малых населеных пунктаў і раённых цэнтраў. Асноўны акцэнт у развіцці будзе рабіцца на тыя раёны, якія маюць працоўную сілу. Падрыхтавана спецыяльная праграма, якая прадугледжвае рэалізацыю інвестыцыйных праектаў у кожным раёне на агульную суму каля Br6,5 млрд. “Развіццё Аршанскага раёна сёння найбольш актуальнае пытанне не толькі для занятасці, але і напаўняльнасці бюджэту. Калі нам удасца, каб бюджэт гэтага раёна быў недатацыйным (а сума яго датацый складае суму датацый дзесяці раёнаў), то ў нас з’явяцца сродкі для развіцця іншых рэгіёнаў”, – адзначыў М.Шарснёў.
Фармалізм і валакіта недапушчальныя
Прэзідэнт нагадаў, што ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу ў 2017 годзе даручаў ураду сумесна з Віцебскім аблвыканкамам забяспечыць комплекснае развіццё Аршанскага раёна, каб яго тэмпы росту былі як мінімум вышэйшыя за сярэднеабласныя. “Недапушчальна, каб работа на месцах скочвалася да фармалізму і валакіты”, – падкрэсліў А.Лукашэнка. Ён неаднаразова адзначаў, што выкананне даручэнняў па развіцці рэгіёна – паказчык эфектыўнасці работы ўрада і мясцовай улады.
Патрабавалася наладзіць сістэмную работу, якая стала б прыкладам для іншых сярэдніх гарадоў краіны. “Гэта пытанне не толькі Оршы. Як я ўжо гаварыў, гэта пытанне раўнамернага размеркавання прадукцыйных сіл па ўсёй краіне. Мы не можам дапусціць, каб дзесяцімільённая краіна напалавіну размясцілася ў Мінску і яго наваколлі”, – звярнуў увагу А.Лукашэнка. Абмяжоўваючы будаўніцтва ў Мінску і абласных цэнтрах, трэба развіваць раённыя цэнтры, гарадскія пасёлкі і сярэднія гарады, упэўнены Прэзідэнт.
Сістэмныя недапрацоўкі
Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, сацыяльную сферу ў Оршы ў цэлым прывялі да ладу, горад добраўпарадкаваны, і яго неабходна і далей утрымліваць у належным стане. “Для гэтага патрэбна вытворчая база. Людзі, акрамя таго, каб жыць у прыгожым горадзе, павінны працаваць, гадаваць дзяцей, утрымліваць сям’ю”, – заявіў Прэзідэнт. – Па ўсіх напрамках мною былі прыняты рашэнні. Яны сістэматызаваны, даведзены да выканаўцаў. Не зроблена практычна нічога, нягледзячы на нагадванне мною і папярэджанні на самых высокіх узроўнях, пачынаючы ад Паслання беларускаму народу і парламенту”. Між тым, шэраг паказчыкаў у Аршанскім раёне, нягледзячы на існуючы патэнцыял, нават ніжэйшы, чым сярэднеабласныя, у тым ліку па індэксе прамысловай вытворчасці, экспарце тавараў і іншых напрамках. Работу нельга назваць сістэмнай, і яна ў многім мае касметычны характар.
У кіраўніцтве ўрада будуць змены
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, адзіная прычына невыканання яго даручэнняў заключаецца ў “пафігічным стаўленні ўрада да даручэнняў Прэзідэнта”. Таму А.Лукашэнка запатрабаваў унесці прапановы па замене ўсяго кіраўніцтва ўрада з рэзерву кадраў: “Хопіць глядзець ім у рот, і яны будуць нам расказваць, як ім складана, як ім цяжка!” Таксама даручана ўнесці прапановы па міністрах прамысловасці і будаўніцтва, адправіць у адстаўку і знайсці новае месца працы старшыні Аршанскага райвыканкама А.Пазняку.
За недапрацоўкі ў развіцці сферы аховы здароўя крытыцы падвергся віцэ-прэм’ер В.Жарко. “Вы мне будзеце расказваць пра гераізм? Прэзідэнт паставіў публічна перад народам жалезабетонна задачу. Вырашыць і кропка. А вы заняліся сабатажам”, – ахарактарызаваў сітуацыю ў цэлым А.Лукашэнка.
Даручана вынесці строгую вымову старшыні Віцебскага аблвыканкама М.Шарснёву, адправіць у адстаўку міністра архітэктуры і будаўніцтва, поўная службовая неадпаведнасць аб’яўлена старшыні Дзяржкамваенпрама і дзяржаўнаму сакратару Савета бяспекі. “Прадстаўце новага старшыню райвыканкама (на гэту пасаду вылучаны старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама Ігар Ісачанка) сёння і пастаўце кожнаму задачу па ўсіх прадпрыемствах, – даручыў кіраўнік дзяржавы. – І не дай бог да 7 лістапада не будзе тут зрухаў. Я прыеду пагляджу. Будзем па льнаводстве яшчэ нараду праводзіць. Не дай бог маё вока зачэпіцца, недзе штосьці будзе не так”.
Па матэрыялах БелТА.