Пытанні занятасці абмеркаваны на апошняй відэаканферэнцыі рэгіёнаў Віцебшчыны. Адпаведную нараду правёў 8 жніўня старшыня абласнога Савета дэпутатаў У.У.Цярэнцьеў, які ўзначальвае абласную камісію па садзейнічанні занятасці насельніцтва, створаную ў рамках рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №3.
У зале Ушацкага райвыканкама прысутнічалі старшыня раённай камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва Наталля Мікалаеўна Марковіч, яе намеснік Валянціна Леанідаўна Хамёнак, а таксама спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.
З дакладам выступіў старшыня Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама А.М.Хрыстафораў, які з’яўляецца намеснікам старшыні абласной камісіі. У сваім выступленні Аляксандр Мікалаевіч зрабіў акцэнт на легалізаванне дзейнасці грамадзян, занятых у “ценявой” эканоміцы. Было адзначана, што на месцах трэба ствараць усе неабходныя ўмовы для працаўладкавання грамадзян, аказваць дапамогу і садзейнічанне ўсім жадаючым.
Па словах дакладчыка, у пачатку года былі вылучаны 15 тэрыторый з напружаным рынкам працы. Ушаччына ў іх лік не ўвайшла. Даведзены на першае паўгоддзе план па працаўладкаванні грамадзян мы перавыканалі. Больш створана ў раёне новых працоўных месцаў: 33 пры заданні 20. Яны створаны на прадпрыемстве “Маяк-Ушацкі” (15), у магазінах “Дабраном” (11) і “Востраў чысціні” (2), ААТ “Ушачы Сэрвіс” (2), ТЦСАН, Ушацкі лясгас, “УП Гандлёвы дом “Віцебскаграпрадукт” (па адным). Да канца верасня мяркуецца стварыць яшчэ 2, а да канца года – 27 новых працоўных месцаў. Папярэднія падлікі паказваюць, што заданне будзе выканана. Актыўна вядзецца работа па перанавучанні грамадзян, выдачы субсідый жадаючым адкрыць уласную справу. Але ж, як вядома, праблем хапае.
У.У.Цярэнцьеў паставіў канкрэтныя задачы старшыням камісій, вызначыў тэрміны іх выканання. Падчас відэаканферэнцыі былі заслуханы прадстаўнікі тых рэгіёнаў, дзе маюцца праблемы з рэалізацыяй Дэкрэта №3. Уладзімір Уладзіміравіч адзначыў, што выкананне дакумента знаходзіцца на кантролі кіраўніка дзяржавы. Не варта забываць і пра тое, што дзейнасць камісій павінна быць бачная людзям. Уся неабходная інфармацыя размешчана на галоўных старонках сайтаў выканаўчых камітэтаў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.