Як думаеце, колькі ў нашым раёне гарадскіх пасёлкаў? Вядома ж, адзін – адкажуць мне літаральна ўсе ўшачане, маючы на ўвазе райцэнтр. І толькі жыхары Мірнага з гэтым паспрачаюцца, паколькі паміж сабой называюць свой населены пункт… гарадскім пасёлкам. Жартам, канечне, бо такім чынам абыгрываюць той факт, што ў цяперашні час насяляюць яго пераважна гараджане: нехта наязджае з мегаполісаў на цёплы сезон, а хтосьці і ўвогуле кідае тут якар, аднаўляе жыллё, заводзіць гаспадарку. Зімуюць у вёсцы каля дзясятка чалавек, летам жа насельніцтва прырастае ў разы. А ў адну з субот напрыканцы ліпеня тут і ўвогуле было мнагалюдна – на 70-гадовы юбілей пасёлка з’ехаліся яго ўраджэнцы і былыя жыхары з розных куточкаў Беларусі і нават замежжа, каб сустрэцца з юнацтвам і напоўніць душу жыватворнай энергіяй малой радзімы.
Узрост спелага лесу
Пасёлак Мірны – адзін з самых маладых населеных пунктаў раёна. Ён быў пабудаваны ў 1948-м, калі Беларусь аднаўляла разбураную вайной эканоміку і лесанарыхтоўка стала стратэгічным напрамкам гаспадарчай дзейнасці. Багатыя рэсурсамі тутэйшыя мясціны ўвайшлі ў склад Маладолецкага ўчастка Плешчаніцкага леспрамгаса, і каб забяспечыць жыллём прыехаўшых сюды лесанарыхтоўшчыкаў, быў пабудаваны рабочы пасёлак, які атрымаў прыгожую і актуальную ў пасляваенны час назву. Быў у ёй, зрэшты, і іншы падтэкст. “Мы тут усе мірна і дружна жылі, падтрымлівалі адзін аднаго”, – прыгадваюць прадстаўнікі вялікай сям’і Дземяшкевічаў, для якіх юбілей стаў нагодай, каб сабрацца разам, пабываць на месцы, дзе калісьці стаяла родная хата, аб якой зараз нагадвае толькі стары склеп. “Я амаль равесніца пасёлка, з’явілася на свет у 49-м і расла разам з ім. Мама працавала паштальёнам, я, канечне, ёй дапамагала, а таму добра ведала ўсіх аднавяскоўцаў, – расказвае мінчанка Людміла Віктараўна Дземяшкевіч.
А вось жыхарка Мазыра Марына Арцюх і ўвогуле нарадзілася ў год заснавання Мірнага. Яе бацькі былі прыкметнымі ў пасёлку асобамі, бо працавалі на пякарні. Увогуле работа леспрамгасаўцаў была фізічна цяжкай, планы нарыхтоўкі драўніны даводзіліся вялікія, і прадпрыемства клапацілася пра быт працаўнікоў, забеспячэнне Мірнага ўсім неабходным. Пасёлак прырастаў дамамі і жыхарамі: так, у шасцідзясятых тут было больш 80-ці сядзіб, у якіх жылі каля 400 чалавек. Дапамагалі, вядома ж, вяскоўцы і мясцоваму калгасу, усім пасёлкам выходзілі на суботнікі. А за ўдарную працу праўленне звычайна выдзяляла бычка: весяліцца лесарубы таксама ўмелі, але ж ніколі не было такога, каб пасля свята нехта не выйшаў на работу ці працаваў на адчэпнага.
70 год – узрост спелага лесу. І разам з магутнымі соснамі і елкамі расло і сталела першае пакаленне нарадзіўшыхся ў Мірным дзяцей. “У кожнай хаце быў “квартэт”, а то і пяцёра малых, – расказвае доктар фізічных навук Генадзь Пятровіч Броўка, які, да слова, і з’яўляецца галоўным арганізатарам сустрэчы. Зрэшты, у сям’і самога будучага навукоўцы дзяцей было аж шасцёра. Іх тата рана памёр ад сухотаў: адбілася партызанскае мінулае і цяжкая праца лесаруба, і маці гадавала малых адна. “Для мяне гэтая жанчына заўсёды была прыкладам працавітасці і нястомнасці, дабрыні і пяшчоты, – узгадвае стрыечная сястра Г.Броўкі жыхарка Светлагорска Валянціна Уладзіміраўна. – Каб паставіць дзяцей на ногі, яна бралася за любую цяжкую працу і за сваю нежаноцкую двухжыльнасць нават атрымала ў вяскоўцаў прозвішча “брат каню” – гучала яно, мабыць, грубавата, але ж трапна, ды і лесарубы лагодных слоў не падбіралі. Памятаю, як мы, малыя – радня і проста суседзі, шумным натоўпам збіраліся ў іх хаце, а цёця Марыя ніводнага разу не сказала, што мы перашкаджаем, заўсёды знаходзіла, чым нас пачаставаць…”
Шмат шчымлівых успамінаў юнацтва і ў яшчэ аднаго прадстаўніка пакалення першых дзяцей Мірнага Аляксандра Яфімавіча Жданко, які прысвяціў жыццё вайсковай справе. Разам з жонкай Галінай Юр’еўнай яны з гатоўнасцю прыехалі на юбілей з Масквы. Пра складанасці і выпрабаванні прыгадваць мужчына не стаў, а вось вясёлыя эпізоды аднавіў ахвотна. “Адным з любімых і заўсёды чаканых святаў у нас, вясковых падлеткаў, было Купалле. Да яго мы загадзя рыхтаваліся, прыдумвалі гарэзлівыя выхадкі і розыгрышы. Маглі, напрыклад, ноччу цішком памяняць у суседніх хлявах кароў ці ўзлезці да кагосьці на дах ды прыкрыць шклом комін, каб потым са смехам назіраць, як гаспадары намагаюцца праветрыць задымленую хату. У гэтым сэнсе мы з сябрамі нават мелі “ганаровы” статус запісных вясковых хуліганаў. Зрэшты, аднойчы ён трапіў пад сумненне: неяк раніцай пасля Купалля мой тата выйшаў з хаты і… рухнуў на зямлю, бо нейкія дурасліўцы адцягнулі ад парога наш ганак! “Як жа так, вы першыя прайдзісветы на сяле, а ў саміх такое творыцца! – зрабіў мне вымову бацька. – Аўтарытэт ваш, аказваецца, дуты…”
Дзякуй вам, што вы тут жывяце. Хтосьці ж жыць у гэтым месцы павінен…
Гэта радкі аднаго з вершаў Г.П.Броўкі: нашы пастаянныя чытачы ведаюць, што знакаміты фізік з’яўляецца таксама і аўтарам удалых літаратурных твораў. А адрасаваў ён іх тым сціплым працавітым людзям, што ўсё жыццё правялі на сваёй малой радзіме. Па яго словах, свята пасёлка задумвалася не толькі для сустрэчы прыезджых, а і для таго, каб мясцовыя жыхары змаглі адпачыць ад сваіх шматлікіх спраў, расквеціць аднастайнасць вясковых будняў. І яны гэтым з задавальненнем скарысталіся. З 16 гадоў жыве ў Мірным Ганна Паладзьеўна Шылёнак: некалі працавала ў лазні леспрамгаса, потым – даглядчыцай на ферме ў Малых Дольцах. “Добра, што гарадскія ў нашу вёску прыязджаюць, аднаўляюць дамы, апрацоўваюць участкі. Хочацца, каб у пасёлка была будучыня, ды і нам, мясцовым, весялей”, – разважае жанчына. З прыгожым букетам для артыстаў прыйшла на фэст 86-гадовая Марыя Кузьмінічна Захарэвіч. Прынамсі, яна не самая пажылая жыхарка вёскі: гэты статус мае Ганна Уладзіміраўна Броўка, якой споўніўся 91 год. Пры гэтым жанчына сама пасадзіла сёлета агарод і наадрэз адмаўляецца пераязджаць у горад да дзяцей. Тыя ж, каб дапамагаць матулі, самі прыязджаюць у вёску і па чарзе жывуць з ёй – такое вось “мірнае” рашэнне праблемы!
А вось пляменніца Ганны Уладзіміраўны Леаніда Пятроўна Броўка пасля 40 гадоў, пражытых у Мінску, вырашыла вярнуцца на малую радзіму. Падрамантавала хату, завяла немалую гаспадарку – свінак, коз, курэй і нават бычка. Заманьвае ў Мірны і сваю сяброўку Валянціну Уладзіміраўну Бабіч: лепяльчанка ўжо праводзіць тут значную частку года. “Нічога, вось хутка апарасіцца мая свінка, дык я ёй парасят падару, вось і пераедзе сюды канчаткова!” – дзеліцца “каварнымі” планамі Леаніда Пятроўна. Трэба сказаць, што сябруюць гэтыя жанчыны з дзяцінства і, сабраўшыся разам, могуць бясконца прыгадваць цікавыя гісторыі той пары. Адну з іх расказалі і нам. Падчас экзаменаў за восьмы клас Леаніда заваліла адзін з прадметаў. У журбе дабрыла да пасёлка і вырашыла зняць стрэс купаннем у возеры. Скінула сукенку і белы фартух, акуратна павесіла на куст, каб не пакамячыліся, і паплыла ўдалеч. Тым часам са школы дамоў вярталася Валя, якая з жахам убачыла на пустым беразе белы фартух і вырашыла, што сяброўка з-за правалу на экзамене пайшла на самагубства. Праз некалькі хвілін ашаламляльную вестку ведалі ўжо і ў школе, і ў пасёлку, і калі Леаніда нетаропка падплывала назад да берага, то са здзіўленнем убачыла на ім натоўп узбуджаных людзей… “Напэўна, ніколі больш у жыцці мяне так радасна не сустракала столькі чалавек!”, – жартуе жанчына, якая і праз гады захавала вясёлы характар…
За апошнія гады прырос Мірны і новымі сучаснымі пабудовамі: гэты запаветны куточак вабіць жыхароў мегаполісаў, якія мараць пра спакой і цішыню. Ужо амаль паўтара дзясятка год праводзяць тут лета мінчане Яўген Леанідавіч і Тамара Іванаўна Савічы. А пачалося з таго, што галава сям’і – прафесар тэхнічных навук, выкладчык БНТУ, аўтар 30 кніг – некалі разам з сябрамі спыніўся ў Мірным у Доме паляўнічага і настолькі прасякнуўся прыгажосцю гэтых мясцін, што вырашыў набыць тут дом. Зараз іх сядзіба – сапраўдная славутасць пасёлка: тут ёсць і арыгінальныя кампазіцыі з дрэва, і мінівыстава ваеннай тэхнікі, і нават хатні музей этнаграфіі. “Наладжанае намі свята – добрая справа. Сам я родам са Жлобінскага раёна і штогод арганізую на сваёй малой радзіме нешта падобнае. Найперш мы талакой убіраем вясковыя могілкі, наводзім парадак у наваколлі, потым варым юшку і святкуем сустрэчу. Лічу, што кожны з нас павінен адчуваць адказнасць за стан таго куточка зямлі, дзе ён нарадзіўся”. Цалкам згодны з гэтым і гаспадар яшчэ адной прыгожай сядзібы Уладзімір Іванавіч Давідовіч. Сталічны прадпрымальнік, які працуе ў сферы нерухомасці, высока ацэньвае турыстычны патэнцыял Ушаччыны, бачыць перспектыву аднаўлення многіх населеных пунктаў, прывабных для прыватнай забудовы. А яшчэ Уладзімір Іванавіч адзначае, што нідзе не бачыў такой колькасці творчых і таленавітых людзей. “Неяк год сем таму ў мяне на сядзібе выконвалі работы два ўшацкія электрыкі, і я быў моцна здзіўлены, калі яны пачалі напамяць дэкламаваць вершы Рыгора Барадуліна!”
У карагодзе талентаў
Зрэшты, ацаніць творчыя таленты ўшачан змаглі ў гэты дзень усе госці свята, для якіх работнікі і гурткоўцы Вялікадолецкага сельскага Дома культуры падрыхтавалі цудоўны канцэрт. Сярод артыстаў быў нават старшыня сельвыканкама Алег Леанідавіч Сыс, які парадаваў гледачоў песнямі пад гітару. Духмяны каравай ад арганізатараў атрымаў старэйшына вёскі Аляксандр Дзмітрыевіч Гузёнак, які гэтымі днямі таксама адзначыў юбілей – уласнае пяцідзесяцігоддзе. Выставу “А я ж у сэрцы не змяніўся”, прысвечаную творчасці народнага пісьменніка Беларусі Петруся Броўкі, прывезла ў Мірны бібліятэкар Вялікадолецкай бібліятэкі-філіяла Людміла Віктараўна Лапацкая. Не маглі абмінуць гэты фэст і ўдзельнікі народнага клуба творчых сустрэч “Муза” раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Прагучалі цёплыя шчырыя словы і ўспаміны, пранікнёныя вершы ў выкананні кіраўніка клуба Галіны Варатынскай і яго старажыла Аляксандра Лосева, а ўдзельнік творчай суполкі Аляксандр Пранік прэзентаваў песню на верш Г.Броўкі і музыку Наталлі Варатынскай. Вядома ж, прагучалі на свяце і радкі самога Генадзя Пятровіча, прысвечаныя гісторыі родных мясцін і сваім землякам. І нібыта квінтэсенцыяй усяго мерапрыемства сталі наступныя яго словы: “Для нас паняцце “малая радзіма” – не проста ўстойлівы выраз, і нам не трэба ніякіх дырэктыў, каб шанаваць тое месца, дзе мы нарадзіліся!”
Наталля БАГДАНОВІЧ.