У гэтыя жнівеньскія дні клопаты бацькоў школьнікаў звязаны найперш з падрыхтоўкай да навучальнага года. Адзенне, абутак, ранцы і тое, што ў іх трэба пакласці… Усіх хвалюе пытанне, дзе набыць неабходнае, ды так, каб не надта спустошыць кашалёк. Мы вырашылі дапамагчы ў гэтай справе і, узброіўшыся спісам патрэбных тавараў, накіраваліся па гандлёвых кропках райцэнтра.
Каб касцюмчык сядзеў
Найбольшая сума грошай патрэбна на вопратку. Як адзначылі ва ўнівермагу, за адзеннем бацькі пачалі прыходзіць яшчэ з пачатку чэрвеня. Тым больш, што цэны на яго былі папярэдніх завозаў. Зрэшты, і зараз прыемныя скідкі на рэчы 2017 года прапануе пакупнікам беларускі вытворца “Калінка”: 20 працэнтаў – на ўборы дзелавога стылю і 40 – на ўсё астатняе.
Сярод пастаянных пастаўшчыкоў таксама “БелКрэда”, “8 Сакавіка”, “Світанак”. Прадстаўлены імі ва ўнівермагу асартымент шырокі: шмат тут касцюмаў, жакетаў, блузак, штаноў, кашуляў, джэмпераў, сарафанаў, спартыўных касцюмаў (хіт – са святлоадбівальнымі элементамі за 44 – 65 руб.), нацельнай бялізны.
Кошт разлічаны практычна на любы кашалёк. Напрыклад, хлапчуковы касцюм-двойку для малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту можна набыць за 70 руб., а для старэйшага – ужо каля 100. Штаны абыдуцца ў сярэднім у 35-40 руб. Без праблем можна падабраць для хлопчыка белую ці каляровую кашулю, а для завершанасці вобразу – яшчэ і гальштук ці бабачку. Зрэшты, завоз апошніх плануецца ва ўнівермагу на наступным тыдні. Кошт сарафанаў і сукенак для дзяўчынак ад 40 да 50 рублёў, спадніц – ад 30 да 38, штаноў – ад 37 да 40, блузак – ад 19 да 45. Калі чагосьці не хапае, няма патрэбнага памеру, можна зрабіць заяўку.
Акрамя традыцыйна высокай якасці гэтыя рэчы “падкупляюць” і прывабным знешнім выглядам. Асабліва гэта датычыцца дзявочых убораў. Эфектныя сарафаны з выразамі, клёпкамі, рознакаляровымі ўстаўкамі, стыльныя джэмперы-падманкі парадуюць юных модніц.
Што датычыцца абутку для дзяцей, то ён паступае ў “Гандлёвыя рады” з прадпрыемстваў Магілёва, Гродна, Ліды, СП “Марка”, ЗАТ “Сівельга” і іншых. Кошт тавару залежыць ад мадэлі.
Адзенне, абутак для школьнікаў акрамя райспажыўтаварыства прапануюць і індывідуальныя прадпрымальнікі. Кошт такога тавару менш магазіннага ў сярэднім на 25-30 працэнтаў.
Неабходныя дробязі
Як заўсёды, на прылаўках магазінаў і рыначных ралетаў вялізны выбар канцылярскіх тавараў для школьнікаў. Вочы разбягаюцца не толькі ад прапанаванага асартыменту, але і ад цэн. Мяркуйце самі: кошт пеналаў зараз вагаецца ад 1 руб. (за просты тубус) да 10 руб. 70 кап. (“мяккі” варыянт на 3 аддзяленні). Абодва “рэкорды” зафіксаваны ў адным і тым жа месцы – на рынку. Аналагічная сітуацыя і з дзённікамі: ва ўнівермагу ён каштуе 92 і 98 кап. (для 3-4 і 5-11 класаў), а на рынку – 2 руб. 30 кап. (у цвёрдым пераплёце).
Ва ўнівермагу 12-аркушавы сшытак каштуе 17 кап., паўагульныя – ад 41 да 85 кап., агульныя – 1 руб. 20 кап.; у “Белбланкавыдзе”, адпаведна: 13 кап., 49 і 55 кап., 87 кап. і 1 руб. 90 кап.; на рынку 13 кап, 80 кап., 1 руб. 40 кап.; у “Дабраноме” тонкі сшытак – 22 і 45 кап., агульны – 1 руб. 9 кап.
Вокладкі для сшыткаў ва ўнівермагу каштуюць 78 кап. за набор з 10-ці штук, у “Белбланкавыдзе” – ад 1 руб. 80 кап. да 2 руб., на рынку – 17 кап. за штуку. Ужо не першы год на паліцах са школьнымі таварамі наборы вокладак для кніг лепельскай вытворчасці. Іх у наборы для пэўнага класа столькі, колькі падручнікаў прадугледжвае школьная праграма, прычым, улічаны нават іх памер. Кошт набораў складае ад 3 руб. 65 кап. да 6 руб. 49 кап. Калі ж набываць вокладкі для кніг паасобку, то кожная пацягне на 39-45 кап., а на рынку – 70 кап.
Кошт на прылады для малявання залежыць ад колькасці колераў і вытворцы. Так, ва ўнівермагу 6-колерную палітру алоўкаў можна набыць за 1 руб. 30 кап, 12-колерную – ад 2 руб. 53 кап. да 3 руб. 11 кап. У “Белбланкавыдзе” кошт аналагічнага тавару на 12 колераў складае 3 руб.70 кап., у “Дабраноме” – 3 руб. 55 кап., а на рынку пачынаецца з 3 руб. Найбольш хадавыя наборы фламастараў – на 12 колераў – ва ўнівермагу каштуюць ад 1 руб. 75 кап. да 2 руб. 62 кап., на рынку – ад 2 руб. 60 кап. да 6 руб. 80 кап., у “Белбланкавыдзе” – 3 руб. 50 кап. Кошт на акварэльныя фарбы (16 колераў) ва ўнівермагу 4 рублі, гуаш (6 колераў) – 3 руб. 22 кап. Самыя танныя альбомы для малявання на 40 лістоў можна знайсці на рынку – 1 руб. 90 кап., у “Белбланкавыдзе” такі тавар абыдзецца ў 2 руб. 7 кап., ва ўнівермагу – 2 руб.14 кап. і 2 руб. 30 кап. Адчувальная разбежка назіраецца на кошт пластыліну. Мінімальны складае 1 руб. 45 кап. на рынку і 2 руб. (12 колераў) у “Белбланкавыдзе”. А вось пра максімум сказаць складана, бо даводзілася бачыць і за 3 руб., і амаль за 5 (васковы).
Асобна хочацца спыніцца на выбары школьнага ранца. Не сакрэт, што ад зручнасці мадэлі будзе залежыць здароўе спіны вашага дзіцяці. Усім патрабаванням адпавядае тавар, выпушчаны “Галантэяй” і прадстаўлены ва ўнівермагу. Кошт яго складае ад 47 (для вучняў малодшых класаў) да 70 руб. Выбраць ёсць з чаго, аднак на наступным тыдні чакаецца дадатковы завоз гэтых запатрабаваных рэчаў. Нямала школьных сумак, ранцаў і на рынку. Да таго ж у прадпрымальнікаў можа быць у наяўнасці мінулагодні тавар ці рэчы з невялікімі дэфектамі – іх кошт ніжэйшы.
Можна і ў крэдыт
Як нам расказала вядучы таваразнаўца райспажыўтаварыства Наталля Васільеўна Чабатар, выязны гандаль райспажыўтаварыства пад шыльдай “Школьны базар” з аўторка па пятніцу чакае пакупнікоў у першай палове дня на рынку райцэнтра. Неабходны пералік тавараў завезены і ў сельскія магазіны.
Перабояў з пастаўкамі няма, як, зрэшты, і пакупніцкага ажыятажу. Як правіла, рост апошняга прыпадае на другую палову жніўня. У гэтай сувязі 17 і 25 чысла ва Ушачах райспажыўтаварыствам будуць ладзіцца пашыраныя выставы-продажы тавараў школьнага асартыменту з 15-працэнтнай скідкай ад рознічнага кошту. Такая ж выгадная прапанова чакае пакупнікоў з 28 па 31 жніўня ў рамках акцыі “Школьны бум”. А з 25 ліпеня па 31 жніўня ў раёне дзейнічае акцыя “Добры дзень, школа!”: пры пакупцы тавараў школьнага асартыменту (адзення, канцылярскіх тавараў) на суму ад 250 рублёў можна скарыстацца беспрацэнтным крэдытам на тэрмін да трох месяцаў без першапачатковага ўзносу.
Разабрацца ва ўсіх гэтых прапановах, а таксама зарыентавацца ў моры школьных тавараў дапамогуць вопытныя прадаўцы. Вось і ў дзень нашага візіту ва ўнівермаг стосы сшыткаў адлічвала і падавала юным пакупнікам Галіна Віктараўна Баравік. “А яшчэ нам клей, папку, кардон, набор каляровай паперы”, – агучвала заказ дзяўчынка-школьніца. Чым менш застаецца летніх дзянькоў, тым больш становіцца пакупнікоў, якім першавераснёўскі званок надасць статус вучняў.
Падрыхтавала К.КАВАЛЕЎСКАЯ.