Неприглядная «классика»: состояние придорожных полос и автобусных остановок на центральных дорогах района оставляет желать лучшего

Актуально Благоустройство

Калі ў замежных наведвальнікаў пытаюцца, чым запомнілася ім наша краіна – практычна кожны прыгадае чысціню і добрыя дарогі. А вось у нашым раёне гэтыя два паняцці сумясціць ніяк не ўдаецца. Прычым не трэба браць умоўную гравійку ў аддаленым сельсавеце – дастаткова бывае праехаць па цэнтральных аўтастрадах.

На вытворчай нарадзе старшыня райвыканкама раскрытыкаваў дарожнікаў за неналежны стан прыдарожных палос і парадак на аўтобусных прыпынках. У тым, што нараканні небеспадстаўныя, упэўніліся на свае вочы, калі накіраваліся ў рэйд па асобных буйных дарогах. Р-113, безумоўна, адносіцца да такіх – гэта своеасаблівыя вароты раёна ў напрамку абласнога цэнтра. І па колькасці транспарту, які перамяшчаецца па гэтай трасе кожны дзень, яна саступае хіба што полацка-мінскаму напрамку. Саступае і па дагледжанасці – стан палатна прымальны, а вось больш-менш прыкметныя сляды дзейнасці па абкосе прыдарожных палос і падтрыманні чысціні на аўтобусных прыпынках можна ўбачыць ад райцэнтра да моста ў Чарсцвядах, які зараз рамантуецца работнікамі Ушацкай лінейна-дарожнай дыстанцыі ДЭУ-37 г.Лепель. Пачынаючы ж ад Загор’я і да мяжы раёна – перапоўненыя сметнікі, зарослыя прыпынкі і абочыны. Месцамі кустоўе дасягае асфальту, а ўязная стэла-указальнік раёна з боку Віцебска праглядваецца толькі напалову.

Дарога, якая звязвае аграгарадкі Вяркуды і Глыбачка, таксама асфальтаваная і ажыўленая. “Гаспадарыць” на ёй ДРБУ-105, але робіць гэта не надта ўдала. На значных участках прыдарожных палос кустоўе высечана, але месцамі складзена амаль на дарозе, што замінае руху аўтатранспарту. А ў Цётчы аўтобусны прыпынак нібы і вызвалілі ад акружаючай яго расліннасці, ды склалі яе… прама тут жа. Сметнікі ля павільёнаў таксама перапоўненыя і, шчыра кажучы, чакаць аўтобус у такім антуражы наўрад ці каму спадабаецца. А на асобных прыпынках, як напрыклад, у Глыбачцы (у аграгарадку!), на першы погляд наогул знаходзіцца небяспечна – размыты асфальт, зламаныя лаўкі і антысанітарыя.

Праехалі ад Ушач і ў бок Зябак. Агульны знешні стан трасы мяняецца ў напрамку ад райцэнтра не ў лепшы бок. Між тым, работнікі абслугоўваючай арганізацыі – ДРБУ-105 зараз праязджаюць тут кожны дзень: кладуць асфальт ад з’езду з дарогі на Кублічы, ужо дайшлі да аграгарадка. Справа карысная і важная, але мабыць з-за яе забываюць дарожнікі пра іншыя – бо стан прыпынку, напрыклад, у Чамярычыне, інакш як жахлівым не назавеш. Да яго рукі не дайшлі, ці мабыць іх не хапае ў арганізацыі…

Скаргі грамадзян на дрэнны стан дарог – класіка жанру. Рэдка якая “прамая тэлефонная лінія” з кіраўніцтвам раёна абыходзіцца без званкоў на гэту тэму. Перыядычна скардзяцца ўшачане і нам у рэдакцыю. Сапраўды, стан асобных транспартных “артэрый” пакідае жадаць лепшага. Пісалі мы і пра скарачэнне фінансавання дарожнай галіны і пра дарагавізну, бо сфера гэта вельмі капіталаёмістая і пакласці асфальт па гравійках у бліжэйшай будучыні не ўяўляецца магчымым. Канечне, добра было б будаваць дарогі, як і дамы, – на вякі. Але дарожнікі сцвярджаюць, і мы разумеем, што гэта немагчыма. А вось своечасова абкасіць прыпынак, прыбраць смецце і адрамантаваць лавачку можна без значных затрат. Як і вызваліць з “палону” кустоўя дарожныя знакі, якіх месцамі і не бачна. Гэта не толькі эстэтыка і камфорт, а і бяспека ўдзельнікаў дарожнага руху, цана якой вельмі высокая.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *