Отцовская наука. 15-летний Влад Анетько помогает родителям и умело справляется с большим подсобным хозяйством

Всё начинается с семьи Личное подсобное хозяйство

Перш чым узгадніць на пасаду намесніка дырэктара ДП “Маяк- Ушацкі” А.Ю.Анэцьку, дырэктар Полацкага камбіната хлебапрадуктаў Васіль Кузьміч Хамёнак спецыяльна заехаўся да яго дамоў. Які там парадак, так чалавек і да працы ставіцца – меркавалі пра работнікаў. Убачаным застаўся задаволены: “Холдынгу патрэбны гаспадары”. А паколькі Антона Юльянавіча з той пары (з красавіка) амаль не бачаць дома, то старэйшым над усёй гаспадаркай у Кляпцах па сутнасці стаў пятнаццацігадовы Уладзіслаў.

Конь, трактар, дзве каровы, некалькі дзясяткаў авечак, дзесяць парсюкоў, два гектары зямлі… І адказнае стаўленне да даручанага.

Ці пакрыта свінаматка, гаспадыня Алена Піліпаўна дакладна не ведала, а Уладзіслаў ні на хвіліну не вагаўся. “Пакрытая”, – упэўнена зазначыў ён, тым самым даўшы зразумець, што догляд за жывёлай пераважна на мужчынах – ім і бацьку.

Ён татаў сын не толькі па падабенстве. З маленства побач пры любой рабоце. Калі Антон Юльянавіч працаваў майстрам у Кубліцкім лясніцтве, спецыяльна трымаў нават два кані, каб разам з ім аб’язджаў угоддзі і Улад. Такім чынам прывучаў да язды вярхом і коней, і сына, які зараз упэўнена трымаецца і ў сядле, і без яго. Са спецыяльным, кавалерыйскім, звязаны і самы вялікі разлад з жонкай. Не параіўшыся, аддаў за сядло 150 долараў, што было вельмі адчувальнай сумай для сямейнага бюджэту. Аднак, нават калі б запытаўся – усё роўна заплаціў бы, бо вельмі любіць коней і сам хлопцам ездзіў у такім жа.

– Гэта быў падарунак старшыні калгаса: пастухоў не хапала, а я падмяняў бацьку і праз дзень пасвіў кароў менавіта конна, а яшчэ і на грабілцы паспяваў працаваць, – прыгадвае А.Анэцька. – Зарабіў 45 рублёў, а 43 каштаваў веласіпед. Так з шостага класа з нашага хутара ў школу ўжо ез­дзіў на нікеліраваных колах.

Добра ведае гэтую гісторыі і Уладзіслаў, які часта гасціў на Шаркаўшчыне і таксама вучыўся ў дзеда быць “рабацягай”, як паважліва называе Юльяна Восіпавіча. Гэта ад яго каровы выгадавалі сабе ў Кляпцах цялушку, а потым другую, завезлі авечак, курэй. “Уся гаспадарка – заходняя, я асабістае з грамадскім ніколі не блытаў”, – жартуе Антон Юльянавіч. А вось пчоламі так і не абзавяліся. “Баімся з бацькам, аднойчы дапамагалі дзеду, і пакусалі яны нас моцна”, – расказвае Улад, які аднак кожную раніцу і вечарам з’ядае лыжку мёду з халоднай вадой. Дзедава навука, каб быць здаровым. А таксама рэгулярна займаецца з “гантэлямі”: вілы, плуг, каса развіваюць мускулатуру лепш за спецыяльныя прылады. Дарэчы, за плугам юнак ходзіць з трынаццаці гадоў, ну а сёлетняй вясной толькі першы раз, калі не бачны былі барозны, дапамог паганяць бульбу бацька. Астатнія – сам. І “беларускі хлеб”, што займае сёлета “ўрэзаныя” 50 сотак, урадзіў на славу.

Аб усім Улад разважае з сялянскай кемлівасцю практыка. “У кароў акрамя вады, соль пастаянна павінна быць. Каб на гарышчы лепш захоўваліся яблыкі, яны павінны піць – паміж ухутаных скрыняў абавязкова ставім слоікі з вадой, плады са свайго саду ляжаць да сакавіка-мая. Парсюкоў спакойна вядзеш, куды трэба, калі апрануць іх у спецыяльную “аброць”, у якую трапляюць пярэднія ногі і галава. Заўважыў, што растуць яны лепш, калі корм разнастайны. Таму да бульбы дабаўляю буракі ці яблыкі. Сала ў нашых кабаноў у чатыры пальцы”, – пры гэтым юнак паглядзеў на сваю далонь – узважыў, ці дарасла да патрэбнага памеру.

“Мужчына павінен умець літаральна ўсё”, – лічыць Антон Юльянавіч і па гэтым прынцыпе выхоўваў трох сваіх сыноў. Артур, якога нядаўна перавялі ляснічым у Глыбачку, спакойна абжыўся на новым месцы. Памыць посуд, бялізну, выканаць так званую жаночую работу – не праблема і для будаўніка Уладзіміра. І любы з трох можа адзін застацца з вялікай гаспадаркай і без падказак ведае, што рабіць. Даўно не ўваходзіць у абавязкі дарослых раздзелка туш, нават Улад хутка гэта робіць, праўда, разбірае пакуль толькі авечак. Сваімі рукамі змайстраваны сані і калёсы, іншыя гаспадарчыя прылады. А нядаўна на двары сыны збудавалі альтанку, сабралася ўся сям’я ў ёй, праўда, толькі адзін раз. “Хлопцы працавалі, аднак і зналі за што: веласіпеды і матацыкл у іх заробленыя. Не перашкода гаспадарка і вольнаму часу – каб пагуляць, усё загадзя зробяць”.

Былі ў сям’і Анэцькаў па-сапраўднаму цяжкія часы, калі без гаспадаркі проста не пражылі б. Цяпер у ёй няма такой патрэбы, праўда, толькі матэрыяльнай. А маральная застаецца, як трывалая спадчына Бацькаўшчыны. Усяму, што ўмее, навучыў Антон Юльянавіч сыноў. Хаця, не – марыць, каб пераняў малодшы яшчэ і яго прафесію агранома – “рэдкую ў наш час”.

Улад жа пакуль мяркуе стаць машыністам цягніка, а ў бліжэйшых планах – завесці трусоў, ужо распытваўся пра тонкасці іх гадоўлі ў настаўніка, што трымае. Гэта будзе выключна яго жывёла.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *