Адкрыцця комплексу “Юнацтва-Ушачы” мы, жыхары Сарочына, чакалі. Дабірацца нам не так зручна, як жыхарам гарпасёлка, аднак скаапераваліся і спачатку па разавых квітках хадзілі ў басейн, а з лютага прыязджаем кожны аўторак і пятніцу па абанеменце. Няхай і не плыўчыхі, аднак у басейне вельмі падабалася. За гадзіну мы і паплаваем, і зробім практыкаванні, якія нам паказалі, і солі пад водным каскадам разаб’ём, і на трэнажорах пазаймаемся. Насычаная гадзіна атрымлівалася. Праўда, да нядаўняга часу.
20 ліпеня пасля заканчэння на комплексе прафілактычных работ прыемна здзівіліся камфортнай тэмпературай, якой не было нават зімой. А праз тыдзень нас ужо сустрэў “пусты” басейн. У вадзе – ні аднаго з шасці “веласіпедаў”, не працаваў і каскад. Кіраўніцтва комплексу сказала, што ён зламаўся, а трэнажоры не ставяць, бо нехта параніўся. Але ж у басейне і патануць можна, дык што ж цяпер – ваду зліваць? Калі мы, дарослыя людзі, падыходзім да трэнажора, то адказнасць за ўласную бяспеку бяром на сябе. Ды і не складаныя там механізмы, каб не разабрацца.
Да добрага прывыкаеш хутка. А басейн менавіта тым і зацікавіў, што там было чым заняцца, проста паплаваць мы і ў возеры можам. Наш комплекс зусім малады, года не адпрацаваў, і калі нешта не працуе, значыць трэба выходзіць на вытворцаў, прадаўцоў і рамантаваць па гарантыі. І не эканоміць на наведвальніках зніжэннем тэмпературы ці адключэннем каскаду. Такім чынам можна хутка разгубіць іх.
Просім праз газету даць адказ, калі басейн будзе працаваць з поўным, а не ўрэзаным аб’ёмам паслуг.
Наведвальнікі з Сарочына.