В Сорочинском сельсовете ведут ремонт дорог, в Ильюшино новый облик обрёл магазин. Новости с сельсоветов Ушаччины

Саветы і жыццё

У Год малой радзімы

Вельмі карысную работу правёў на сваёй малой радзіме Аляксандр Яўгенавіч Шкодзін, дырэктар ДП “Маяк-Ушацкі”. Хаця пасада тут ні пры чым – абкасіў тэрыторыю вакол роднага працяглага і маланаселенага Ляхава Глыбачанскага сельсавета ён па закліку душы, якая аказалася шырокай: добраўпарадкавана плошча ў некалькі гектараў. Абкошаны не толькі могілкі і бацькоўская сядзіба, а і кінутыя ўчасткі землякоў, дзе магла прайсці касілка.

Новы брэндбук райспажыўтаварыства

Зусім іншымі фарбамі зайграў магазін “Родны кут” у Ільюшыне. Па сутнасці райспажыўтаварыства мяркуе ў адным стылі мадэрнізаваць свае гандлёвыя кропкі ў аграгарадках і некаторых іншых населеных пунктах. На абноўленым фасадзе цяпер пануе зялёны колер, не пазнаць і навакольнай тэрыторыі: з’явілася стаянка для веласіпедаў, па-новаму выглядаюць клумбы. І, галоўнае, магазін для зручнасці пакупнікоў пераведзены на самаабслугоўванне.

Рамонт дарог

Сухі час імкнуцца выкарыстаць для рамонту дарог у Сарочынскім сельсавеце і закрыць застарэлыя запыты грамадзян. Адзін з такіх быў ад жыхароў Гайкоў – часткі Ляснеўшчыны. Падсыпалі, разраўнялі і прагрэйдзіравалі “панскую” дарогу і па Бікальнічах, да гэта жыхары карысталіся аб’язной. Чатыры машыны гравію было засыпана па ямах па вуліцы Калгаснай у Мосары. Не чакаючы дапамогі, разраўняў яго мясцовы жыхар Міхаіл Іванавіч Рубанік. На пад’ездзе да Мажэйшчыны падсыпка зроблена за сродкі самаабкладання жыхароў.

Для большага парадку

Кантэйнер для смецця з’явіўся на мінулым тыдні ў вёсцы Пад’язна Кубліцкага сельсавета. Хоць у гэтай вёсцы пераважная большасць дачнікаў, аднак заключылі не меней дзесяці дагавораў (пры такой умове камунгас бярэцца за вываз). Пляцоўку пад кантэйнер абралі на развілцы вуліц, куды прыходзіць і аўтакрама. А разраўняў яе, умацаваў цэглай і высек кусты старэйшына вёскі Аляксандр Леанідавіч Булынка.

Да Пеннай Нівы

Гэтая вёска, у якой столькі год пражывае адзін пажылы жыхар, заставалася адрэзанай ад суседніх, паколькі поле навокал пераворвалася. Цяпер туды можа даехаць і “хуткая дапамога”, і аўтакрама. Зрабілі ж дарогу па просьбе старшыні сельвыканкама В.В.Шаршнёва спецыялісты і тэхніка гаспадаркі “Гараны”, якая ўваходзіць у аграхолдынг пры Полацкім камбінаце хлебапрадуктаў і зараз апрацоўвае частку зямель КУСГП “Глыбачаны”.

Справаздачу перад аднавяскоўцамі

на гэтым тыдні трымала старэйшына вёскі Жары Т.І.Макрыдзіна. Тамара Іванаўна расказала, што сродкі самаабкладання пайшлі на добраўпарадкаванне могілак. Як мы пісалі, раней за кошт спонсара вакол іх была пастаўлена агароджа, і з тых часоў жыхары Жар і Двор Жар здаюць грошы, за якія некалькі разоў на год атрымліваецца абкасіць агульнае месца пахавання продкаў. А вось у Старым Сяле гэта зрабілі шэфы з філіяла “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *