Уборочная кампания набирает обороты в ОАО «Деменец»

Сельское хозяйство

Залацісты курган са спелага збожжа на пляцоўцы ля зернесушыльнай гаспадаркі ААТ “Дземенец” пачаў расці з 30 ліпеня – да жніва сельгаспрадпрыемства прыступіла якраз падчас правядзення раённага свята “Зажынкі”. Зараз камбайны працуюць непадалёк ад цэнтральнай сядзібы, убіраюць узгорыстыя палеткі абапал старой дарогі на Полацк. Засяваліся яны раней, чым землі ў дубраўскім баку, таму і падышлі першымі. У сераду надвор’е спрыяла хлебаробам, і на розных участках працавалі ўсе 5 камбайнаў.

Сімвалічна, што першым сустрэў на выгрузцы зерня Аляксандра Спірыдовіча – менавіта яго фатаграфаваў на старце сяўбы. Таму і запытаў, як яно – пажынаць плады сваёй працы.

– Вось гэта поле якраз і не я сеяў, – усміхаецца камбайнер. – Зрэшты, гэта не прынцыпова. Пакуль стаяць пагодлівыя дзянькі, галоўнае – убраць хлеб як мага хутчэй, каб пазбегнуць страт.

“Ліда-1300” надзейна служыць ужо каторы сезон, колькасць якіх даўно пераваліла за дзясятак, нават заводскі кандыцыянер яшчэ працуе. А.Спірыдовіч тлумачыць гэта надзейнасцю канструкцыі агрэгата са значным працэнтам імпартных дэталей, але калегі Аляксандра сцвярджаюць, што ў іншых руках камбайн даўно спісалі б. Тэхніка ў гаспадарцы не новая, і рамонт прама ў полі – справа звычайная. Аднаму ліквідаваць паломкі бывае няпроста, таму, нягледзячы на дэфіцыт кадраў, стараюцца па-магчымасці падбіраць камбайнерам і памочніка. Напрыклад, разам з А.Спірыдовічам у склад экіпажа ўваходзіць і Мікалай Рыкцер.

Паміж Заполлем і Глыбачкай поле даволі вялікае не толькі для “Дземенца”, а нават у маштабах раёна. Таму месца, каб не замінаць адзін аднаму, хапала двум збожжаўборачным агрэгатам – побач з А.Спірыдовічам працаваў і Аляксандр Яловік. А вось у яго КЗС-1218 кандыцыянер не працуе, таму пот засціў вочы вопытнаму механізатару, з якім пагутарылі падчас кароткага перапынку.

– Убіраць зараз зручна, – кажа Аляксандр Уладзіміравіч. – Збожжа сухое, добра вымалочваецца, і на дапрацоўку не трэба будзе траціць грошы. Не прастойваем, бо адвозіць зерне недалёка, і вадзіцелям прыходзіцца чакаць, пакуль мы напоўнім бункеры.

Уладзімір Жарнасек яшчэ падчас мінулай уборачнай казаў, што яна, напэўна, будзе для яго апошняй, “няхай моладзь падцягваецца”. Між тым, прыемна было зноў убачыць неабыякавага працаўніка за рулём ГАЗ-53. “Два гады ўжо на пенсіі, але вырашыў сёлетнюю ўборачную яшчэ дапамагчы гаспадарцы, бо з тэхнікай для адвозкі зерня ў нас праблема, – тлумачыць Уладзімір Дзмітрыевіч сакрэт “працоўнага даўгалецця”. – Ды і мала хто пагодзіцца пайсці на мой старэнькі “газон”, а я падыход да яго ведаю. Нам на дваіх – пад сотню гадоў: машыне – за трыццаць, а мне – за шэсцьдзясят!” “Дарэчы, гэты пенсійны тандэм на мінулагоднім жніве быў сярод лідараў на адвозцы, не збіраюцца здаваць пазіцыі і сёлета. Падзяліўся У.Жарнасек і маленькімі прафесійнымі хітрыкамі – А.Спірыдовіч высыпае яму два не зусім поўныя бункеры, таму за рэйс невялікі ГАЗ-53 забірае і звыш 5 тон зерня.

На МАЗе гаспадаркі задзейнічаны Васіль Пятроўскі, які ў дадатак з’яўляецца і памочнікам А. Яловіка. Яшчэ тры аўтамабілі на адвозцы ў “Дземенцы” належаць прыватнікам, з якімі заключаны дагаворы на час жніва. Такім чынам, аўтамабіль маецца на кожны збожжаўборачны агрэгат – ля Кублішчына ў гэты дзень працавалі камбайны Мікалая Яловіка, Генадзя Краснова, да якіх пасля рамонту далучыўся Андрэй Кучаронак.

Як паведаміў галоўны аграном гаспадаркі Ігар Уладзіміравіч Іванюта, “Дземенцу” неабходна ўбраць 877 гектараў зерневых і зернебабовых культур. За тры дні абмалочана каля 10 працэнтаў. І з 85 гектараў азімага жыта сабрана 282 тоны: 33,2 цэнтнера з гектара па сёлетнім годзе з’яўляецца вельмі неблагім паказчыкам. І “Дземенец” зноў на звыклых пазіцыях – тут безагаворачна лепшая ўраджайнасць сярод усіх гаспадарак раёна.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *