В Стайском бору прошло празднование Дня святого пророка Ильи

Общество

У тым, што жыхары Ушаччыны свята шануюць памяць прарока Іллі, можна было ўпэўніцца 2 жніўня ў Стайкаўскім бары. Нягледзячы на будні дзень і дастаткова гарачае надвор’е, на цэнтральную паляну з Крыжам і іконай прарока, дзе некалі ўзвышалася царква, з самай раніцы спяшаліся вернікі з усіх куточкаў раёна.

Трэба сказаць, арганізатары паклапаціліся пра тое, каб усе жадаючыя змаглі дабрацца да месца правядзення дзейства – быў арганізаваны падвоз грамадзян спецыяльным аўтобусам. Прама ў лесе працавала гандлёвая кропка райспажыўтаварыства, у якой можна было набыць прахаладжальныя напоі і розныя ласункі. Для камфорту грамадзян работнікі Вялікадолецкага лясніцтва загадзя ўстанавілі лавачкі, правялі абкос тэрыторыі, часткова замянілі насціл ля крыніцы. Парадак і бяспеку забяспечвалі супрацоўнікі райаддзела міліцыі. Традыцыйна дзяжурылі медыкі.

Святочнае богаслужэнне з чытаннем акафіста святому прароку Іллі і вадасвятным малебнам правёў благачынны Ушацкай акругі протаіерэй Вячаслаў Лобец. Надзвычай кранальна прайшло ў гэты дзень хрышчэнне грамадзян. Дзевяць чалавек атрымалі духоўнае нараджэнне, прычым, не толькі маленькія дзеці, але і людзі сталага ўзросту, для якіх прыход да веры – цалкам асэнсаванае рашэнне.

– Іншага варыянту, калі і дзе пахрысціць сыночка Яна, нават не разглядала, – кажа ўшачанка Анастасія Ляхоўская. – Рыхтаваліся з ім да гэтай падзей з асаблівай адказнасцю: будучыя хросныя Кацярына Жогаль-Ляхоўская і Аляксандр Васілеўскі вучылі хлопчыка, як правільна хрысціцца і паводзіць сябе падчас узгаданага таемства, я ж шыла для яго спецыяльны касцюм – па ўсіх канонах праваслаўнай веры. Упэўнена: святы прарок стане надзейным анёлам-ахоўнікам Яна. А калі сын падрасце, магчыма, не раз прыедзе ў гэтае асаблівае для ўсіх вернікаў месца.

Да позняга вечара ў Стайкаўскім бары было мнагалюдна. Адны ціха маліліся ля крыжа, іншыя ставілі свечкі да іконы, і практычна ўсе накіроўваліся да крыніцы, каб набраць святой вады.

– У Стайкаўскі бор у гэты дзень проста не маглі не трапіць! – падзяліліся з намі Ніна Прусава (у дзявоцтве Карабань) і Людміла Шапавалава (Полазава). – Нарадзіліся і выраслі мы ў суседнім Гарадцы, а прыходзіць сюды пачалі з маленства. Час ішоў – а наша сяброўства і традыцыя разам адзначаць Дзень памяці святога прарока Іллі толькі мацнелі. І хоць жывём мы зараз далёка ад Ушач – у Віцебску і Гомелі – абавязкова прыязджаем да гэтай даты на малую радзіму і прыходзім сюды, каб прыняць удзел у богаслужэнні. І так на працягу ўжо больш 50 гадоў!

– Я ж тут упершыню, пра што вельмі шкадую: настолькі яркае ладзіцца дзейства! – далучылася да размовы ўшачанка Тамара Сцефановіч. – Сёння давялося стаць хроснай мамай для пяцігадовага Глеба Пятрышчы, унука майго суседа і добрага сябра Віктара Алексяёнка. Пакуль хлопчык мала што разумее ў падобных рэлігійных падзеях, аднак, што не можа не радаваць, цікавіцца імі. Магчыма, у гэты асаблівы дзень ён зробіць хоць і невялічкі, аднак упэўнены крок да веры.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *