На мінулым тыдні ў райвыканкаме адбылася сустрэча работнікаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна з дэпутатам Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання, дырэктарам Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Сяргеем Аляксандравічам Даніловічам. Народны абраннік закрануў самыя розныя пытанні: расказаў пра падрыхтоўку да ўборачнай кампаніі і яе правядзенне, даў ацэнку рабоце па знішчэнні баршчэўніку, што актыўна праводзіцца на Ушаччыне. Ну і, вядома, не мог абмінуць лясной гаспадаркі, звярнуўшы ўвагу на запланаваныя ў бліжэйшы час змены ў механізме водпуску драўніны насельніцтву. Спрошчаная форма саманарыхтоўкі, па словах дэпутата, будзе даспадобы не толькі работнікам сацслужбы, большасць з якіх – жыхары сельскіх населеных пунктаў, але ўсім, хто мае сілы.
Карыстаючыся выпадкам, з пытаннем аб магчымасці аказання шэфскай дапамогі аддзяленню кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у аграгарадку Вяркуды да дэпутата звярнулася дырэктар ТЦСАН Ушацкага раёна А.У.Хвашчэўская. Ва ўстанове неабходна правесці рамонт агароджы, устанавіць дзве альтанкі і каля 10 лавак. Сяргей Аляксандравіч, які, дарэчы, дагэтуль падарыў аддзяленню вялікі ЖК-тэлевізар, запэўніў, што новыя прыстасаванні для адпачынку пастаяльцаў абавязкова з’явяцца ў бліжэйшы час. Паспрыяе і рамонту агароджы.
Алеся Уладзіміраўна падзякавала С.А.Даніловічу за ўдумлівы падыход пры рабоце са зваротамі выбаршчыкаў і справядліва адзначыла, што дэпутат аблсавета заўсёды імкнецца аказаць садзейнічанне ў накіраванні грошай у наш рэгіён пры прыняцці рашэнняў па выкананні абласных праграм, данесці прапановы і пажаданні грамадзян у адпаведныя дзяржаўныя структуры.
Напрыканцы сустрэчы Сяргей Аляксандравіч адказаў на пытанні сацработнікаў, пажадаў усім моцнага здароўя і поспехаў у годнай справе на карысць малой Радзімы і сваіх землякоў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.