В руках Ивана Вотьковича оживает глина

Общество

Каля 200 тысяч талерак, кубкаў, ваз і разнастайных сувеніраў штомесяц выпускае ААТ “Беларуская мастацкая кераміка”. Прадукцыя радашковіцкага прадпрыемства даўно ўжо заваявала папулярнасць не толькі ў краіне, а і за яе межамі. Ёсць у гэтым плён і маладога ўшацкага майстра Івана Вацьковіча.

Яшчэ ў школьныя гады Ваня вельмі любіў маляваць, яго віншавальныя паштоўкі на святы маме і сястры заўсёды вылучаліся арыгінальнасцю і мастацкасцю. З часам работы станавіліся ўсё лепш і лепш, а ў 2011-м выпускнік Кубліцкай школы, доўга не вагаючыся, падае дакументы і з лёгкасцю праходзіць іспыты ў Віцебскім тэхналагічным каледжы.

– Самы прыемны падарунак той, які зроблены для цябе рукамі твайго дзіцяці, таму і зараз беражліва захоўваю малюнкі сына, – расказвае маці Святлана Тадэеўна. Некаторыя з іх у рамках на сценах заўсёды ўздымаюць мне настрой. Яго выбар будучай прафесіі мы падтрымалі ўсёй сям’ёй, бо ведалі, што ён справіцца з любым творчым заданнем. Кожны дзень з гонарам гляджу на адну з заліковых работ сына – нацюрморт, які быў высока ацэнены выкладчыкамі каледжа.

Атрымаўшы адносна рэдкую спецыяльнасць ювеліра-кераміста, І.Вацьковіч быў накіраваны на першае працоўнае месца ў Радашковічы. Адпрацаваўшы тры гады фармоўшчыкам хлопец зразумеў, што справа гэтая яму сапраўды па душы. Гаршчкі, кубкі, талеркі, цацкі і сувеніры – пералічыць усё, на што здольная гліна ва ўмелых руках, проста немагчыма!

– У наваколлі Радашковіч нямала гліны, якая служыць сыравінай і асновай работы, – расказвае пра нюансы вытворчасці І.Вацьковіч. Апошнім часам прадпрыемства стабільна развіваецца, з’яўляецца спецыялізаванае абсталяванне і зніжаецца доля ручной працы. Вырабы распрацоўваюць прафесійныя мастакі, але часта за аснову яны бяруць спрадвечныя беларускія матывы, імправізуем у стылі народных майстроў. Гэта значыць, ваза ці сувенір лепяцца і размалёўваюцца ўручную, у тым ліку на традыцыйным ганчарным крузе. Тое, што выходзіць з-пад рук ганчароў-фармоўшчыкаў, на прафесійным слэнгу называецца чарапок. Каб ён стаў гатовым вырабам, неабходны – абпал у печы пры тэмпературы 800-900 градусаў. Астыўшы, яны трапляюць у рукі жывапісцаў, затым зноў у печ. І так, калі трэба нанесці яшчэ і дэкор, да трох разоў. У выніку на выраб ад паступлення гліны ў падрыхтоўчы цэх да адпраўкі на склад гатовай прадукцыі затрачваецца 5-7 дзён. Нашы вырабы экалагічна бяспечныя, бо ў гліну нічога не дадаецца. Напрыклад, прадукты ў такім посудзе не варацца, а томяцца – атрымліваецца смачна і вітаміны захоўваюцца.

У бацькоўскім доме, канечне, шмат керамікі, што выйшла з-пад умелых рук маладога майстра. Успамінаюць тут Ваню, штораз беручы кубак з гарбатай, гатуючы бульбу ў гліняных гаршчках ці проста калі позірк спыняецца на сімвале Беларусі – зубрах. Нядаўна ён зноў прыязджаў у родную Слабодку ў водпуск, і прывёз традыцыйныя падарункі родным. Але, трэба сказаць, творчыя людзі ніколі не перастаюць тварыць. Напрыклад, у вольны час Іван па просьбе знаёмых па фатаграфіі простым алоўкам намаляваў карціну бацькі з сынам.

Свае здольнасці ён ацэньвае сціпла і не афішыруе. Але яго можна смела лічыць шчаслівым чалавекам, бо што можа быць лепш, калі работа супадае з любімым хобі? А майстар ён яшчэ малады, і хто ведае, можа, наш зямляк у будучым стане знакамітым мастаком-керамістам.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *