Уникальная имша прошла в костёле святого Лаврентия в Ушачах

Общество

Унікальная імша адбылася тыдзень таму ў касцёле святога Лаўрэна. Вернікаў было нямнога, аднак нагода завітаць у сераду вечарам 25 ліпеня ў іх была ўнушальная. У гэты дзень адзначаўся Хрыстафор – заступнік аўтамабілістаў. Супала гадзіна пасвячэння Віталя ў ксяндзы і 20 год першай службы пад адкрытым небам у нашым яшчэ не адноўленым касцёле, а таксама прыезд ксяндза Ежы.

Апошні раз ён быў у раёне, калі пераводзіўся са службы з Перу ў ЗША. Зараз завітаў на пяць дзён у Беларусь, атрымаўшы месячны водпуск. Прыехаў з сёстрамі Рэнатай, Бажэнай і шваграм Станіславам, якія ў свой час дапамагалі ўзводзіць ушацкую плебанію.

Калі ксёндз Віталь асвячаў у канцы імшы спецыяльна падагнаныя аўтамабілі, запытаўся, адкуль новыя людзі з фотакамерай. Паколькі прыхаджанкай касцёла не з’яўляюся, то мы сапраўды былі не знаёмы. А вось Ежы нагадваць пра сябе не спатрэбілася. За сем год яго службы на Ушаччыне было шмат падстаў сутракацца і пісаць пра прыход: рамонт храма, узвядзенне плебаніі, яе асвячэнне, адпраўленне дзяцей у летнікі ў Польшчу…. І хоць мінула дзесяць гадоў, як ён пакінуў Ушачы, з’явілася шмат новых знаёмых у розных краінах свету, аднак былы кіраўнік прыходу ўсіх, з кім меў справу, памятае па імя, прозвішчах, лёсах.

“А Аня па вашых стапах пайшла?” – запытаўся ў Таццяны Шкіндзер. А таксама пра дзяцей, што бегалі тады да яго займацца. Так, дзверы яго дома былі адчынены, і ён вывучаў як з дарослымі, так і з малымі Біблію, нават калі прыходзіла некалькі чалавек. Даваў азы камп’ютарнай граматы. Радаваўся з’яўленню ў прыходзе кожнага новага чалавека. І змагаўся таксама за кожнага.

Ён, не настаўнік і не беларус, “выцягваў” Пецьку з Угрынак, каб той не трапіў у калонію. Карміў яго, апранаў, арганізаваў індывідуальныя заняткі. Быў яшчэ Лёша, з якім займаўся на камп’ютары, потым падарыў яго, а праз некалькі дзён выкупляў свой жа падарунак, паколькі таму спатрэбіліся грошы… А колькі выпівох вылівала яму душу, а ён, заняты, уважліва іх слухаў: магчыма яны адзіны раз у жыцці рашыліся паспавядацца. Быць побач, дапамагаць і цярпліва чакаць – такі яго педагагічны прынцып. Толькі той, хто па-сапраўднаму любіць астатніх, здольны на падобныя ўчынкі.

– Калі я сёння адпрошвалася ў доктара на сустрэчу, мне не трэба было тлумачыць, хто такі Ежы. Вас ведаюць і памятаюць не толькі католікі, – у гэтым кароткім выказванні Алены Леановіч схаваны вынік яго непублічнай працы ў нашым раёне.

“Мы вельмі часта звяраемся з вамі. Так бы зрабіў ксёндз Ежы”, – гучала неаднойчы. Як і многа іншых слоў як у адрас былога кіраўніка прыходу, так і яго родных, якія некалі выкарыстоўвалі свой водпуск не на моры, а ва Ушачы, каб заліваць падмурак, укладаць плітку – дапамагаць брату будаваць плебанію. А таксама сабраўшыся за накрытым сталом, парафіяне пыталіся ў ксяндза пра асаблівасці службы на новым месцы.

– Тэхас – самы паўднёвы, і, па сутнасці, лацінаамерыканскі штат. У касцёл прыходзяць каля 25 працэнтаў насельніцтва. Вялікія сем’і. Калі раней з маіх прыхаджан у адзінак мог нехта быць асуджаны, то зараз у кожнай сям’і. Гэта калідор наркатрафіка, у якім задзейнічаны многія. Гэта для іх спосаб заробку. Аднойчы забілі чатырнаццацігадовага хлопца. Я думаў, развітацца прыйдзе шмат узрушаных сяброў, а былі толькі родныя. Гэта нікога не ўсхвалявала, – расказваў Ежы.

Ён паведаміў, што зноў вучыцца – атрымлівае адначасова спецыяльнасць псіхолага і камп’ютарнага інжынера. І калі апошняе для мяне зразумела, то вось навошта псіхалогія псіхолагу-практыку. “Каб бачыць рэчы з іншага боку”, – сказаў Ежы, паказаўшы на пачак чаю. Вы бачыце адзін бок, я другі, і абое правы.

Калі яго пытаюцца пра асаблівасці пэўных народаў, ён заўсёды гаворыць: “Я не ведаю амерыканцаў, яны ўсе розныя – я ведаю толькі сваіх прыхаджан. Не ведаю беларусаў, ведаю ўшачан”. Не магла не запытацца, чаму ён заўсёды вяртаецца ва Ушачы. “Людзі. Я даўно змірыўся, што гэта не мой прыход, аднак быццам адчуваю адказнасць. І канечне, настальгія. Я ўдзячны Богу, які дараваў мне правесці тут 7 год”, – пачула ў адказ.

А гутаркі доўжыліся, настолькі ўтульна адчувалі сябе ўсе. Быццам і не было гэтых год разлукі. Быццам заўтра імшу зноў правядзе ён, як і гэтыя вечары разам з ксяндзом Віталем. Вернікі падарылі Ежы на памяць ікону Маці божай Ушацкай, а ў словах кожнага гучала павага, любоў, імкненне быць годнымі. Ім сплочаны сапраўдны касцяк аднадумцаў.

Сёстры ж Ежы, дзякуючы прыхаджанам за цёплы прыём, казалі, што больш гасцінных людзей, чым беларусы, не бачылі. Меркавалі яны, канечне, па ўшачанах. Як і мы ў сваю чаргу пра ўвесь польскі народ судзім па сціплай сям’і ксяндза Ежы.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *