Молодёжь Ушаччины

Общество

Маладосць – цудоўны перыяд у жыцці кожнага чалавека, час спадзяванняў, адкрыццяў і планаў. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі – грамадская арганізацыя, якая ставіць сваёй мэтай стварэнне ўмоў для ўсебаковага развіцця моладзі, раскрыцця творчага патэнцыялу. Аб дзейнасці арганізацыі ў нашым раёне мы папрасілі расказаць першага сакратара РК БРСМ Алену ШАЛАК.

– Маладзёжная палітыка з’яўляецца прыярытэтным напрамкам дзейнасці дзяржавы. Прыцягнуць найбольшую колькасць людзей для ўдзелу ў выкананні значымых дзяржаўных праграм – асноўная наша задача. Менавіта моладзь з’яўляецца тым звяном, праз якое рэалізуецца пераемнасць пакаленняў, адбываецца накапленне вытворчага і інтэлектуальнага вопыту. І БРСМ – гэта саюз тых, каму не ўсё роўна, што адбываецца навокал: у сям’і, двары, школе, горадзе, краіне. На сённяшні дзень раённая арганізацыя налічвае 670 членаў, а гэта 20 працэнтаў ад агульнай колькасці моладзі раёна. Усе яны аб’яднаны ў 58 пярвічных арганізацый.
– Якія напрамкі ў рабоце раённай арганізацыі з’яўляюцца прыярытэтнымі і як яны рэалізуюцца?
– У нашым раёне дзяржаўная маладзёжная палітыка рэалізуецца згодна раённай праграмы “Моладзь Ушаччыны” на 2006-2010 гады, у выкананні якой прымаем непасрэдны ўдзел. Адным жа з прыярытэтных напрамкаў у рабоце раённай арганізацыі з’яўляецца патрыятычнае выхаванне моладзі. Штогод праводзяцца акцыі “Моладзь – ветэранам”, “Ветэран жыве побач”, “За Беларусь!”, “Разам за моцную і квітнеючую Беларусь!”, пастаянна праходзяць патрыятычныя мерапрыемствы, прысвечаныя дзяржаўным святам. Традыцыйнымі сталі дабрачынныя праекты “Добрае сэрца”, “Міласэрнасць”, “Ёлка жаданняў”.
Не менш хвалюючымі і важнымі з’яўляюцца пытанні добраўпарадкавання нашага раёна. У красавіку і маі члены БРСМ удзельнічалі ў маладзёжных суботніках, пасадцы лесу, добраўпарадкоўвалі помнікі і абеліскі, праводзілі ўборку месцаў адпачынку і прыдарожных палос.
Цяпер з ліпеня па верасень праводзім конкурс сярод арганізацый “Моладзь за чысціню гарадоў і сёл”.
Актуальным напрамкам дзейнасці з’яўляецца прафілактыка правапарушэнняў сярод дзяцей і падлеткаў. Актывісты БРСМ, члены маладзёжнай дабравольнай дружыны з’яўляюцца грамадскімі выхавацелямі падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Пастаянна прымаем удзел у рабоце клуба “Падлетак”, які створаны і дзейнічае на базе цэнтра пазашкольнай работы.
– Летам у моладзі больш вольнага часу і многія імкнуцца правесці яго з карысцю, зарабіць грошы. Ці ёсць магчымасць ва ўшацкай моладзі працаўладкавацца на лета пры дапамозе БРСМ?
– Так, мы займаемся індывідуальным працаўладкаваннем членаў БРСМ на лета. У дадзены момант таксама ёсць такая магчымасць. Для гэтага жадаючым трэба звярнуцца да нас. Звязацца з намі таксама можна і па тэлефонах 2-85-06, 2-17-84.
– Што неабходна зрабіць, каб уступіць у Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі?
– Калі вам ад 14 да 31 і вы жадаеце ўступіць у арганізацыю, трэба звярнуцца ў сваю пярвічную арганізацыю па месцы работы ці вучобы, а калі яе няма, то непасрэдна ў раённы камітэт БРСМ. Патрэбна напісаць заяву, прынесці фатаграфію і заплаціць першапачатковы ўзнос (для школьнікаў 1500 рублёў, працуючай моладзі 4000, для занятых у сельскай гаспадарцы 3000).
– Але ж некаторыя скептычна адносяцца да дзейнасці арганізацыі?
– Я згодна, што існуе шмат праблем у краіне і ў маладзёжнай сферы, але нельга спыняцца толькі на цяжкасцях. Канечне, з уступленнем у рады БРСМ жыццё кожнага з нас кардынальна не зменіцца, але з’явіцца магчымасць знайсці аднадумцаў і проста цікавых людзей, прымяніць і развіць свае здольнасці, удзельнічаць у розных праграмах і мерапрыемствах, а таксама ў фарміраванні маладзёжнай палітыкі. Мы жывём у цудоўным ушацкім краі і менавіта нам неабходна напісаць новую старонку ў яго гісторыі. Трэба імкнуцца зрабіць сваё жыццё лепшым і цікавым. Давайце будзем аптымістычнымі і тады абавязкова ўсё атрымаецца.
Падрыхтавала В.ПОЛАЗАВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *