Ветеран пожарной службы Игорь Елисеев знает цену одной секунды

Cлужба-101

Каб сёння быць на ўрачыстым мерапрыемстве побач са сваімі саслужыўцамі, ветэран пажарнай службы Ігар Мікалаевіч Елісееў спецыяльна замяніўся на сваім працоўным месцы, бо гэты дзень у календары для яго заўжды святочны. Лепшыя гады жыцця ён прысвяціў складанай, спалучанай з рызыкай і небяспекай справе – барацьбе з вогненнай стыхіяй. А пасля выхаду на пенсію прадаўжае выратоўваць людзей, толькі ў крыху іншым накірунку, працуючы вадзіцелем “хуткай дапамогі”.

У 1994-м вадзіцель ПМК-66 уладкаваўся ў пажарную часць гарпасёлка, дзе і прайшлі 19 гадоў службы. Спачатку яму даверылі пажарны аўтамабіль, а праз год яшчэ больш складаны ўчастак – стаў начальнікам каравула. Як і ў любога выратавальніка ў І.Елісеева на памяці шмат выпадкаў са шчаслівым фіналам і не толькі.

– Першы мой выезд быў паспяховым: з узгараннем качагаркі ва Ушачах справіліся за 5 хвілін. А вось дэбют начальнікам каравула атрымаўся куды больш складаны – тушыць давялося лазню, што знаходзілася ў месцы цяперашняга водна-аднаўленчага цэнтра. Быў моцны мароз і, каб здабыць ваду, прабівалі лёд на Вечаллі. На шчасце, тады ніхто не пацярпеў, чаго не скажаш пра апошнія мае выезды перад выхадам на адпачынак: у Астравенцы і Ушачах у жылых дамах у агні загінулі гаспадары. У экстрэмальных умовах змагаліся з агнём у Косаўшчыне, калі гарэў вялізны катэдж. Рады за сваіх калег, што цяпер ім на ўзбраенне паступае сучаснае абсталяванне, новая тэхніка, а таксама будуецца новая часць, – гаворыць Ігар Мікалаевіч.

За сваю няпростую працу начальніку каравула даводзілася чуць і неабгрунтаваныя папрокі кшталту не так тушыце, доўга ехалі, вада хутка скончылася… Аднак у большасці выпадкаў людзі ўсё ж былі ўдзячныя за дапамогу. І па сённяшні дзень добрым словам прыгадваюць ушацкіх выратавальнікаў некалі пацярпелыя ў ДТЗ, якое здарылася на тэрыторыі раёна. Лоб у лоб сутыкнуліся іншамарка і “Жыгулі”, найбольш дасталася вадзіцелю апошняй машыны. Не было тады яшчэ спецыяльнага абсталявання, нават гідраўлічных нажніц, і выцягвалі пацярпелых падручнымі сродкамі і інструментамі. Ратаваў каравул людзей, у тым ліку і дзіця, з “Кіраўца”, які перакуліўся ў Заазер’і.

Былі і такія “нерадавыя”, але паспяховыя выпадкі, як выцягванне мужчыны з калодзежа, пошук чалавека, які згубіўся ў лесе.

Ужо на працягу шасці гадоў, заступаючы на дзяжурства ў бальніцы, Ігар Мікалаевіч разумее, што многае ў аказанні медыцынскай дапамогі залежыць не толькі ад урача, а і ад яго: як хутка даімчыць да хворага “хуткая”. Яшчэ з першых дзён пажарнай службы засвоіў, наколькі дарагая кожная секунда!

Ігар Мікалаевіч не страчвае сувязь з калегамі, прыходзіць на прафесійныя святы ды розныя іншыя ўрачыстасці. Тым больш што ўжо на працягу чатырох гадоў з’яўляецца старшынёй ветэранскай “пярвічкі”, якая на сённяшні дзень налічвае больш 20 чалавек. І ў райаддзеле па надзвычайных сітуацыях ён заўсёды жаданы госць, бо нягледзячы на тое, што ў апошні час калектыў значна “памаладзеў”, там лічаць, што былых выратавальнікаў не бывае.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *