Лаўрэатам стала “Спадчына”
У рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” прайшоў абласны турнір народных побытавых танцаў. Харэаграфічны конкурс з асаблівым нацыянальным каларытам сабраў больш за сотню ўдзельнікаў з розных куткоў Віцебшчыны. Гонар Ушаччыны на ім абаранялі ўдзельнікі Узорнага фальклорнага гурта “Спадчына”. Аматары і знаўцы аўтэнтычных танцаў спаборнічалі ў розных намінацыях і ўзроставых катэгорыях. 4 ушацкія пары – Дар’я Казак і Ілья Шалонька, Насця Макрыдзіна і Тарас Шаўчэнка, Ліза Жарнасек і Кірыл Шалыга, Злата Бажкова і Ілья Макрыдзін – выступілі ва ўзроставай катэгорыі ад 16 да 30 гадоў. Кожная пара, выконваючы некалькі танцаў, павінна была не толькі дакладна прадэманстраваць класічныя элементы, але і перадаць іх мясцовыя асаблівасці. Прыемна адзначыць, што пара Д.Казак і І.Шалонька аказалася ў ліку пераможцаў і адзначана Дыпломам лаўрэата трэцяй ступені.
Акрамя конкурсу пар-выканаўцаў прайшло і спаборніцтва-батл харэаграфічнай імправізацыі ў танцах “Барыня” і “Жабка”. За першы ўшацкія выканаўцы атрымалі Дыплом лаўрэата першай ступені. Захапляльным атрымаўся і другі танец у выкананні мужчынскай паловы калектыву, усе гледачы на плошчы Свабоды дружна скандзіравалі Ушачам, але журы прысудзіла перамогу лёзненцам. Нумары, якія ўдзельнікі “Спадчыны” рыхтавалі да конкурсу, яны абяцаюць абавязкова паказаць і на ўшацкай сцэне. Усяго ж у рэпертуары нашага ўзорнага калектыву налічваецца ўжо 26 побытавых танцаў.
Асартымент “Купалінкі”
Не ля Летняга амфітэатра размяшчаліся палаткі Ушацкага райспажыўтаварыства і каля 20 сталоў пад парасонамі, тым не менш за дзесяць дзён работы імі зароблена 30 тысяч рублёў. Асартымент быў, можна сказаць, рэстаранны: раніцай з Ушач дастаўлялі свежыя салаты, катлеты, хот-догі, піцы, на месцы гатаваліся каўбасы на грылі і шашлыкі. Яны традыцыйна карыстаюцца ў такія дні павышаным попытам (разышлося 270 кілаграмаў курыных і свіных), напоі ( асабліва на разліў і ва ўпакоўцы 0,5 літра). Прывозілі нашы кааператары нават такую нетрадыцыйную прадукцыю, як ягады, спецыяльна ўпакаваныя ў кантэйнеры. “На ўра” пайшло і 180 кілаграмаў маласольных агуркоў. Усе гэтыя дні ў напружаным графіку на “Славянскім базары” працавалі тэхнолагі грамадскага харчавання Ала Жахоўская і Анастасія Бараніч, а таксама пазменна чатыры прадаўцы. А ў выхадныя стаялі чэргі, тым больш што ля палатак гучала жывая музыка ў выкананні гурта “Джазі”.
Ушацкі брэнд
Пашыраным складам экспанатаў быў прадстаўлены сёлета на фестывалі ўшацкі брэнд “З крыніц спрадвечных” з літаратурнай, патрыятычнай і сучаснай частак. Менавіта апошнюю ўзмацніла рэкламная прадукцыя санаторыя “Лясныя азёры”, Ушацкага цэха Віцебскай універсальнай базы, лясгаса, хлебазавода. Госці “Славянскага базару”, завітаўшы на нашу пляцоўку, знаёміліся як з мінулым (славутымі землякамі, унікальнымі аб’ектамі раёна), так і з сучасным, у прыватнасці, дэгуставалі мінеральную ваду і напіткі, мёд і хлеб, набыць якія можна было на гандлёвых пляцоўках.
У горадзе майстроў
Вельмі плённым лічаць свой удзел у фестывалі майстры Дома рамёстваў і народнага клуба “Адраджэнне”. За пяць дзён яны не толькі прадалі каля 70 сваіх работ, але і атрымалі заяўкі. Не хапіла, напрыклад, плеценых кручком “бабуліных палавікоў”, ручнікоў з нацыянальным арнаментам. Наогул добра раскуплялі сувеніры з беларускай сімволікай і фестывалю, на якія зараз сапраўдны бум. Карысталіся попытам работы з дрэва, васількі з бісеру, распісаныя дырэктарам Дома рамёстваў М.Багдановічам керамічныя талеркі. Прасілі прадаць сукенку і фартух жаночага ўшацкага строю, нашы майстры ўзялі гэта на заметку і пастараюцца, каб на наступным “ Славянскім базары” ўборы не толькі экспанаваліся, але і прадаваліся.
Спявалі ўсю дарогу
Кожны год раённы савет ветэранаў для сваіх актывістаў арганізуе паездку ў фестывальны Віцебск. Як людзі цікаўныя, яны любяць проста пагуляць па святочных вулачках. Ну а акрамя гэтага трапілі на выдатны канцэрт Кубанскага казацкага хору. Кожная песня даходзіла да душы – настолькі моцна, артыстычна гучалі знаёмыя ўсім мелодыі. Ну а “Ты ж мяне падманула” спяваў увесь зал. Ды і вяртаючыся дадому, не сядзелі моўчкі: “Люба”, “Падманула”, “Хутарок” – нашы актывісты выдатна ведаюць рэпертуар хору.
Старшыня раённага савета ветэранаў Н.Васілеўская шчыра дзякуе спонсару паездкі – абласному аддзяленню Фонду міра.