Пад такім дэвізам на мінулым тыдні ў аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН Ушацкага раёна прайшла насычаная забаўляльная праграма. Яе ўдзельнікамі сталі хлопчыкі і дзяўчынкі, што выхоўваюцца ў мнагадзетных, няпоўных сем’ях, маюць інваліднасць. А ў госці да іх завіталі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту.
Больш гадзіны доўжылася святочнае дзейства, што праводзілася ў рамках спецыяльнай праграмы сацыяльнай службы “Бацькоўскі ўніверсітэт”. Нягледзячы на розны ўзрост і прыхільнасці, прысутныя адчувалі сябе камфортна – не шкадавалі цёплых слоў адзін аднаму, дружна гулялі ў любімую ўсімі гульню “кракадзіл”, угадвалі дзіцячыя песні, хорам выконвалі іх, атрымліваючы ад арганізатараў прэзенты. Дынамічнасці, пазітыву мерапрыемству надалі і вакальныя, харэаграфічныя нумары ў выкананні выхаванцаў раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
– Надвор’е выдалася дажджлівым, таму доўга сумнявалася наконт удзелу ў сустрэчы, – падзялілася з намі ўшачанка Ніна Мікалаеўна Мацеша. – Але трое маіх унукаў усё ж угаварылі прыехаць, пра што цяпер ніколькі не шкадую. Для іх мерапрыемства – магчымасць зносін, новыя знаёмствы і мноства станоўчых эмоцый.
– Яркімі фарбамі быў размаляваны і наш дзень! – далучыліся да размовы прадстаўнікі старэйшага пакалення Уладзімір Мікалаевіч і Лідзія Міхайлаўна Малаткаўцы. – З вялікім задавальненнем успомнілі ўласнае дзяцінства, з галавой акунуліся ў яго задорны свет і, здаецца, нават крыху памаладзелі.
Завяршылася сустрэча па ўжо добрай традыцыі салодкім сталом. За яго арганізацыю, падарункі для дзетак работнікі ТЦСАН удзячны Ушацкаму райспажыўтаварыству, індывідуальным прадпрымальнікам І.М.Сініцы і Т.І.Цвяцінскай, а за выдатны настрой – юным артыстам Ушаччыны.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.