В разгаре черничная пора — сезон активного зароботка для многих ушачан

Торговля

Зараз лясы напоўнены галасамі шматлікіх ягаднікаў, кожны з якіх імкнецца за сваім кавалкам “чарнічнага пірага”. Але мэта збору не абмяжоўваецца толькі прыгатаваннем смачнага варэння. Для многіх чарнічная пара – сезон актыўнага заробку і папаўнення сямейнага бюджэту.

Хоць і цвілі чарніцы багата, але вясенняя засуха паўплывала на ўраджай. Тым не менш ён усё ж вышэй мінулагодняга. Традыцыйна ў гэтую пару за ягадай на Ушаччыну спяшаюцца шматлікія закупшчыкі. Механізм цэнаўтварэння ў камерсантаў просты: прасачыць, колькі каштуе кілаграм чарніц у прыёмных пунктах райспажыўтаварыства і накінуць пару дзясяткаў капеек зверху. А вось кааператары канкурыраваць у барацьбе за здатчыкаў могуць толькі да вызначанай мяжы.

– Камерсанты даедуць не ў кожны населены пункт, ды і не заўсёды ёсць транспарт і час, каб у вызначаны тэрмін дабрацца да месца прыёму ягад. Таму часта зручней несці чарніцы ў кропкі райспажыўтаварыства. Тым больш што сёлета цана на іх адрозніваецца зусім нязначна, – разважае ягадніца са стажам А.Жаваранак.

У цяперашні час цана за адзін кілаграм чыстых ягад у прыватнікаў даходзіць да 4 рублёў, але і спажыўкааперацыя амаль не адстае – з пятніцы цана павялічана да 3 рублёў 70 капеек. Райспажыўтаварыства імкнецца працаваць гібка не толькі ў плане кошту, а і месцаў закупу. Ягады прымаюць у нарыхтоўчым ларку ў гарпасёлку, адкрыты на сезон такія ж пункты ў Арэхаўне і Вялікіх Дольцах. Традыцыйна чарніцы прымаюць і ўсе сельскія гандлёвыя кропкі райспажыўтаварыства, у тым ліку ў Полацкім і Глыбоцкім раёнах. У Малых Дольцах нарыхтоўшчык працуе на доме. Да таго ж па заяўках грамадзян гатовы выехаць на раён і спецыяльны перасоўны нарыхтоўчы пункт.

– У сярэднім прымаем каля 100 кілаграмаў чарніц за дзень. На шляху з лесу людзям зручна здаваць ягады нам. За выручаныя грошы хтосьці адразу набывае тавары на месцы, – расказвае прадавец магазіна “Прыдарожны” ў Слабадзе Юлія Лёля (на здымку).

Гэтая гандлёвая кропка ў ліку лідараў па нарыхтоўцы чарніц, даведзены план ужо перавыканала. Добра ідзе закуп таксама ў магазінах Вашкова, Жар, Малых Долец, Арэхаўна, Глыбачкі, полацкіх Семянца і Мураўшчыны. Абсалютным жа лідарам пакуль што з’яўляецца магазін у невялікім, але лясным Казімірове, дзе план перавыканалі аж на 600 працэнтаў і нарыхтавалі звыш тоны чарніц. Усяго ж у “засекі” Ушацкае райспажыўтаварыства паклала ўжо больш за 5 тон з запланаваных 28.

– Ягаду ахалоджваем, потым замарожваем у спецыяльнай камеры. Невялікую частку паставілі на продаж у Віцебск, а таксама для рэалізацыі ў сваіх магазінах – у крамах райцэнтра попыт ёсць, хоць і невялікі. Асноўную ж масу нарыхтаванага мяркуем адправіць на экспарт: зараз прапрацоўваем пытанне паставак у Прыбалтыку і Румынію. Чарніцы ж будзем прымаць да таго часу, пакуль яны будуць мець таварны выгляд, – адзначае вядучы таваразнаўца аддзела нарыхтовак Ушацкага райспажыўтаварыства М.А.Маковіч.

Акрамя гэтага, для мэт грамадскага харчавання ў невялікай колькасці прымалі чарэшню, за межы раёна пастаўлялі на перапрацоўку чорныя парэчкі. Апошнія будуць прымаць і яшчэ, калі будзе рынак збыту.

Задаць пытанні, звязаныя з нарыхтоўкамі, і пакінуць заяўкі можна па тэлефоне спецыялістаў райспажыўтаварыства 2-78-52.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *