Пайшоўшы на заслужаны адпачынак, каб не сядзець у чатырох сценах гарадской кватэры, Леанід Мікалаевіч Дубіна і Зінаіда Міхайлаўна Згірская вырашылі абжыцца ўласным кутом дзе-небудзь удалечыні ад горада. І хоць самі родам з Глыбоцкага і Полацкага раёнаў, вось ужо восем гадоў, як набылі дом у Турасполлі. Праводзяць тут кожны цёплы сезон і ніколі аб гэтым не пашкадавалі.
Менавіта на ўшацкія азёры часта прыязджаў парыбачыць Леанід Мікалаевіч, і заўсёды вяртаўся дадому з багатым уловам і добрым настроем. Вось і прыцягнулі палачан нашы мясціны, у якія, па іх словах, немагчыма не закахацца. Але не толькі за адпачынкам едуць у Турасполле гараджане, а і каб папрацаваць ад душы. З іх з’яўленнем стары дом і ўчастак на скрыжаванні ў вёсцы атрымалі другое жыццё. Гаспадар перарабіў тут печкі, змайстраваў утульную тэрасу, на якой пачэснае месца заняў самаробны дубовы стол па ўласных эскізах. Маленькую плошчу старой лазні таксама “аформіў”, прадумаўшы кожны метр.
– Зараз самы час для нарыхтоўкі бярозавых венікаў. На мой погляд, яны самыя мяккія і карысныя. Гэты занятак прыносіць толькі задавальненне, а на працягу ўсяго года тады ў лазні стаіць водар лета, – паказваючы ўжо падрыхтаваныя запасы, гаворыць Л.Дубіна.
Вялікая цяпліца, арэлі для ўнукаў, летні душ, пераносная лавачка, падпоркі для розных сартоў вінаграду – усё гэта таксама справа яго рук. Па родзе ж прафесійнай дзейнасці Леанід Мікалаевіч хімік-інжынер і ўсё жыццё прысвяціў працы на “Паліміры”.
А вось Зінаіда Міхайлаўна, як і многія жанчыны, захапляецца кветкаводствам. У яе працоўнай біяграфіі быў перыяд, калі займалася гэтым у маштабах горада, з’яўлялася азеляняльнікам жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Упрыгожваюць тэрыторыю розныя сарты руж і лілій, петуній і клямацісаў, выдатна адчуваюць сябе тут гартэнзіі і спірэі. А старыя непрыглядныя сцены дома Зінаіда Міхайлаўна дэкарыравала пляцістай фасоляй. Нават простым елачкам надае прыгожую і акуратную форму, перыядычна робячы ім “прычоскі”. Блізкая ёй і тэма агародніцтва, тым больш што некаторы час прысвяціла рабоце на цяплічным камбінаце. І зараз на ўчастку радуюць ураджаем агуркі і памідоры, падрастае бульба, часнок, цыбуля, баклажаны і іншая агародніна.
– Любяць прыязджаць у гэтае месца нашы дзеці і ўнукі з розных гарадоў, у тым ліку і з Расіі. Малыя застаюцца на доўгі час, ім тут так падабаецца, што нават не сумуюць па бацьках. Для ўнукаў мы абсталявалі спецыяльны гульнявы пакой, на выпадак, калі дождж не дазваляе разгуляцца на прыродзе, – расказвае сямейная пара.
У той час як многія гараджане на сваіх дачах адразу ставяць высокую агароджу, каб ніхто і нішто не перашкаджала іх адпачынку, заўважыла, што на сядзібе гэтай сям’і яе зусім няма. “Нам і не патрэбна! Мы атрымліваем асалоду не толькі ад тых сотак, на якіх знаходзімся, а і ад усяго, што акружае навокал. Навошта ствараць нейкія штучныя перашкоды з металічных лістоў ці камянёў?” – патлумачылі гаспадары, шчырыя і адкрытыя людзі, гатовыя да зносін з вяскоўцамі. З адным з іх Л.Дубіна мяркуе сёлета на старой грушы непадалёк ад дома змайстраваць гняздо для буслоў, каб наступным летам і яны аблюбавалі тураспольскія мясціны.
Вольга КАМАРКОВА.