День молодёжи прошёл на «Славянском базаре»

Общество

Па добрай традыцыі падчас “Славянскага базару” ў Віцебску не абыходзіцца без святкавання Дня моладзі, ініцыятарам і арганізатарам якога выступае БРСМ. Вось і 14 ліпеня творчым, крэатыўным людзям з самых розных куточкаў Беларусі былі аддадзены многія сцэнічныя пляцоўкі горада над Дзвіной. Не засталіся ў баку ад падзеі і ўшачане, якія на свае вочы пабачылі ўвесь размах свята.

Што ні крок – то здзіўленне

Яркі арт-парад, удзельнікамі якога сталі ажно 700 чалавек, патрыятычная акцыя “Мы памятаем і ганарымся!” ля мемарыяльнага комплексу ў гонар воінаў­-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны, фестываль маладзёжных субкультур і здаровага ладу жыцця… Усё гэта і многае іншае чакала гасцей свята. Дарэчы, сёлета яго фармат адрозніваўся ад ранейшых. Так, удзельнікаў не дзялілі па рэгіянальным прынцыпе, а гала-канцэрт “Агонь танца” праводзіўся ў адкрытым варыянце. 300 лепшых танцораў з розных творчых калектываў краіны не спаборнічалі паміж сабой, а проста радавалі гледачоў талентам і задорам. Затое момант барацьбы прысутнічаў на субкультурных пляцоўках, напрыклад, па варкауце, сілавым экстрыме. Гарачая барацьба чакала публіку і на бітве дзіджэяў.

Наведваючы пляцоўкі, ушачане не пераставалі здзіўляцца шматграннасці талентаў маладых людзей і… хацелі паўтарыць тое, што тыя ўмеюць. “Чаму б і нам не напрактыкавацца гэтак жа віртуозна катацца на ролікавых каньках? – адзначыла першы сакратар райкама БРСМ Рыта Хрыпель, уражаная тым, наколькі складаныя “па” выраблялі ролеры. – Не менш відовішчна выконваюць юнакі і дзяўчаты элементы брэйк­дансу – магчыма, і мы б так змаглі”.

Што ні крок на Дні моладзі – то здзіўленне. Жыхары Віцебска і госці фестывалю мелі магчымасць паскакаць у класікі, згуляць у гіганцкі твістар. У праграме значыліся таксама незвычайны боўлінг, лазэртаг-бітвы, турнір па стрытболе, шоу хадулістаў. Рэпетыцыяй да Еўрапейскіх гульняў-2019 у Мінску паўжартам назваў выступленне скейтбар­дзістаў Глеб Бенцыоўскі, старшыня грамадскага аб’яднання “Беларуская федэрацыя скейтбордзінгу”. Гэты від спорту нядаўна ўключылі ў праграму алімпійскіх гульняў, так што імкнуцца ёсць куды.

Па словах Р.Хрыпель, свята атрымалася незаштампаваным, з душой. Ушачане прывезлі дамоў выключна станоўчыя ўражанні, убачылі старых сяброў і сустрэлі новых. “Карацей кажучы, Дзень моладзі прайшоў дружна і весела, – рэзюмавала Рыта. – Захацелася нешта падобнае правесці і ва Ушачах”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *