Ушачане приняли участие в «Славянском забеге» в Витебске

Cпорт

У дні правядзення “Славянскага базару” Віцебск жыве не толькі канцэртамі, але і спортам. Так, 15 ліпеня ў цэнтры горада трэці год запар ладзіўся лёгкаатлетычны крос “Славянскі забег”, які на гэты раз сабраў больш за тры тысячы ўдзельнікаў з розных гарадоў Беларусі і Расіі. Ініцыятар масавага спартыўнага свята – прызёр Алімпійскіх гульняў у кіданні молата, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі.

Прафесійныя спартсмены і аматары здаровага ладу жыцця спаборнічалі на чатырох дыстанцыях: 0,3, 3,3, 10 і 21,1 кіламетра. Упершыню прынялі ўдзел у забегу інваліды-калясачнікі, а таксама каманда “Крылы Анёлаў”, у якую ўвайшлі валанцёры і дзеці з абмежаванымі магчымасцямі.

Наш раён на спартыўным свяце прадстаўляла дэлегацыя з дзесяці чалавек: работнікі ДЮСШ, ФСК “Ураджай”, разлікова-касавага цэнтра №37 у г.п.Ушачы філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” і школьнікі. Зрэшты, самая юная ўшачанка Паліна Коршун прадэманстравала добры вынік адразу на дзвюх дыстанцыях: 300 і 3300 метраў.

– Спартыўнае мерапрыемства вельмі спадабалася. На старт выйшлі людзі розных узростаў, і было відаць, што ўсім гэта цікава, – падзялілася ўражаннямі трэнер аддзялення лёгкай атлетыкі Ушацкай ДЮСШ Таццяна Леанідаўна Клопава. – Атрымалі масу станоўчых эмоцый, зарад бадзёрасці, незабыўныя ўражанні.

На фінішы ўсім удзельнікам марафону ўручылі памятныя медалі, а лідарам – яшчэ і падарункі, грашовыя прызы ад Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *