Дом Григория Полозова в Судиловичах односельчане называют примером благоустройства

Благоустройство

Прыкладам добраўпарадкавання жыхары Судзілавічаў называюць дом Рыгора Пятровіча Полазава – інваліда, які сам мае патрэбу ў дапамозе. Гэты факт проста падштурхнуў адшукаць апошнюю хату на адной з працяглых вуліц, што некалі была вёскай Клапы.

Пенсіянер сустракае на двары. Не спецыяльна, не – пра наш візіт і не здагадваўся, проста надвор’е стаяла выдатнае – сапраўдны гаспадар у хаце не ўсядзіць. А Рыгор Пятровіч – сапраўдны. Не толькі не закінуў бацькоўскі дом, а перабраўся сюды на пастаяннае месца жыхарства і падтрымлівае яго ў парадку.

Што хаваецца за гэтай сціплай фразай, ведае кожны, хто жыве не ў кватэры. Драўляны дом не даруе няўвагі, тут пастаянна, штогод трэба нешта рамантаваць, падмацоўваць, мяняць. А калі яму лічы столькі, колькі і Вялікай Перамозе, тым больш.

Але невялікая хатка ў прамым сэнсе слова патанае ў кветках, яны на сценах у кашпо, на клумбах і ў цікавых вазонах з кошыкаў. Вялікая плошча навокал роўна абкошана, а якой яна магла быць, сведчыць метровая сцяна сухастою паводаль. Раўнюткія градкі без адзінай травіны, некалькі парнікоў, плантацыя маліны, саджалка, а ўжо вялікія яліны сведчаць пра мяжу ўчастка. Зараз у ёй, праўда, няма патрэбы – побач толькі дом насупраць.

Гаспадар з задавальненнем дэманструе парадкі, расказваючы і пра гарох, які не трэба падвязваць, і пра эканомію вады на паліў, і пра ўдалую замену каню ў выглядзе электраплуга, і пра тое, колькі разоў у летні сезон абкошвае тэрыторыю бензакасілкай. Рухаецца няспешна, з кіёчкам, хоць і на сваіх нагах, ды ўсё ж са штучнымі элементамі. Перанёс не адну аперацыю, заменены два суставы, вока, наогул букет хвароб. Толькі знямоглым сябе не адчувае. “Сякера, рубанак, фуганак – мая справа па жыцці”. – Рыгор Пятровіч расказвае, што дванаццаць год адпрацаваў у ПМК-66, а потым у камунгасе па рамонце жылфонду, усё ўмее, нават печы клаў. І зараз трымае ў руках інструмент. Сведчыла пра тое свежае пілаванне, а таксама новая альтанка, што нядаўна вырасла ля хаты і цяпер будзе дзе збірацца на прыродзе сем’ям дачкі і сына.

Як жа спраўляецца інвалід другой групы з усім гэтым? Канечне, не адзін. Асноўны клопат пра агарод ды ўсё хараство – на руках жонкі Галіны Міхайлаўны. Цікава, што іх шлюб завязваўся па завочным знаёмстве, хоць і не было тады інтэрнэта. Доўга перапісваліся, перш чым ушацкі юнак прыехаў на спатканне ў Магілёўскі раён. А сёння Рыгор Пятровіч і Галіна Міхайлаўна радуюцца шасцярым дарослым унукам і зусім маленькай праўнучцы.

Галіне Міхайлаўне было мала клумб пад вокнамі, па перыметры дома і ў падвясных вазонах на ім, таму летась дадаткова адвяла пад любімыя кветкі вялікі ўчастак. Перасадзіла півоні, рамонкі, хрызантэмы, ружы, лілеі, флёксы, высадзіла шмат вяргінь, петуній, браткоў. “Няпраўда, што яны на першы год не цвітуць, трэба толькі пасеяць у лютым, – сцвярджае гаспадыня, паказваючы і сваё ноў-хаў – вазоны з плеценых кошыкаў, дзе і прыжыліся пярэстыя кветкі.

А наогул гэтыя людзі пераконваюць, што для хараства навокал галоўнае не грошы, а жаданне і не ленавацца працаваць. Нават калі ў цябе ёсць пасведчанне аб інваліднасці.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *