У пятніцу адбылося пасяджэнне савета ўшацкага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў, што ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, падчас якога старшыня абласнога аб’яднання І.К.Вазьміцель прадставіў новага прафлідара Ушаччыны. З 9 ліпеня старшынёй раённага аб’яднання назначана Марыя Аляксееўна Шаўчэнка.
Іван Канстанцінавіч зазначыў, што разам з кіраўніцтвам раёна да выбару кандыдатуры ставіліся вельмі грунтоўна, разгледзеўшы не адзін варыянт. І патлумачыў, чым абумоўлены такі патрабавальны падыход. Ушаччына аказалася адзіным раёнам вобласці, дзе за непрацяглы час назначаецца трэці прафсаюзны лідар. Падбіралі старшыню, улічваючы патрабаванні новай кадравай канцэпцыі, што была прынята нядаўна на восьмым пленуме ФПБ. Стаўка робіцца на ініцыятыўных людзей, якія валодаюць сучаснымі метадамі кіравання, здольныя вырашаць актуальныя жыццёвыя пытанні.
Што такімі здольнасцямі валодае М.А.Шаўчэнка, падкрэсліў старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка: “Марыя Аляксееўна працяглы час узначальвала прафсаюзную арганізацыю ўстаноў культуры і выдатна ведае жыццё пярвічак. Як галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі яна працавала з кадрамі, што вельмі важна на новым полі дзейнасці. Як творчая асоба, здольная на крэатыўныя ідэі, яна павінна ажывіць прафсаюзны рух. Я не спадзяюся, што ў вас усё атрымаецца, а проста перакананы ў гэтым”. Уладзімір Генадзьевіч падзякаваў Марыі Аляксееўне за работу ў галіне культуры і ўручыў Ганаровую грамату райвыканкама.
Зразумела, вельмі дапаможа новаму старшыні аб’яднання ў рабоце тое, што яна карэнная ўшачанка, пасля заканчэння Інстытута культуры вярнулася на малую радзіму, дзякуючы папярэднім месцам працы выдатна ведае людзей.
А поле дзейнасці прафсаюзаў вельмі шырокае, па сутнасці гэта ўсё тое, чым жыве працоўны чалавек: занятасць і заработная плата, ахова працы і адпачынак. “Старшыня аб’яднання ў дзень павінен быць мінімум у дзвюх пярвічках, ведаць іх праблемы”, – падкрэсліў І.К.Вазьміцель, тым самым перадаў уласны прынцып, сказаны ім падчас аднаго з інтэр’вью: мае дзверы расчынены не толькі ў прыёмныя гадзіны.
Роля прафсаюзаў узрастае. Прыклад таму – апошнія папраўкі ў Працоўны кодэкс, у праект якога федэрацыя ініцыіравала больш 40 прапаноў. Многія з іх прайшлі, мы пісалі аб гэтым у мінулым нумары. ФПБ пастаянна выступае за тое, каб павялічваліся льготы менавіта для яе членаў, напрыклад, каб толькі на іх, а не на ўсіх членаў калектыву распаўсюджваліся ўмовы калектыўнага дагавора.
Звярнуўшыся да ўсіх прысутных, І.К.Вазьміцель заклікаў прафсаюзных лідараў да больш актыўнай, плённай работы. Прывёў прыклады, у баку ад якіх не могуць заставацца старшыні пярвічак. Гэта, у прыватнасці, парушэнні працоўнага заканадаўства, якія былі выяўлены нядаўна ў Сенненскім раёне: кантракты з людзьмі заключаліся на 2 месяцы, калі па законе не могуць быць менш чым на год. А наогул прафсаюзы выступаюць за тое, каб кантракт з сумленным работнікам быў бестэрміновым.
Больш падрабязна пра кантрактную форму найму расказала прысутным начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С.П.Васілеўская. А яго супрацоўнік Д.М.Дрозд спыніўся на парушэннях аховы працы, якія былі выяўлены сёлета ў раёне.
Вольга КАРАЛЕНКА.