Ушачский район посетила делегация из российского Сестрорецка

Общество

Ушаччына прыгожая ў любы сезон, ды ўсё ж разгар лета з яго сакавітай квеценню і купальскімі таямніцамі – найлепшы час для першага знаёмства з маляўнічым азёрным краем. І менавіта ў гэтыя дні ў раён прыбыла дэлегацыя нашых новых сяброў з расійскага горада Сестрарэцка.

Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж названым унутрыгарадскім муніцыпальным утварэннем Санкт-Пецярбурга і Ушацкім раённым выканаўчым камітэтам было заключана ў сакавіку ў горадзе на Няве падчас Х пасяджэння Савета дзелавога супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Санкт-Пецярбурга. І калі прыгаданы дакумент стаў адпраўной кропкай у справе наладжвання стасункаў паміж нашымі рэгіёнамі, то візіт сестрарэцкай дэлегацыі ва Ушацкі раён можна лічыць першым канкрэтным крокам на маршруце супрацоўніцтва. А паколькі яго накірункі ў асноўным маюць гандлёва-эканамічны і сацыяльны вектары, у склад расійскай дэлегацыі ўвайшлі кампетэнтныя ў гэтых сферах асобы: дэпутат муніцыпальнага савета Сестрарэцка, намеснік старшыні Савета па развіцці малога прадпрымальніцтва пры адміністрацыі Курортнага раёна Санкт-Пецярбурга Юрый Юр’евіч Козыраў і спецыяліст мясцовай адміністрацыі г.Сестрарэцка па пытаннях сацыяльнай сферы Яна Рэйнаўна Храмцова.

Праграма двухдзённага прабывання гасцей на Ушаччыне была насычанай, бо гаспадары імкнуліся за кароткі час паказаць асноўныя славутасці раёна, пазнаёміць з яго гісторыяй і традыцыямі, пакінуць станоўчае ўражанне пра наш край. Ключавым жа момантам візіту стала сустрэча дэлегацыі з кіраўніцтвам раёна, падчас якой вяліся перамовы пра рэалізацыю так званай “Дарожнай карты” – плана мерапрыемстваў па развіцці двухбаковага супрацоўніцтва на 2018-2020 гады.

Важнейшым яго напрамкам бачыцца наладжванне гандлёва-эканамічных і інвестыцыйных сувязяў паміж нашымі суб’ектамі гаспадарання.

– Хочацца арганізаваць у Курортным раёне сапраўдны беларускі кірмаш, – падзяліўся планамі Ю.Козыраў. – Мы ведаем, што ваш тавар надзвычай якасны, чаму спрыяе сістэма дзяржаўнага кантролю. Але ж, на жаль, гэтую акалічнасць іншы раз у Расіі выкарыстоўваюць не надта сумленна: ладзяць так званыя беларускія кірмашы, дзе ставяць адзін павільён з брэндавай прадукцыяй, за якім “хаваюцца” прылаўкі з саматужным шырспажывам. Таму было б дарэчы паказаць жыхарам нашага рэгіёна вартасці сапраўдных беларускіх тавараў.

Старшыня Ушацкага райвыканкама У.Аўдош­ка і начальнік аддзела эканомікі Т.Ханяк ідэю цалкам падтрымалі, пры гэтым абодва бакі падкрэслілі, што папярэдне варта пралічыць эканамічную выгаду такога праекта – час для гэтага ёсць, бо дагавор аб нашым супрацоўніцтве не мае тэрміновых рамак. А вось ушацкі павільён з рэкламнай прадукцыяй, дэгустацыяй харчовых тавараў мясцовай вытворчасці можа з’явіцца ў Сестрарэцку ўжо 2 верасня – дэлегацыя нашага раёна запрошана да ўдзелу ў святочных мерапрыемствах, прысвечаных 304-гадавіне з дня заснавання горада. Да таго ж у забаўляльнай праграме свята прыме ўдзел адзін з творчых калектываў Ушаччыны.

Увогуле ж мяркуецца, што наша супрацоўніцтва ў сферы культуры будзе шырокім, што і нядзіўна, улічваючы агульную гісторыю і падабенства спрадвечных традыцый славянскіх народаў. Упэўніцца ў тым, як свята захоўваюць беларусы памяць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, расійскія госці змаглі, пабываўшы на комплексе “Прарыў” і ў музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка.

– Слова “блакада”, якое неаднойчы гучала падчас мітынгу на вашым мемарыяле і экскурсіі па ўнікальнай музейнай экспазіцыі, штораз прымушала нас схамянуцца, правесці паралель з мужнасцю ленінградскіх блакаднікаў і гераізмам удзельнікаў кровапралітных баёў на Сестрарэцкім рубяжы, што праходзіў па межах нашага горада, – падзялілася ўражаннямі Я.Храмцова.

Эмоцыі зусім іншага кшталту выклікала ў нашых гасцей чароўнае “Купалле”, яркая праграма якога дазволіла ім спаўна ацаніць хараство народных традыцый і прыцягальнасць беларускага фальклору. У сваю чаргу расіяне прапанавалі ўшачанам у наступным годзе прыняць удзел у народным свяце “Тройца”. Увогуле ж “Дарожная карта” прадугледжвае наладжванне прамых стасункаў паміж установамі культуры, удзел творчых калектываў у фестывалях і конкурсах, што праводзяцца ў двух рэгіёнах.

Не менш плённымі накірункамі супрацоўніцтва павінны стаць сферы адукацыі, спорту і турызму. Яго канкрэтныя крокі абмяркоўваліся ў час наведвання расійскай дэлегацыяй адпаведных ушацкіх аб’ектаў.

Цікавым атрымаўся візіт у Арэхаўскую школу. Асабліва ж уразілі нашых сяброў узровень навучання ў накірунку экалогіі і рэсурсазберажэння, стан добраўпарадкавання, прысядзібны ўчастак, які дазваляе рабіць таннейшым харчаванне вучняў – у гэтых і іншых аспектах вопыт сельскіх школ нашага раёна варты пераймання.

Безумоўна, прадстаўнікі Курортнага раёна не маглі не наведаць нашы “Лясныя азёры”, і трэба сказаць, што здраўніца ім спадабалася: у прыватнасці, яны высока ацанілі лячэбную базу і ўмовы пражывання. Разам з тым, абодва бакі прызналі, што ў сучасных умовах канкурэнцыі трэба няспынна развіваць узровень паслуг.

– У сакавіку ў час нашага візіту ў Сестрарэцк мы таксама пабывалі ў мясцовых здраўніцах. І многае з убачанага можна было б укараніць у беларускіх санаторыях. Так, напрыклад, на адным з курортаў нас уразілі невялікія адкрытыя тэрмабасейны, дзе адпачываючыя могуць плаваць у любы сезон года. Канечне, гэта дарагі праект, аднак відавочна, што такая “фішка” здольная прыцягнуць многіх кліентаў, – падзялілася меркаваннямі Т.Ханяк. – У любым выпадку, рознабаковыя кантакты паміж нашымі здраўніцамі здольныя прынесці адчувальны плён.

Канкрэтнымі прапановамі абмяняліся бакі і па спартыўным напрамку. Прынамсі, з базавым фізкультурна-аздараўленчым аб’ектам раёна сестрарэчанцы пазнаёміліся першым чынам, бо менавіта у гасцініцы комплексу “Юнацтва-Ушачы” размясціліся для пражывання і нават паспелі апрабаваць водныя дарожкі нашага басейна. Начальнік сектара спорту і турызму Ушацкага райвыканкама С.Ціханёнак выказаў шэраг прапаноў па ўдзеле расійскіх спартсменаў у спаборніцтвах і трэніровачных зборах беларускіх каманд па розных відах спорту, што ладзяцца на базе нашага комплексу. У сваю чаргу госці расказалі пра адметныя спартыўныя традыцыі Сестрарэцка, пра магчымасць выставіць сваю каманду для ўдзелу ў спаборніцтвах па турызме і скалалажанні. І хоць у нашых рэгіёнах культывуюцца розныя віды (у расіян гэта найперш веласіпедны спорт і вольная барацьба), відавочна, што кропкі сутыкнення знайсці будзе нескладана. Так, напрыклад, у абодвух рэгіёнах паспяхова развіваецца футбол, надаецца ўвага біятлону. Дастаткова сказаць, што менавіта ўраджэнкай Сестрарэцка з’яўляецца беларуская чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў Надзея Скардзіна. І з гэтай нагоды госці падрыхтавалі ўшачанам вельмі прыемны і сімвалічны падарунак: шалік з сімволікай беларускай біятлоннай каманды з аўтографам Надзі. Гэтую выдатную спартсменку любяць і ў Расіі, і ў Беларусі, а паколькі Юрый Козыраў знаёмы з ёй асабіста, то ён не выключыў магчымасці дамовіцца аб яе візіце ва Ушачы. Згадзіцеся, сустрэцца з адным з лепшых біятлонных снайпераў было б вельмі цікава і выхаванцам стралковага аддзялення ДЮСШ, і юным ушацкім удзельнікам спаборніцтваў “Снежны снайпер”.

Вядома ж, не засталіся без памятных прэзентаў і расіяне – што і нядзіўна, бо гасціннасць заўсёды была адметнай рысай нашых братэрскіх народаў. Калі ж коратка падвесці вынік візіту, то можна канстатаваць, што гэты крок па шляху нашага канкрэтнага супрацоўніцтва атрымаўся шырокім і ўпэўненым. Будзем чакаць хуткага працягу!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *