Весёлой и запоминающейся получилась районная игра КВН, в которой приняли участие три команды

Общество

Шматлікія праекты і шоу растуць зараз як грыбы пасля дажджу, але ёсць у забаўляльнай індустрыі непадуладны часу “мастадонт”, які трывала трымаецца на вяршыні відовішчных рэйтынгаў – гэта Клуб Вясёлых і Знаходлівых. Вось і нядаўняя гульня, якая сабрала на сцэне раённага цэнтра культуры і народнай творчасці надзеленых пачуццём гумару і артыстычнымі здольнасцямі ўшачан, атрымалася не толькі вясёлай, а і злабадзённай, бо вострым сатырычным словам прайшлася па нашых праблемах і хібах.

Спаборнічалі ж у гэты вечар тры дастойныя сапернікі: каманда актывістаў БРСМ “НЗ”, брыгада ўшацкіх настаўнікаў “Не качагары мы, не цесляры” і “Культурныя людзі”, пра сферу працоўнай дзейнасці якіх сведчыць сама назва. Візітоўкі каманд, конкурс капітанаў і музычнае дамашняе заданне парадавалі гледачоў россыпам удалых жартаў. Арыгінальнай была ідэя “НЗ” выйсці на сцэну разам з групай падтрымкі, якая складалася са знакамітасцяў. Вядома ж, гэта былі толькі партрэты зорак, але падабраныя так, што знешне Канстанцін Хабенскі камічна нагадваў капітана каманды Аляксея Казлоўскага, а Рыта Півульская выглядала копіяй кіношнай “Чырвонай Шапачкі”. Пад абструкцыю падпаў вар’ят, што агучыў ідэю выйсці з БРСМ – “У нас нават бланкаў гэткіх няма!”. Ішоў у справу і чорны гумар – напрыклад, у сцэнцы пра дзядулю, які на пажары хваляваўся пра пакінутыя ў доме пенсію і закаткі куды больш, чым пра бабулю. Непадражальным быў дуэт “Не качагараў…” у складзе Святланы Ільюшэнкі і Максіма Кашко, якія паказалі ўрывак з балета “Спячая правінцыялка” (на здымку). Да слёз смяяліся гледачы з вакальнага нумара “Культурных людзей” у выкананні Мікалая Пруднікава, які па эпатажы даў фору зорцы “Еўрабачання” Канчыце Вурст.

Праз прызму сатыры кавээншчыкі паказалі і некаторыя нашы праблемныя рэаліі. У прыватнасці, каманды дружна “прайшліся” па “зялёным брэндзе” нашага раёна. “Я буду доўга гнаць веласіпед, у баршчэўніку яго я прыпыню, нарву раслін і падару букет дзяўчыне той, што больш я не люблю…” – агучыў планы каварнай помсты нявернай каханай “Культурны чалавек” Кірыл Шалыга. З выступленняў каманд землякі даведаліся, што ўшачан можна параўнаць з зубамі – “з кожным годам усё менш карэнных”, што жыхары райцэнтра замест лазні ходзяць мыцца ў басейн, даяркі “пасля ўчорашняга” дояць у кароў адразу масла, а Дзень Перамогі святкаваць у раёне, здаецца, ранавата, бо, мяркуючы па некаторых дарогах, у нас тут “да гэтых пор баі ідуць”.

Прынамсі, намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч, якая ўзначальвала журы, унесла ў ход падзей сур’ёзны момант, паабяцаўшы, што прадстаўнікі выканаўчай улады будуць матаць на вус пачутыя ад кавээншчыкаў сігналы. А яе калега Андрэй Вітальевіч Галяковіч прапанаваў вастрасловам, што раілі наладзіць у раёне вытворчасць сувеніраў са сцёблаў баршчэўніку, аформіць сваю рацыяналізатарскую прапанову. Пры падвядзенні ж вынікаў гульні членам журы было не да жартаў, бо ўсе каманды выглядалі вельмі дастойна. Заняўшыя па суме балаў трэцяе месца настаўнікі атрымалі маральную кампенсацыю ў выглядзе прыза глядацкіх сімпатый, які з гонарам прыняў капітан каманды і дырэктар Ушацкай школы Віталь Клімашэўскі. Усяго адзін бал саступілі пераможцам маладыя і задорныя актывісты БРСМ. Ну а самымі вясёлымі і знаходлівымі, артыстычнымі і крэатыўнымі былі прызнаны культработнікі. Акрамя прыза арганізатараў – аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, удзельнікі каманды атрымалі падарункавыя сэртыфікаты ад раённай арганізацыі “Белай Русі”.

Галоўным жа вынікам мерапрыемства сталі станоўчыя эмоцыі, што атрымалі і гледачы, і ўдзельнікі, якія, дарэчы, шчыра радаваліся не толькі годным ўласным выступленням, а і ўдалым нумарам сапернікаў. А ў некаторых ігракоў былі для гэтага асаблівыя падставы: так у складзе розных каманд выходзілі на сцэну Дзіна Пенкальская і яе дачка Юлія Ягадка. А бацьку Аляксандру Тарасеню супрацьстаяў сын Канстанцін – капітан “Культурных людзей”. І канечне, не магла прапусціць гульню Ірына Тарасеня, якая па сакрэце нам прызналася, што за Косцю ўсё ж хварэла крыху больш, чым за мужа, і вельмі рада яго трыумфу.

Увогуле ж мерапрыемства аказалася рэзанансным: трапныя жарты яго ўдзельнікаў ушачане абмяркоўвалі нават у наступныя дні. Так, напрыклад, начальнік раёна электрычных сетак Васіль Варанько ацаніў жарт пра тое, што яго дачу ў Праніках можна пазнаць па новых правадах. Але ўдакладніў, што зрабіць гэта ўсё ж будзе няпроста, бо ў яго сусе­дзяў, ды і ў большасці жыхароў іншых населеных пунктаў, лініі электраперадач выглядаюць нічуць не горш.

Ну а напрыканцы хочацца выказаць агульнае пажаданне ўсіх, хто пабываў на турніры Клуба Вясёлых і Знаходлівых: такое цудоўнае дзейства абавязкова трэба паўтарыць, далучыўшы каманды іншых працоўных калектываў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *