Магазин «На Калининской» в числе лучших торговых точек Ушач

К профессиональному празднику Торговля

Як бы не распаўсюджваліся ў апошнія гады розныя супермаркеты, а невялікая гандлёвая кропка крокавай даступнасці заўсёды была і застаецца актуальнай. Невыпадкова менавіта тут можна пачуць фразу, якая даўно стала крылатай: “Навошта атаварвацца ў іншым магазіне, калі ёсць свой”.

Магазін “На Калінінскай” у мікрараёне аднайменнай вуліцы, а таксама Рамантыкаў, Мамкіна, Лабанка з’явіўся ў 2003 годзе і настолькі ўдала заняў гандлёвую нішу, што і цяпер ніякія канкурэнты не ўплываюць на яго стабільны тавараабарот.

Пакупнікі тут ёсць пастаянна: заходзяць мясцовыя жыхары, заязджаюць дачнікі, спыняюцца спадарожныя машыны. Кожны наведвальнік магазіна без пакупак не застаецца, паколькі прадстаўлены тут даволі багаты асартымент прадуктаў. Заўсёды ў наяўнасці хлебабулачныя і каўбасныя вырабы, малочная і рыбная прадукцыя, розныя ласункі, а летам асаблівым попытам карыстаецца марожанае і напіткі.

Адзін з сакрэтаў паспяховасці – згуртаваны калектыў, які складаецца з трох спецыялістаў. Агульны стаж іх работы ў сістэме спажывецкай кааперацыі – больш за 70 гадоў. З іх 34 – у Святланы Леанідаўны Палячэнкі, якая з’яўляецца загадчыцай магазіна з моманту яго адкрыцця, а сёлета прозвішча жанчыны занесена на Дошку гонару райспажыўтаварыства. 15 год шчыруе за прылаўкам названай гандлёвай кропкі прадавец Алена Васільеўна Свяжынская. А вось Зоя Генадзьеўна Петухова тут пакуль навічок, але, як прызнаецца, праблем не ўзнікае: за плячыма 13 гадоў стажу ў галіне.

Яны настолькі вывучылі густы і патрабаванні пакупнікоў мікрараёна, што на адно іх прывітанне могуць беспамылкова прапанаваць патрэбнае. Зрэшты, за час існавання магазіна “На Калінінскай” у кнізе скаргаў не было зроблена ніводнага запісу, што ўжо гаворыць пра многае.

Не сакрэт, што работа прадаўца не абмяжоўваецца толькі справамі за прылаўкам, дзе разам з таварам ён прапануе і сваю добразычлівую, ветлівую ўсмешку. Штодня патрэбна прыняць тавар, расцаніць яго, раскласці па паліцах. Але з усімі гэтымі задачамі работніцы магазіна “На Калінінскай” спраўляюцца ўдала. За чэрвень бягучага года тавараабарот гандлёвай кропкі склаў больш за 54 тысячы рублёў, штодзённая выручка – каля 2 тысяч. Гэта адзін з лепшых вынікаў сярод аналагічных магазінаў-павільёнаў, размешчаных у гарпасёлку.

Межаў дасканаласці няма ні ў чым, упэўнены С.Л.Палячэнка, А.В.Свяжынская і З.Г.Петухова. “Галоўнае – каб фінансавых магчымасцяў у нашых пакупнікоў было больш”, – зазначаюць прафесіяналы сваёй справы, у арсенале якіх – добразычлівасць, цярпенне, пазітыў – незаменныя складнікі сферы гандлю.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

На здымку: З.Петухова, С.Палячэнка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *