Дзякуючы работнікам аўтамагазінаў райспажыўтаварыства аказвае свае паслугі жыхарам нават самых аддаленых вёсак Ушаччыны. Выкананнем гэтай задачы разам з калегамі па двайной прафесіі “вадзіцель плюс прадавец” на працягу вось ужо пяці гадоў займаецца і Д.І.Кляшторны.
Па двух маршрутах працягласцю 100 і 130 кіламетраў гандлёвая кропка на колах Дзмітрыя Іванавіча курсіруе згодна з графікам пяць разоў на тыдні. На абслугоўванні – больш за два дзясяткі сельскіх населеных пунктаў ад Ушач і, лічы што, да Заходняй Дзвіны, на беразе якой знаходзяцца Астраўляны, самая аддаленая з вёсак.
Перад тым як адправіцца ў дарогу, Д.Кляшторны заязджае на хлебазавод, дзе бярэ свежыя боханы, папаўняе асартымент кандытарскіх вырабаў. Пасля “затарваецца” на базе райспажыўтаварыства. Даводзіцца заходзіць на рынак і нават у аптэку. І хоць лякарствы ні ў якім разе не ўваходзяць у асартыментны пералік тавараў аўтакрамы, не можа Дзмітрый адмовіць прыватным заказам пажылых вяскоўцаў. Ды і не вельмі абцяжарваюць яго такія клопаты!
– З дзяцінства хацеў стаць вадзіцелем, таму адразу пасля армейскай службы ўладкаваўся ў “Райаграсэрвіс”. А вось пра работу прадаўца нават не задумваўся, – кажа ўраджэнец Градзянца. – Калі ж даведаўся пра вакансію ў райспажыўтаварыстве, крыху засумняваўся: ці спраўлюся. Аднак прайшоў стажыроўку ў вопытных спецыялістаў, паназіраў за асаблівасцямі работы з касавым апаратам, абслугоўваннем пакупнікоў, зразумеў – гэта мне па плячы.
У вёсках Д.Кляшторнага сустракаюць, без перабольшвання, як роднага. Яшчэ б – ён і сумку з прадуктамі дапаможа ў дом занесці, калі некаму не хапае на гэта сілы. Не забудзецца прывезці тое, што заказвалі ў яго мінулы прыезд.
“Выдатны спецыяліст і чалавек з добрым сэрцам, – кажа ў Кублішчыне пенсіянерка Юзэфа Баляславаўна Кляшчонак. – Калі хварэю, спыняецца прама ля майго дома”. Сярод даўніх сяброў Дзмітрыя і Любоў Ігнатаўна Адамава: “Хоць і маю магчымасць з’ездзіць за прадуктамі ў горад, не абмінаю і аўталаўку! Радуе, што ўсё тут свежае, з пылу з жару, заўсёды ёсць неабходная агародніна. Зрэшты, гэтыя “вітаміны” і той добры настрой, якім дзеліцца з пакупнікамі Дзіма, у многім ствараюць наш дзень на вёсцы”. Станоўча характарызавалі вадзіцеля-прадаўца і іншыя вяскоўцы. А ў тым, як хутка і прафесійна ён абслугоўвае пакупнікоў, упэўніліся на свае вочы.
Гандаль на колах зараз ідзе бойка – у вёскі прыехалі дачнікі, на канікулах у бабуль і дзядуляў школьнікі. Абсталяванне ж аўталаўкі дазваляе дастаўляць пакупнікам і рыбу, і мясныя вырабы, і марожанае, і многія іншыя прадукты.
Рабочы дзень Дзмітрыя часта цягнецца да позняга вечара. Але ж і пасля вяртання ва Ушачы клопатаў (на гэты раз папяровых) хапае: трэба падлічыць выручку, скласці справаздачы. Ну а назаўтра – зноў па вёсках. Важнасць сваёй справы Д.Кляшторны выдатна разумее, таму выконвае яе сумленна і старанна.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
На здымку: Д.Кляшторны, Л.Адамава.