Самый нужный товар спешит доставить в магазины Ушачского райпо Виталий Кашицкий

К профессиональному празднику

Які тавар самы запатрабаваны ў любым магазіне? Канечне, хлеб! Менавіта з ім штодня спяшаецца ў гандлёвыя кропкі вадзіцель райспажыўтаварыства Віталь Мікалаевіч Кашыцкі.

Яго рабочы дзень пачынаецца ў 6 гадзін раніцы, калі іншыя працаўнікі толькі прачынаюцца. У гэты час Віталь ужо на хлебазаводзе, загружае фургон свежай партыяй хлеба, батонаў, а ранні пад’ём дыктуе працяглы маршрут: “Вікторыя”, “На Віцебскай”, “Родны кут”, “Гарачы хлеб”, “Усходні” – далёка не ўвесь спіс кропак, куды адпраўляецца В.Кашыцкі. У зоне яго абслугоўвання ўсе магазіны гарпасёлка і прылягаючых вёсак, а таксама тры крамы ў Полацкім раёне.

– Сёння ўжо крыху адхіляюся ад графіка, спазняюся, – кажа мужчына, адкрываючы фургон, з якога пахне духмяным хлебам. – Не люблю спяшацца: цішэй едзеш – далей будзеш. Але і прымушаць сябе чакаць не ўваходзіць у мае прынцыпы. Калі ў райцэнтры хлеб на паліцах з’явіцца ўжо ў пачатку дня, яшчэ цёплым, і ўшачанам не давядзецца набываць учарашні, то ў самым аддаленым магазіне Полаччыны пакупнікі чакаюць бліжэй да абеду.

Менавіта за неабыякавасць да справы і вылучаюць В.Кашыцкага ў лік лепшых працаўнікоў. Карэнны ўшачанін стараўся ўсё рабіць як след і на папярэднім рабочым месцы, якім не адзін год быў “Ушацкі райаграсэрвіс”, і за пяць гадоў работы ў райспажыўтаварыстве ніколі не падвёў. Аб тым, што стаў членам гэтага вялікага калектыву, Віталь Мікалаевіч не шкадуе. Прыйшлося, канечне, прывыкаць да крыху новай дзейнасці, але асвоіўся даволі хутка, бо з тэхнікай заўсёды быў на “ты” і перакананы, што гэта ўласціва кожнаму прадстаўніку моцнай паловы чалавецтва. Спачатку вазіў не толькі хлеб, а і іншыя тавары. А год таму яму даверылі новую ГАЗэль, а таму ніякіх паломак у дарозе і збояў у дастаўцы не здараецца. Калегі ўпэўнены, што ў такіх клапатлівых руках машына спраўна будзе “бегаць” яшчэ не адзін год. А яшчэ характарызуюць Віталя Мікалаевіча як вельмі шчырага і адкрытага чалавека, гатовага прыйсці на дапамогу.

Яго аўтамабіль умяшчае каля 100 латкоў хлеба. Такі аб’ём запатрабаваны якраз пры дастаўцы тавару нумар адзін па гандлёвых кропках гарпасёлка. Каб не заблытацца, вадзіцель – ён жа грузчык  (за рабочы дзень прыходзіцца загрузіць і выгрузіць паўтары-дзве тоны) і экспедытар, возіць з сабой сшытак, у якім распісаны заказ кожнай гандлёвай кропкі.

З рэйса Віталь Мікалаевіч вяртаецца пасля абеду. Спяшаецца дадому, каб прысвяціць час сям’і, зрабіць мноства спраў на ўласнай сядзібе.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *