День Независимости Республики Беларусь в Ушачах

Общество

Трэцяга ліпеня разам з усёй краінай Ушаччына адзначыла галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Нягледзячы на крыху халаднаватае надвор’е, выдатны настрой панаваў у райцэнтры на працягу ўсяго дня. Па традыцыі ўдзел у мерапрыемствах прынялі прадстаўнікі раённай улады, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы, перадавікі вытворчасці, члены працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў.

Распачалася святочная праграма ля помніка загінуўшым воінам і партызанам у скверы гарпасёлка. Са шчырымі словамі віншаванняў да ўшачан, гасцей раёна звярнуўся старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка. Ён адзначыў, што Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь сімвалізуе адданасць Радзіме і непарыўна звязаны з важнейшай гістарычнай датай вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтая дата сведчыць аб тым, якой вялікай цаной здабываліся святыя паняцці “вызваленне”, “перамога”, “незалежнасць”. У завяршэнні сваёй прамовы кіраўнік раёна пажадаў усім моцнага здароўя, доўгага і шчаслівага жыцця, веры ў светлае, паступальнае развіццё беларускага грамадства, якому садзейнічаюць і здабыткі ўшачан у самых розных сферах жыцця.

Для некаторых з нашых землякоў свята гэтае стала двайным. Падчас мітынгу за значны ўклад ва ўмацаванне абароназдольнасці Ушаччыны, плённае супрацоўніцтва ў пытаннях тэрытарыяльнай абароны і ў сувязі са 100-годдзем стварэння ў нашай краіне ваенных камісарыятаў Граматамі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь узнагароджаны дырэктар ТАА “Лес” І.М.Андрэеў і маёр міліцыі С.Л.Гардзіёнак. Нагрудныя знакі “Ваенныя камісарыяты Рэспублікі Беларусь. 100 год” уручаны былым супрацоўнікам ваенкамата У.Я.Пальчэху, У.В.Зыранаву, А.П.Каваленка, М.Р.Джураеву і райвыканкама – У.І.Петражыцкаму.

Знайшоў у сабе сілы, каб прыехаць на свята Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня. Але без увагі не застаўся ніводны ветэран Вялікай Айчыннай вайны, якіх прадстаўнікі раённай улады наведалі на доме – падзякавалі за мірнае неба над галавой, уручылі кветкі і падарункі. Франтавікі, падпольшчыкі, партызаны – усе гэтыя героі адчулі, што пра іх памятаюць дзяржава і пакаленне, дзеля шчасця якога яны змагаліся з ненавісным ворагам.

Працягнулася свята на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, дзе адбыўся мітынг, прысвечаны 74-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да Вечнага агню ўсе падыходзілі ў глыбокім паважлівым маўчанні. Хвіліна цішыні – і каля помніка ляглі кветкі і вянкі. Так ушачане аддалі даніну памяці загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны.

– Шлях нашай краіны да нацыянальнага суверэнітэту быў няпростым – на алтар Перамогі прынесены мільёны жыццяў суайчыннікаў. Але ўжо больш сямі дзесяцігоддзяў беларуская зямля жыве пад мірным небам, – казалі ў сваіх выступленнях старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч, начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях С.Я.Аваднёў і першы сакратар райкама БРСМ Р.У.Півульская. – Для нас высокі гонар і адказнасць быць нашчадкамі Перамогі. Новае пакаленне беларусаў, якое нарадзілася і вырасла ў мірны час, свята ўшаноўвае подзвіг дзядоў і бацькоў, сваёй стваральнай працай умацоўвае працвітанне і незалежнасць краіны.

Вялікай дэлегацыяй прыйшлі на ўрачыстасць на “Прырыве” прадстаўнікі раёна газазабеспячэння. “Мы проста не маглі ў гэты дзень быць у іншым месцы і не раздзяліць з ушачанамі важнейшую падзею”, – адзначылі начальнік і галоўны інжынер службы Я.С.Счасны і Я.М.Шапавалаў. Аддалі даніну памяці загінуўшым і работнікі іншых працоўных калектываў. Як заўсёды дружна выглядалі прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і БРСМ.

Далейшыя мерапрыемствы, якія ў гэты дзень ладзіліся ў райцэнтры, удала падкрэслівалі галоўную лінію Дня Незалежнасці: мы – беларусы, багатыя памяццю, традыцыямі – багатыя душой. Такая думка лейтматывам праходзіла праз канцэртную праграму, якая ладзілася на летняй танцпляцоўцы. У выкананні фольк-бэнда “Неруш”, артыстаў самадзейнасці цэнтра культуры і народнай творчасці, выкладчыкаў дзіцячай школы мастацтваў гучалі душэўныя песні аб Радзіме і вайне, аб каханні і сяброўстве… Паралельна ў скверы працавала выстава-продаж дэкаратыўна-прыкладной творчасці, арганізаваная раённым Домам рамёстваў. Тут жа работнікі бібліятэчнай сістэмы разгарнулі тэматычныя выставы – на паліцах былі прадстаўлены дакументальныя і мастацкія творы аб вайне, вызваленні Беларусі. Кожны жадаючы мог прыняць удзел у акцыі “Добрыя кнігі – у добрыя рукі”, падзяліўшыся экзэмплярам з уласнага кніжнага фонду ці выбраўшы штосьці прымальнае для сябе. Зацікавіла многіх бяспройгрышная латарэя ад ТЦСАН – усе яе ўдзельнікі ў якасці падарункаў атрымлівалі ўнікальныя рэчы з тканіны, саломкі, іншых матэрыялаў. Выйграць прызы за кемлівасць і спрыт можна было на спартыўнай пляцоўцы. “Расквеціць” свой твар адмысловымі малюнкамі прапаноўвалі актывісты БРСМ. Дзеці бавілі час на атракцыёнах. А непадалёк працавалі гандлёвыя палаткі і летняе кафэ.

“Ніколі не думала, што ў невялікім райцэнтры так дружна святкуюць Дзень Незалежнасці”, – адзначыла Ірына Міхно, якая прыехала да сяброў з Полацка. – Да таго ж спадабалася, што ўсё сканцэнтравана ў адным месцы – вось табе забавы для дзяцей, вырабы майстроў, выставы – усё, што пажадаеш”.

Увечары многія ўшачане, госці райцэнтра прынялі ўдзел у рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Спяём гімн ра­зам!”. Заключным жа акордам свята стала дыскатэка, якая сімвалічна праходзіла на свежым паветры – пад мірным небам Бацькаўшчыны.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *