Золата лічыцца адным з самых дарагіх металаў. Яно заўсёды сімвалізавала штосьці вялікае, дасягнутае нялёгкай працай. Так і залатое вяселле – плён нялёгкага сумеснага жыцця на працягу доўгіх гадоў. Шчаслівая сямейная пара, якая пражыла ў каханні і згодзе 50 гадоў, выклікае пачуцці захаплення і павагі. І бясспрэчна, што такое свята з’яўляецца важным не толькі для саміх юбіляраў, але і для дзяцей, унукаў.
Сям’ю Алены Фёдараўны і Аляксандра Піліпавіча Лунёнкаў можна смела ставіць у прыклад многім. Яны разам ужо 50 гадоў. Такая лічба гаворыць сама за сябе і сведчыць аб вялікім каханні, якое яны пранеслі праз гады. А пачыналася ўсё ў нялёгкія пасляваенныя гады ў Гарбаціцкім сельсавеце ў вёсках Бярозава і Павулле. Яны разам хадзілі ў школу, а пасля яе заканчэння засталіся ў роднай гаспадарцы.
Вайна забрала ў Алены бацьку, і маці рашылася на пераезд, бліжэй да сваёй сястры ў вёску Янова.
Разам працавалі, разам хадзілі на танцы. І, пэўна, сэрца падказала Аляксандру, што гэта яго палавінка. Закахаўся ён у маладую, прыгожую, задорную пявунню і плясунню Алену. Пабаяўся, што могуць апярэдзіць яго сапернікі, і вырашыў не губляць час і засылаць сватоў… Вяселле адбылося ў ліпені 1960-га. А праз год у сям’і папаўненне – нарадзілася дачка Аліна, а яшчэ праз два – сын Пётр. Так склалася, што маладая сям’я рашылася на пераезд у горад Полацк. Там выраслі дзеці, прайшоў увесь працоўны шлях юбіляраў. Аляксандр Піліпавіч працаваў вадзіцелем у Полацкай сельгастэхніцы, за час работы змяніў не адну марку машыны, у якіх добра разбіраўся, трымаў у спраўным стане. Алена Фёдараўна да пенсіі адпрацавала на аўтарамонтным заводзе.
Сумленныя і адказныя адносіны да справы не заставаліся непрыкмечанымі і іх вялікі працоўны шлях адзначаны многімі ўзнагародамі і граматамі.
І пасля выхаду на пенсію не сядзяць гэтыя цудоўныя людзі без справы. Залатыя рукі ў іх, усё цікава і многае яшчэ па плячы. Аляксандр Піліпавіч па-ранейшаму цікавіцца тэхнікай, а Алена Фёдараўна займаецца вязаннем, шыццём, а таксама, як і ў маладосці, любіць спяваць песні.
Іх дом заўсёды быў адчынены для гасцей, суседзяў, знаёмых і, канечне, для дзяцей, унукаў і пакуль яшчэ аднаго праўнука. А зараз яны жывуць у доме сваёй дачкі. Гэтыя людзі дастойна вырасцілі, выхавалі і паставілі на ногі дваіх дзяцей, далі магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю. Дачка Аліна жыве ў нашым гарадскім пасёлку і працуе ў інспекцыі па падатках і зборах, а сын Пётр – у Наваполацку на прадпрыемстве “Нафтан”. Яны ніколі не забываюцца пра сваіх бацькоў, удзячны ім за падтрымку, ласку і любоў, якой яны былі акружаны, нягледзячы на самыя розныя цяжкасці і праблемы. На радасць юбіляраў выраслі і ўнукі – Алена і Сяргей, а таксама праўнук. Яны спадзяюцца, што хопіць здароўя дачакацца яшчэ не аднаго.
І вось у мінулыя выхадныя спраўлялі залатое вяселле Алена Фёдараўна і Аляксандр Піліпавіч Лунёнкі. На іх вяселлі тады не было прыгожа ўбраных машын, мноства кветак, музыкі, ды і такой колькасці гасцей, якія прыйшлі павіншаваць юбіляраў у аддзел загса Ушацкага райвыканкама. На святочнае мерапрыемства сабраліся дзеці, унукі, родныя і знаёмыя гэтай цудоўнай сям’і. Жаночая палавіна не стрымлівала сваіх пачуццяў – шчырых слёз радасці, якія перапаўнялі іх, а таксама шчасця. Працэс урачыстай юбілейнай рэгістрацыі шлюбу, падрыхтаваны начальнікам аддзела загса Ушацкага райвыканкама А.М.Малашчанка, таксама выклікаў у прысутных радасць за гэтых людзей, якія змаглі так дастойна прайсці па жыцці і пранесці тое светлае пачуццё, якое і стала фундаментам стварэння сям’і. Не абышлося на свяце без святочнага торта са свечкамі, і традыцыйнага, асабліва ў апошні час, вясельнага букета, які кідае нявеста жадаючым выйсці замуж, а таксама вясельнага вальса і “Горка!”.
Па традыцыі загса “маладым” быў уручаны юбілейны медаль.
Былі на мерапрыемстве і іншыя прыемныя сюрпрызы. Старшыня Ушацкай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” А.В.Пашковіч уручыла залатым юбілярам падарунак, паколькі яны сталі ўдзельнікамі праекта “Крепкая семья – сильная держава”. А работнікі культуры праспявалі для іх любімыя песні маладосці.
Далей свята юбіляраў працягвалася дома, за святочным сталом разам з роднымі, блізкімі, сябрамі.
В.ПОЛАЗАВА.