О сокращении пустующих домов

Общество

З мэтай скарачэння колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці, для далейшага навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання тэрыторый населеных пунктаў Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 3 лютага 2006 года быў падпісаны Указ №70 “Аб мерах па ўпарадкаванні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі ў сельскай мясцовасці”. Аб асноўных палажэннях Указа і аб тым, як ён рэалізуецца ў нашым раёне, газета “Патрыёт” пастаянна інфармуе сваіх чытачоў. На гэты раз наш суразмоўца — старшыня раённага Савета дэпутатаў А.В.ПАШКОВІЧ.

– У самой назве Указа ўжо закладзена яго канчатковая мэта – зрабіць нашы вёскі больш добраўпарадкаванымі і прыгожымі. А для гэтага Саветам пярвічнага ўзроўню дадзены паўнамоцтвы на знос пустуючых і старых дамоў, якія з іх можна аднесці да гэтай катэгорыі?
– Згодна Указа №70, пустуючыя дамы – гэта тыя, якія знаходзяцца ў прыватнай уласнасці ў сельскай мясцовасці (за выключэннем жылых дамоў аднесеных згодна заканадаўству да катэгорыі службовых жылых памяшканняў) з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі, у адносінах якіх па стане на 1 студзеня кожнага наступнага каляндарнага года маюцца дакладныя звесткі аб тым, што на працягу трох апошніх гадоў асобы, якія маюць права карыстання імі, пражываюць у іх у сукупнасці менш аднаго месяца ў каляндарным годзе, і ў адносінах якіх не прадстаўлены пісьмовыя звесткі аб намерах выкарыстоўваць іх для пражывання. Старыя дамы – гэта тыя, што знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, але ёсць звесткі аб тым, што яны маюць нядбайны выгляд, іх уласнікі на працягу апошняга года не пражываюць там і не прымаюць мер па прывядзенні гэтых дамоў у належны стан. Лічу, што Указ адыграў немалую ролю ў навядзенні парадку на зямлі, а органы мясцовага кіравання і самакіравання прадаўжаюць актыўную работу ў гэтым накірунку. Раённым выканаўчым камітэтам вядзецца рэгістр уліку пустуючых дамоў, якія знаходзяцца ў сельскай мясцовасці.
– Якія дзеянні ўласніка дома, калі ён у ім не пражывае, могуць папярэдзіць уключэнню яго ў рэгістр?
– Уласнікі жылых дамоў з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі, у адносінах якіх ёсць падставы ўключэння ў рэгістр, пры намеры выкарыстоўваць гэтыя дамы падаюць адпаведныя паведамленні ў сельвыканкам па месцы іх знаходжання. У далейшым такія паведамленні падаюцца да сканчэння трохгадовага перыяду, у час якога там пастаянна не пражываюць людзі. Калі ўласнік пустуючага дома не будзе выкарыстоўваць яго для пражывання на працягу трох гадоў запар і не прадаставіць у сельвыканкам пісьмовае паведамленне аб намеры пражываць там, то такія дзеянні будуць лічыцца адмаўленнем ад права ўласнасці на яго. Гэтая норма закладзена ва Указе №70.
– Якія дамы не падлягаюць уключэнню ў рэгістр?
– Тыя, у якіх на працягу апошніх трох гадоў пастаянна не пражываюць уласнікі, калі гэта звязана з іх пераводам на работу ў іншую мясцовасць, знаходжаннем іх на ваеннай службе, у службовай камандзіроўцы, у медыцынскіх установах, на абучэнні ва ўстановах адукацыі, адбываннем пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі, а таксама ў іншых выпадках, вызначаных Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
– Як рэалізуецца Указ №70 на тэрыторыі нашага раёна?
– З моманту дзеяння Указа ў раёне знесена 300 старых дамоў, якія былі непрыгоднымі для эксплуатацыі. У бягучым годзе знесена 16 такіх, на што зрасходавана 9 мільёнаў 444 тысячы рублёў бюджэтных сродкаў. Хачу адзначыць, што найбольш актыўна работа ў гэтым напрамку вядзецца ў Глыбачэнскім сельсавеце, дзе з пачатку года знесена 4 старыя дамы і яшчэ столькі ж плануецца знесці да канца года.
Гутарыла В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *