За звание лучшей медсестры в Ушачской ЦРБ поборолись 5 молодых специалистов

Общество

Прыгожыя, дасведчаныя, актыўныя майстры шпрыца, танометра і  медыцынскіх прэпаратаў сабраліся на мінулым тыдні на раённым конкурсе прафесійнага майстэрства. Уступіць у барацьбу за званне лепшай медыцынскай сястры (брата) не пабаяліся пяцёра маладых прадстаўнікоў Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы.

У дзень конкурсу сярэдняя тэмпература па ўстанове аховы здароўя яўна перавышала норму, а настрой у актавай зале проста зашкальваў – столькі пазітыўных эмоцый, творчасці і крэатыву падарылі гледачам удзельнікі мерапрыемства. Кожнае аддзяленне дэлегіравала сюды самых спрактыкаваных сваіх работнікаў, таму і прайшлі спаборніцтвы надзвычай цікава і відовішчна.

Першым выпрабаваннем стала візітоўка. Медсястра паліклінікі Святлана Стажык, мінулагодняя выпускніца Полацкага медыцынскага каледжа, коратка расказала пра сваё захапленне спортам і сяброў. Цікавую лекцыю аб належным доглядзе за поласцю роту з дэманстрацыяй тэматычных карцінак і прыбораў падрыхтавала зубны фельчар Юлія Жылінская, якая прыехала ва Ушачы год таму пасля заканчэння Аршанскага медкаледжа. Праводзіць вольны час на прыродзе з сябрамі, катацца на веласіпедзе, спяваць любіць ушачанка, медыцынская сястра дзіцячай кансультацыі Анастасія Севярын. Спецыяльнасць “фельчар-акушэр” дзяўчына набыла таксама летась, а яе жыццёвы дэвіз: “Што ні робіцца – усё да лепшага”. Крыху прасцей, напэўна, адчувала сябе на конкурсе Ірына Завадзінец: у яе багажы ўжо тры гады работы на пасадзе медсястры паліклінікі. І хоць час вызначанай адпрацоўкі заканчваецца, развітвацца з любімай бальніцай яна не хоча. Годна вылучаўся ў такой прыгожай дзявочай кампаніі адзіны прадстаўнік моцнай паловы, медбрат працэдурнага кабінета хірургічнага аддзялення бальніцы Уладзіслаў Якубёнак. Ён з дзяцінства хацеў лячыць людзей, хаця і баяўся ўколаў. Сёння ж малады чалавек упэўнены, што няма прафесіі больш важнай і складанай.

У сваіх выступленнях канкурсанты выкарыстоўвалі самыя розныя спосабы зацікавіць гледача – у ход ішлі фота- і відэапрэзентацыі, вершы. Аднак усе пяцёра падкрэслілі самае важнае: яны абралі прафесію медыцынскай сястры (брата) невыпадкова і гатовы свае веды і навыкі прымяняць дзеля выздараўлення пацыентаў.

Аб прафесіяналізме ўдзельнікаў засведчыў і другі этап конкурснай праграмы. Маладыя спецыялісты паказвалі свае веды па тэорыі аказання неадкладнай медыцынскай дапамогі, санітарна-эпідэміялагічнага рэжыму, а пасля дэманстравалі іх на практыцы – упэўнена рабілі ўнутрывенныя і ўнутрымышачныя ін’екцыі, накладвалі на розныя часткі цела пацыентаў (іх ролю выконвалі калегі) павязкі. Пры гэтым улічвалася не толькі якасць праведзенай працэдуры, але і хуткасць.

Па-новаму паглядзець на творчыя здольнасці і ўменні канкурсантаў дапамог заключны этап праграмы – творчае заданне. Выдатным вакалам, уменнем трымацца на сцэне ўразіла прысутных Анастасія. Акрамя таго яна стала мадэллю для дэманстрацыі прычоскі “французская каса на бок” у выкананні яе саперніцы па конкурсе, але сяброўкі па жыцці Ірыны. Астатнія ж удзельнікі зрабілі акцэнт на кулінарыю: Святлана прыгатавала апетытную піццу, Юлія – мядовік з клубніцамі, а Уладзімір – фруктовы пірог.

– На плечы медыцынскіх сясцёр кладзецца значная нагрузка ў барацьбе за жыццё пацыента. Сёння вы прадэманстравалі не толькі выдатныя прафесійныя якасці, але і гумар, творчасць, цікавыя ідэі, –  падводзячы вынікі конкурсу, адзначыла старшыня журы, намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч. – Прыемна было глядзець і на залу, якая  падтрымлівала ўдзельнікаў. Бачна, што ўсе вы – вялікі калектыў аднадумцаў, у якім камфортна працаваць і адпачываць.

Менавіта на Алену Васільеўну легла адказная місія – агучыць імёны пераможцаў. Так, трэцяе месца журы прысудзіла Ю.Жылінскай, другое – У.Якубёнку, першае – А.Севярын. “Прыз глядацкіх сімпатый” ад райкама БРСМ, а дакладней нават два (тайнае галасаванне праходзіла на працягу ўсяго мерапрыемства), дасталіся І.Завадзінец і С.Стажык. Усім ім – апладысменты, дыпломы, кветкі і грашовыя прэміі.

– Калі рыхтаваліся да гэтага конкурсу, перажывалі: ці атрымаецца, як гледачы ўспрымуць удзельнікаў? Цяпер адназначна можна сцвярджаць, што нашы маладыя спецыялісты – не толькі прафесіяналы ў сваёй справе, але і майстры слова, выдумкі, – віншуючы канкурсантаў, адзначыла старшая медыцынская сястра райбальніцы Таццяна Уладзіміраўна Шалак. – Удзячна ім за цярпенне і мужнасць. Добрая змена расце!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

На здымках: падчас практычнага задання; С.Стажык, А.Севярын, У.Якубёнак, Ю.Жылінская, І.Завадзінец.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *