Райский уголок для хозяюшек! В Ушачах открылся новый магазин

Торговля

Харчовых магазінаў ці, скажам, бытавой хіміі і касметыкі ў гарпасёлку хапае, а вось месцаў, у якіх вочы разбягаюцца ад выбару тавараў для дому і кухні, практычна няма. Выправіць сітуацыю і закрыць гэтую нішу вырашыла райспажыўтаварыства. Цяпер ва Ушачах з’явіўся сапраўдны райскі куток для гаспадынь – на месцы, дзе раней размяшчалася дзіцячае кафэ “Усмешка”, адкрыўся спецыялізаваны магазін посуду і тавараў для дому пад назвай “Вісэль” (што ў перакладзе з французскай мовы азначае “посуд”). Сімвалічную чырвоную стужку на новым аб’екце гандлю ў чацвер перарэзалі старшыня праўлення райспажыўтаварыства Л.А.Долгая і намеснік старшыні райвыканкама В.Л.Хамёнак.

Памяшканне прама ў цэнтры Ушач, якое апошнім часам пуставала, набыло новае аблічча пасля рамонту, на які затрацілі 5 тысяч рублёў.  Прадумалі афармленне і размяшчэнне тавараў, а іх тут нямала.  Для таго, каб задаволіць попыт нават самага патрабавальнага пакупніка, ушацкія кааператары на выгадных умовах заключылі дагавор з кампаніяй “ТВК” – найбуйнейшым аператарам на рынку аптовага гандлю посудам і гаспадарчымі таварамі ў краіне. Сёння гэтая кампанія супрацоўнічае як з краінамі СНД, так і з далёкім замежжам. Асартыментная гама тавараў “закрывае” практычна ўсе тыпы посуду. Гэта і класічны эмаліраваны, і сучасны з нержавеючай сталі, алюмініевы і шкляны. Знойдуцца тут і вырабы з пластыку і фарфору, формы для выпечкі, а таксама гаспадарчыя тавары, уборачны інвентар і многае іншае. “У гандлёвай кропцы прадстаўлены вялікі асартымент тавараў узгаданай фірмы. Упэўнены, што кожны знойдзе для сябе рэч па гусце і кашальку”, – адзначае начальнік гандлёвага аддзела райспажыўтаварыства Г.У.Хамёнак.

– Заходзіш – і вочы разбягаюцца. Утульныя гандлёвыя залы, прыгожа і лаканічна выстаўлены тавар. Адразу ўзнікае жаданне ўсё разгледзець і купіць што-небудзь новае сабе ў дом! – сваімі ўражаннямі падзяліліся з намі першыя пакупніцы.

У новым магазіне дзейнічаюць акцыі, скідкі, а таксама ёсць магчымасць набыцця падарункавых сертыфікатаў. Калі вы не ведаеце, які прэзент выбраць, можна даць віноўніку ўрачыстасці магчымасць зрабіць гэта самому, набыўшы сертыфікат. У наяўнасці яны наміналам ад 15 рублёў і вышэй –  па жаданні пакупнікоў. Чакае ж ушачан і гасцей раёна новая гандлёвая кропка з панядзелка па пятніцу з 10 да 18 гадзін з перапынкам на абед з 14 да 15 гадзін і ў суботу з 10 да 15 гадзін.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *