26 июня — День работников прокуратуры

К профессиональному празднику Экономика и малый бизнес

Што сабой уяўляе сучасны пракурор? Некаторыя лічаць, што гэта чалавек-вінцік, чалавек-машына, які безагаворачна выконвае патрабаванні вышэйстаячых і абавязкова – закона, паспяхова “падбівае” статыстычную справаздачнасць. Мне здаецца, што яны памыляюцца. Пракурор – гэта перш за ўсё чалавек, які зберагае вечныя каштоўнасці – справядлівасць, свабоду, незалежнасць, годнасць. Так устроены свет, што побач з гонарам і сумленнем у ім заўсёды будуць існаваць хлусня, пошласць, здрада. І менавіта пракурору належыць прымаць на сябе місію “санацыі грамадства”, перавыхавання і пакарання правапарушальнікаў, падтрымкі пакрыўджаных, абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян.

Усё мае пачатак ад бацькоўскага парога. Тут закладваюцца асновы чалавечай асобы і арыенціры на будучыню. Ці маглі меркаваць Міхаіл Іванавіч і Таццяна Мікалаеўна Падворныя, што іх сын абярэ такую адказную і складаную прафесію – пракурор? А вось перад юнаком пасля заканчэння Ушацкай сярэдняй школы пытанне выбару амаль не стаяла – Максім паступіў на юрыдычны факультэт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, пасля заканчэння якой быў накіраваны ў Чашніцкі раён, дзе працаваў спачатку памочнікам пракурора, затым старшым памочнікам, а потым ужо і намеснікам пракурора.

Маладога, энергічнага, стараннага і ініцыятыўнага работніка адзначыла кіраўніцтва пракуратуры вобласці, і ўжо праз непрацяглы тэрмін Максім Міхайлавіч выконваў абавязкі пракурора вялікага і складанага раёна – Браслаўскага.

Барацьба са злачыннасцю – паўсядзённы, але далёка не адзіны клопат пракурора раёна. Ён павінен, вобразна кажучы, трымаць руку на пульсе жыцця рэгіёну, быць у курсе ўсяго, што адбываецца. Захаванне працоўных, жыллёвых і іншых сацыяльных правоў людзей, заканадаўства аб зваротах грамадзян у арганізацыях і на прадпрыемствах раёна, пытанні захаванасці ўласнасці, абстаноўка з правапарушэннямі – гэтыя і многія іншыя пытанні пастаянна знаходзяцца ў полі зроку пракурора.

Працуючы ў іншых раёнах, Максім Міхайлавіч ніколі не забываў аб сваім родным – Ушацкім. З гэтым блізкім сэр­цу месцам былі звязаны прыемныя ўспаміны дзяцінства і юнацтва, тут жылі і працавалі блізкія людзі, і менавіта на карысць малой радзімы, сваіх землякоў ён заўсёды марыў аддаваць свае сілы і ўменні. Адметна, што і сваю будучую жонку Максім Падворны таксама сустрэў ва Ушачах: пасля заканчэння Наваполацкага музычнага вучылішча Алену накіравалі па размеркаванні ў дзіцячую школу мастацтваў. Натуральна, што атрымаўшы прапанову ўзначаліць пракуратуру Ушацкага раёна, Максім Міхайлавіч ні хвіліны не вагаўся.

Працаголік з вялікай літары, ён шмат часу аддае любімай рабоце, імкнецца паглыбіцца ў кожны дакумент, кожную справу, не ўпусціць ніводнай дэталі. Калі ж выдаюцца рэдкія моманты адпачынку, цалкам прысвячае іх сям’і, выхаванню двух сыноў – таленавітых і кемлівых хлопчыкаў, якія ва ўсім імкнуцца быць падобнымі на тату. Любімы адпачынак Падворных – выезд на прыроду – для галавы сям’і гэта своеасаблівая аддушына, магчымасць абстрагавацца ад напружаных працоўных будняў, атрымаць станоўчыя эмоцыі і сілы для сваёй няпростай працы.

– Я заўсёды кіраваўся прынцыпам: на любой пасадзе нельга ператварацца ў фармаліста, слепа прытрымлівацца інструкцый, а перш за ўсё трэба заставацца чалавекам. За кожнай сітуацыяй – людскія лёсы, нечыя нявырашаныя праблемы і чаканне справядлівасці, – кажа Максім Міхайлавіч.

Ён плоць ад плоці гэтага краю – сціплага, але мілага яго сэр­цу. І не толькі ў сілу прафесійных абавязкаў, а перш за ўсё па загадзе душы, закліку продкаў намагаецца ён, каб тут была моцнай законнасць і надзейным правапарадак. Каб у яго малой радзімы была светлая будучыня. Таму так блізка ўсё прымае да сэрца і, так бы мовіць, на генным узроўні адчувае адказнасць за ўсе надзвычайныя здарэнні і працэсы, што адбываюцца ў раёне.

Н.АВАДНЁВА, памочнік пракурора Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *