“Мой адрас не дом і не вуліца, мой адрас Савецкі Саюз” – гэтыя радкі знакамітага шлягера 70-х на ўрачыстасці леташняга раённага конкурсу па добраўпарадкаванні яго пераможцы па Сарочынскім сельсавеце Сяргей Генадзьевіч і Валянціна Анатольеўна Ляшковы падпявалі з асаблівым імпэтам. Лёс гэтай сям’і звязаны з некалькімі рэспублікамі былога СССР. “Мы з жонкай родам з Урала, у школу я хадзіў ва Узбекістане, пасля вяселля пераехалі ва Украіну, дзе і нарадзіліся нашы дзеці. Ну а ўнукі з’явіліся на свет ужо ў Беларусі”, – распавядае інтернацыянальную гісторыю сям’і гаспадар. Яны з тых, хто не баіцца збочыць з пратаптанай дарожкі, пачаць усё з нуля, каб наблізіцца да сваёй мары, з тых простых працавітых людзей, што прывыклі здабываць усе даброты ўласным мазалём.
Ляшковы заўсёды марылі жыць у сельскай мясцовасці, працаваць на зямлі, гадаваць дзяцей і ўнукаў і не хвалявацца за іх будучае. Ва Украіну ў пачатку 80-х пераехалі найперш з-за добрага клімату. Уладкаваліся ў Нікапалі, атрымалі кватэру і нават пераманілі туды сваіх родных. Але ж у канцы 90-х палітычная нестабільнасць сфарміравала ў пэўнай часткі мясцовых жыхароў насцярожаныя адносіны да ўсходніх суседзяў: гэта прымусіла задумацца пра больш спакойнае і спрыяльнае для жыцця месца. Такім падалася Беларусь, куды яны калісьці наведваліся ў госці да бацькі Сяргея Генадзьевіча, які раней пераехаў у Наваполацк. Як і марылі, пасяліліся ў вёсцы. “Першым месцам, якое прыехалі паглядзець па аб’яве, аказаліся Крыжы. Маленькая ўтульная вёсачка непадалёк ад шашы спадабалася адразу, тут і “кінулі якар”, – расказваюць гаспадары. І вось ужо на працягу 18 год Ляшковы ўладкоўваюць гэты куток ушацкай зямлі, наводзяць прыгажосць не толькі на ўласнай сядзібе, але і ў наваколлі. Амаль усё гэтыя працавітыя і дружныя людзі робяць сваімі рукамі. Нядаўна выкапалі калодзеж – раней насіць ваду даводзілася за 300 метраў, пабудавалі лазню, пераклалі печы (як аказалася, галоўны майстар у гэтай справе – Валянціна Анатольеўна!). Асаблівы каларыт іх сядзібе і ўсёй вясковай вуліцы надае мураваная тэраса. Валуны для яе збіралі па ўсіх навакольных палях, звозілі ў вёску на тачцы, затое зараз кампазіцыя радуе вока ўсіх, хто бывае ў Крыжах. Дзякуючы Ляшковым з’явілася на тутэйшай вуліцы алея з рабінак і клёнаў. Штогод вядуць яны “кругавую абарону” ад баршчэўніку, якому не даюць падабрацца да вёскі. Сёлета, напрыклад, не пашкадавалі 50 рублёў на набыццё гербіцыдаў, пастаянна абкошваюць навакольныя зараснікі, выкопваюць адзінкавыя расліны. “Прыемна, што прыклад Ляшковых натхніў і аднавяскоўцаў, якія апошнім часам таксама ўключыліся ў справу добраўпарадкавання. У вёсцы 11 дамоў, у большасці з якіх пражываюць дачнікі, і амаль усе стараюцца наводзіць парадак на ўчастках, абкошваць пустазелле не толькі на падворках, а і ў грамадскіх месцах”, – расказвае старшыня Сарочынскага сельвыканкама Л.Я.Птушка.
А яшчэ адметна, што гэтыя людзі здолелі прывіць гаспадарлівасць і працавітасць сваім дзецям, кожны з якіх імкнецца любы вольны дзень правесці ў бацькоўскім доме, унесці ўклад у добраўпарадкаванне. Любімая справа старэйшага сына Аляксандра – упрыгожваць сядзібу ўсё новымі дрэўцамі розных парод, вельмі дапамагае тату з мамай па гаспадарцы малодшы Сяргей, які пакуль жыве з імі, а дзякуючы сярэдняму Уладзіміру ля бацькоўскага дома з’явіўся спартыўны гарадок, дзе з задавальненнем бавяць час пяцёра ўнукаў гаспадароў.
Прынамсі, спорт – гэта таксама сямейная справа, якая праславіла іх прозвішча. Маю на ўвазе найперш Насцю Ляшкову – знакамітую беларускую зорку самба і дзюдо, адзінага заслужанага майстра спорту Рэспублікі Беларусь з ліку навучэнцаў Ушацкай ДЮСШ, уладальніцу трох залатых медалёў сусветнага першынства па самба. Пра сваю любімую дачушку тата з мамай гатовы расказваць бясконца. Ад бацькоў даведалася, што пачынала заняткі самба дзяўчынка яшчэ ва Украіне: прыйшла ў секцыю па прыкладзе братоў. І нават пасля пераезду сям’і на Ушаччыну ўкраінская федэрацыя спрабавала ўгаварыць таленавітую юніёрку выступаць пад жоўта-блакітным сцягам. Ды ўсё ж сям’я прыняла іншае рашэнне, і выхаванка трэнера Веры Васільеўны Кілінай вось ужо больш чым паўтара дзясятка год адстойвае гонар Беларусі, здолела вярнуцца ў вялікі спорт пасля нараджэння двух дзяцей! Дарэчы, Насцю ведаюць у твар не толькі землякі і аматары спорту: адну з вуліц беларускай сталіцы ўпрыгожвае білборд, з якога ўсміхаюцца наша прыгажуня-самбістка і яе маленькі сынок, як і мама, апрануты ў кімано. Відаць, наканавана хлопчыку прадоўжыць сямейныя традыцыі, ды і зараз малыш не па ўзросце спрытны, што з гатоўнасцю прадэманстраваў нам на турніках дамашняй спартыўнай пляцоўкі. Да слова, у сваім інтэрв’ю пасля бліскучай перамогі на Міжнародным турніры па самба на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, што праходзіў сёлета ў лютым, Анастасія Архіпава (Ляшкова) сказала наступнае: “У майго старэйшага дзіцяці, сына Ягора, сёння дзень нараджэння, яму споўнілася 6 год. Ён сказаў: “Мамачка, пастарайся!” – я ж не магла яго падвесці!..”
“Днямі Насця паедзе на спаборніцтвы ў Грэцыю, і мы вось таксама сваю лепту ўносім: даглядаем у яе адсутнасць Ягорку і Машу”, – тлумачыць Сяргей Генадзьевіч і дадае, што трансляцыю з турніру яны будуць глядзець усёй сям’ёй. Хоць дзеяслоў “глядзець” у дачыненні да яго самога гучыць алагічна: справа ў тым, што мужчына амаль зусім невідушчы, яго вочы толькі крыху адрозніваюць святло ад цемры. Праблемы са зрокам пачаліся яшчэ ў маладосці, с кожным годам стан пагаршаўся, і зараз Сяргей Генадзьевіч – інвалід І групы. На працягу многіх год яго вачамі і, канечне, надзейным жыццёвым плячом з’яўляецца Валянціна Анатольеўна, якая фактычна цэментуе іх вялікую сям’ю, адказвае за яе дабрабыт. У сваю чаргу муж стараецца жыць паўнацэнна, ва ўсім дапамагаць жонцы і дзецям, актыўна ўдзельнічае ў розных работах па добраўпарадкаванні. Так, напрыклад, асабіста выкладваў шматлікія белыя дарожкі на падворку – як высветлілася, гэта не столькі элемент дэкору, як практычная неабходнасць: іх колер дапамагае мужчыну арыентавацца. “Крыху шкада, што не магу бачыць усё гэта навакольнае хараство, якое мы стараемся прымнажаць, але ж вельмі рады, што маю да яго дачыненне, – прызнаецца галава гэтай цудоўнай ушацкай сям’і. – Іншым жа хачу сказаць: радуйцеся жыццю, напаўняйце яго прыгажосцю і каляровымі фарбамі!”
Наталля БАГДАНОВІЧ.