У лячэбна-працоўныя прафілакторыі трапляюць па адным і тым жа сцэнарыі: выпіў, пахмяліўся, зноў выпіў; адно адміністрацыйнае правапарушэнне, другое, трэцяе; медыцынскі агляд, пацвярджэнне дыягназу “хранічны алкагалізм”, рашэнне суда… і “пуцёўка” на выпраўленне.
На жаль, такі незайздросны шлях у жыцці выбіраюць многія ўшачане. Як нам паведамілі ў райаддзеле міліцыі, сёлета ў ЛПП накіравана ўжо 10 жыхароў раёна (амаль столькі было за ўвесь 2017-ы). У большасці сваёй гэта мужчыны за 40 гадоў, якія нідзе не працуюць, і жанчыны ад 24 да 40, што з’яўляюцца абавязанымі асобамі.
Накіраванне ў лячэбна-працоўны прафілакторый – абмежавальная мера, накіраваная на пераадоленне алкагольнай залежнасці, спосаб абароны правоў грамадзян, якім ствараюць непрыемнасці аматары спіртнога. Прымусовая ізаляцыя мае важную ролю і ў прафілактыцы правапарушэнняў, што ўчыняюць схільныя да злоўжывання алкаголем асобы. Тэрмін знаходжання ў ЛПП складае 12 месяцаў.
Безумоўна, прымусовае лячэнне ад алкагалізму з’яўляецца крайняй мерай, калі вычарпаны ўсе іншыя спосабы адцягнуць хворага ад “хмельнага зелля”.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.